Агляд прэсы: нязручныя пытанні ў зручны час
Асаблівасці беларуска-украінскай дыпламатыі. Габрэі як індыкатар спеласці грамадства. Ці ёсць у Пуціна душа? Венгерская COVID-ашчаднасць. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Украінская газета Вести задалася пытаннем: «Хто павіншаваў Уладзіміра Зяленскага з днём нараджэння?» Аўтар матэрыялу Тарас Козуб заўважае, што гэтага не зрабілі не толькі лідэры ЗША і ЕЗ, але і Лукашэнка. Безумоўна, звычай віншаваць адзін аднаго ў лідараў краін звязаны з асабістымі адносінамі і агульнай гісторыяй віншаванняў між краінамі. «Калі год таму Аляксандр Лукашэнка віншаваў Зяленскага з днём нараджэння, то у гэты раз на сайце прэзідэнта Беларусі ёсць толькі афіцыйныя спачуванні ў сувязі з трагедыяй у Харкаве, дзе згарэў дом састарэлых», – піша ўкраінскае выданне ў пошуках нефармальных палітычных знакаў.
Брытанскі часопіс The Spectator да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту піша пра нязручную праўду аб руху Black Lives Matter, Малькальме Іксе і антысемітызме.
Аўтар Джэйк Уоліс Сайманс звяртаецца да ўдзельнікаў руху Black Lives Matter, каб яны ўспомнілі словы Марціна Лютара Кінга, які патрабаваў ад амерыканцаў спагады ў адносінах да габрэяў. Вядома, што падчас пратэстаў у Лос-Анджэлесе ў сувязі з забойствам Джорджа Флойда знішчаліся габрэйскія крамы, на сінагогах з’явіліся графіці «Свабоду Палестыне», а помнік шведскаму дыпламату, які ратавў венгерскіх габрэяў ад нацыстаў, быў знявечаны антысеміцкімі лозунгамі. «Гісторыя навучыла нас: калі хочаш даведацца сутнасць чалавека, паглядзі, як ён ставіцца да габрэяў. З момантаў забойства доктара Кінга і Малкольма Ікса прайшло ўжо амаль шэсць дзесяцігоддзяў. Зараз яны сталі натхняльнай сілай супрацьстаяння масаў, якія змагаюцца за душу заходняй культуры. Калі адныя дамагаюцца паслаблення расавых трэнняў, другія спрабуюць фарсіраваць агрэсіўнае дамінаванне прыгнечанай супольнасці. Зыход гэтага супрацьстаяння і будзе фармаваць грамадства на дзясяткі гадоў наперад», – папярэджвае брытанскі часопіс.
Газета Саудаўскай Аравіі Asharq Al-Awsat размясціла матэрыял пад назвай: “Масква, Вашынгтон і будучая напружанасць”. На думку аўтара Мустафы Фахаса, планы ЗША, накіраваныя на падрыў Расеі, гэта стратэгічная неабходнасць у межах падрыхтоўкі Захаду да супрацьстаяння з Кітаем.
“Крэмль выдатна разумее, што ў бліжэйшыя гады яму трэба будзе сутыкнуцца з адміністрацыяй ЗША, стратэгія якой блізкая да перыяду халоднай вайны. Масква ўпэўненая, што Байдэн не мяняў сваё ўяўленне пра Расею з тых часоў, як ён упершыню наведаў краіну ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і сустрэўся з прадстаўнікамі вышэйшага савецкага кіраўніцтва. Падчас яго апошняга візіту ў Расею была адзначана адсутнасць хіміі паміж двума лідэрамі, а напрыканцы сустрэчы Байдэн нават сказаў Пуціну: «Я гляджу вам у вочы і думаю, што ў вас няма душы», – прыводзіць цытату саудаўскае выданне.
Нягледзячы на жорсткія дэбаты з вытворцамі вакцын з нагоды затрымак з пастаўкамі, Еўропа не разглядае ў якасці магчымай альтэрнатывы закупкі вакцыны ў Расеі ці Кітаі. Тым не менш, Венгрыя ўжо закупіла два мільёны дозаў расейскага прэпарату Sputnik V і ў экстраным парадку выдала дазвол на яго прымяненне. Яшчэ раней Турцыя зрабіла выбар на карысць кітайскай вакцыны пад назвай Coronavac. Ці робяць Венгрыя і Турцыя правільна, разважае чэшская газета Deník і не бачыць сэнсу ў стратэгіі Будапешта.
Аўтар матэрыялу Любаш Палата ўпэўнены, што дозы вакцыны, заказаныя Еўрасазвязам, дойдуць ў Венгрыю хутчэй, чым расейскі прэпарат. Бо нават у самой Расеі з пастаўкамі маюцца праблемы, прышчэпленымі з’яўляюцца менш за 1 працэнт усяго насельніцтва краіны.
«У такіх краінах, як Егіпет, Бразілія, Індыя ці Казахстан, з якімі Расея падпісала дагаворы на маштабныя пастаўкі прэпарату, вакцынацыя збольшага так і не пачалася. Адзіны довад на карысць рашэння Венгрыі – гэта цана: расейская вакцына значна танней за прадукты ад Pfizer / BioNTech», – гіранізуе чэшскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя