Агляд прэсы: няспраўджаныя надзеі



Ізаляваны Лукашэнка раздражняе нават свайго абаронцу-Пуціна, але на дадзены момант ён у бяспецы. СМІ аналізуюць, чаму крытыка і санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі не заменяць рэальнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканская газета The Sunday Times адзначае, што нягледзячы на міжнародны хор неўхвалення, уключаючы пагрозы санкцый з боку Амерыкі і ЕЗ, Лукашэнка не збіраецца здавацца. На сустрэчы ў гэтыя выхадныя ў паўднёвым расейскім горадзе Сочы прэзідэнт Уладзімір Пуцін, яго галоўны саюзнік і фундатар, аказаў яму цёплы прыём.

«Але колькі яшчэ Лукашэнка зможа пратрымацца? Многае можа праясніцца пасля сустрэчы Пуціна 16 чэрвеня з прэзідэнтам Джо Байдэнам, на парадку дня якой, хутчэй за ўсё, будзе стаяць і Беларусь. Як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні пазіцыі Лукашэнкі ніколі не былі слабейшымі, чым цяпер. Ён нават не спрабуе цяпер апеляваць да насельніцтва, тлумачачы, чаму людзі павінны яму падпарадкоўвацца. Адзінае, што засталося – гэта страх», – падсумоўвае амерыканскае выданне і падкрэслівае, што вырашальную ролю ў выжыванні Лукашэнкі адыгрывае Пуцін.

 

«Мінулым летам ЗША і ЕЗ здзейснілі стратэгічную памылку, няправільна адрэагаваўшы на беспрэцэдэнтныя пратэсты супраць аўтакратычнага рэжыму Лукашэнкі. Зараз, пасля таго як 23 траўня ён здзейсніў акт паветранага пірацтва з мэтай выкрасці апазіцыйнага крытыка, Захад, падобна, мае намер пагоршыць сваю памылку, заганяючы Беларусь глыбей у ветлівыя абдымкі Пуціна», – піша на старонках The Washington Post Джон Болтан, былы дарадца па нацыянальнай бяспецы экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Якая будучыня Беларусі ў цэлым? Беларускія дысыдэнты проста хочуць пакласці канец рэжыму Лукашэнкі, не прымаючы ў разлік геапалітычны асяродак, у якім існуе Беларусь. Калі гэта так, то гэта кранальна – і небяспечна, наіўна. Ніхто ў Маскве, асабліва Пуцін, не бачыць у лёсе Беларусі нічога, акрамя як шчыльнай сувязі з Расеяй», – сцвярджаецца ў артыкуле.

The Washington Post дапушчае, што адзін з падыходаў – «распрацаваць шлях на выхад для Лукашэнкі». «У патрэбны момант яму можа здацца прывабным забяспечыць сабе і некалькіх абраных паслядоўнікаў у якім-небудзь добра наладжаным месцы. Але гэта запатрабуе складанага планавання, асабліва ў дадзеным выпадку. Некаторыя могуць паморшчыцца пры думцы аб адсутнасці пакарання для Лукашэнкі, але іншыя былыя камуністычныя краіны вырашылі, што погляд у будучыню пераважвае над поглядам назад, калі стратэгія пераследуецца любой цаной. Нешта падобнае зрабіла Паўднёвая Афрыка Нэльсана Мандэлы, ужыўшы постапартэідную палітыку ісціны і прымірэння. Відавочна, што санкцыі і разавыя выказванні незадаволенасці Лукашэнкам не зменяць ані яго паводзін, ані рэжыму. Яны проста загоняць яго глыбей у абдымкі Пуціна, калі ёсць рызыка страціць усю Беларусь, па сутнасці, назаўсёды», – прыходзіць да высновы амерыканскае выданне.

 

«Расея хацела пафранціць перад усім светам сваёй вакцынай ад каронавірусу. Але цяпер запанавала расчараванне. Нават у самой краіне вакцынацыя праходзіць павольна», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

Замову на «Спадарожнік V» аформілі 45 дзяржаў. Пры гэтым палова заказаў прыпадае на чатыры краіны: Турцыю, Мексіку, Аргенціну і Венесуэлу. Аднак на сёння выканана толькі малая частка гэтых замоў.

«Іншыя дзяржавы атрымалі толькі сімвалічныя пастаўкі – гэта, напрыклад, цесна звязаныя з Расеяй Іран ці Венесуэла. Праблема Расеі ў недахопе вытворчых магутнасцяў. Вытворчасць «Спадарожніка V» была адкрыта таксама ў Беларусі і Казахстане, аднак вытворчая магутнасць казахстанскіх і беларускіх заводаў невялікая», – гаворыцца ў артыкуле.

Нямецкае выданне падкрэслівае, што праблемы з экспартам пагаршаюцца маштабнымі праблемамі з рэпутацыяй. У Славакіі і Бразіліі пасля паставак «Спадарожніка» адбыліся скандалы. Прэпарат не адпавядаў сертыфікаваным узорам. Масква адрэагавала раздражнёна і прыстрашыла судовым пазовам.

«Але і ў самой Расеі давер да «Спадарожніку V » імкліва падае. Крыху менш за 11% расейцаў прышчэплены ад каронавірусу маскоўскай вакцынай. Нават супрацоўнікі заводаў, якія вырабляюць вакцыны, не прышчапляюцца імі», – цытуе расейскіх інсайдэраў выданне Handelsblatt.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя