Агляд прэсы: па-за межамі



Чаму Беларусь заслугоўвае жорсткага пакарання? Намібія як калонія Германіі. СМІ разважаюць, ці атрымаецца адсачыць махінацыі са сродкамі ЕЗ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне The Atlantic аналізуе інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair і затрыманнем Рамана Пратасевіча. Да гэтага выданне падштурхнуў беларускі тэлеканал АНТ, які апублікаваў сваё відэарасследаванне з нагоды сітуацыі вакол пасадкі рэйсу. «Любы дыктатар у свеце цяпер можа спакойна арыштаваць каго ўздумаецца, нават замежных палітыкаў, і гэта не будзе парушэннем. Беларускі скандал адбыўся законна і навідавоку. У гэтым і заключаецца ўся праблема для ЕЗ і іншых бакоў: ім трэба пакараць краіну, якая абыйшла правілы, але неабавязкова іх парушыла. Ізаляцыя беларускай паветранай прасторы падыходзіць для гэтага. Але з іншага боку, Беларусь схапіла Пратасевіча. І іншыя краіны зараз таксама могуць пачаць саджаць самалёты, каб арыштоўваць сваіх ворагаў. І імі могуць быць не толькі ўласныя грамадзяне-уцекачы», – піша The Atlantic.

Амерыканскае выданне называе яшчэ адну прычыну, чаму ўчынак Беларусі заслугоўвае жорсткага пакарання: «Расея – вялікая краіна. І многія рэйсы праходзяць праз яе паветраную прастору. Беларуская хітрасць дае Пуціну рэцэпт, як можна арыштаваць амерыканцаў, якіх ён лічыць ворагамі. Ва ўсякім выпадку, свет змяніўся – і не да лепшага”.

 

Нямеччына прызнала, што масавае вынішчэньне плямёнаў герэра і нама, якое мела месца з 1904 года ў калоніі былой кайзераўскай Германіі, Германскай Паўднёва-Заходняй Афрыцы, было генацыдам. Таму Берлін мае намер выплаціць Намібіі 1,1 мільярды эўра на працягу наступных 30 гадоў. Аднак аформлены гэтыя выплаты не як кампенсацыя за здзяйсненне злачынства, а як «дапамога ў мэтах развіцця» на рэалізацыю праектаў у інфраструктуры і адукацыі.

Той факт, што Германія не мае намеру выплачваць кампенсацыі нашчадкам ахвяр генацыду, а збіраецца ўсяго толькі аказаць краіне «дапамогу ў мэтах развіцця», выклікае абурэнне ў намібійскай газеты New Era.

«У каланіяльныя часы афрыканцы лічыліся «варварамі», у якіх нібыта адсутнічаюць здольнасці да эканамічных і тэхналагічных дасягненняў, што, на думку каланізатараў, апраўдвала ўварванне каланіяльных дзяржаваў. Падобныя гледжанні вызначалі тое, якім чынам Захад ўспрымаў і ўяўляў Афрыку ў мінулым, а адгалоскі гэтых поглядаў можна знайсці і сёння. «Дапамога ў мэтах развіцця» можа мець характар гэтакага апякунства, і такім чынам падтрымліваць звыклыя няроўныя адносіны. Калі падобная дапамога разглядаецца як альтэрнатыва выплаце кампенсацый, ды яшчэ з меншымі прававымі наступствамі, то тым самым ніяк не ставяцца пад сумнеў адносіны, якія ў свой час і зрабілі магчымым генацыд», – адзначае намібійскае выданне.

 

Прадухіленне махлярства, крадзяжоў і карупцыі ў сувязі з атрыманнем сродкаў з фондаў ЕЗ – такая задача стаіць перад Еўрапейскай пракуратурай, якая пачала сваю працу. Кіраўніком ведамства, размешчанага ў Люксембургу, стала румынка Лаура Кодруца Кёвэшы, якая вядомая ў сябе ў краіне як непрымірымая барацьбітка з карупцыяй. Некаторыя краіны ЕЗ, тым не менш, не жадаюць паступацца сваім суверэнітэтам у дадзенай вобласці.

Таму не дзіва, што нямецкая газета Neue Zürcher Zeitung крытыкуе той факт, што не ўсе краіны-члены ЕЗ пагадзіліся ўдзельнічаць у працы Еўрапейскай пракуратуры.

«Гэта сумна, а ў выпадку Венгрыі і Польшчы да таго ж і вельмі праблематычна. Паколькі абедзве гэтыя краіны ўваходзяць у лік дзяржаваў, якія атрымліваюць нашмат больш сродкаў ад ЕЗ, чым самі ўносяць у агульны кацёл. Выснова, якую мусіць зрабіць прадстаўнікі еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў у Брусэлі, заключаецца ў тым, што пераводзіць буйныя сумы грошай варта толькі тым краінам, якія актыўна садзейнічаюць кантролю за іх выкарыстаннем. Аргумент краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што, маўляў, наднацыянальная пракуратура будзе занадта моцна ўмешвацца ў іх суверэнітэт, не мае пад сабой ніякіх падстаў. Той, чыйго суверэнітэту хапае на тое, каб атрымліваць значныя сумы ад іншых, павінен змірыцца з тым, што тыя будуць зазіраць у яго бухгалтэрыю», – падкрэслівае нямецкае выданне.

 

Амерыканскі навуковы часопіс Science разважае, навошта НАСА запускае два апараты для даследавання Венеры. «Венера больш чакаць не можа. НАСА адправіць да гэтай распаленай зямной суседкі два новых беспілотныя апараты. Дзве місіі абыдуцца прыкладна ў мільярд даляраў і стануць першым з пачатку 1990-х гадоў візітам НАСА на гэтую планету. За гэты ж час суседні Марс прыняў мноства робатызаваных візіцёраў. Чакаецца, што абодва палёты адбудуцца да канца гэтага дзесяцігоддзя», – паведамляе амерыканскае выданне.

Science падкрэслівае, што аналіз ізатопаў інэртных газаў у атмасферы Венеры дапаможа зразумець, ці было на Венеры ў самым пачатку столькі ж вады, колькі на Зямлі, і ці можа гэтая вада, якая з’яўляецца змазкай для тэктанічных пліт, да гэтага часу знаходзіцца ўсярэдзіне гэтай планеты. Аналіз складу грунта і скальных парод дапамогуць вызначыць, ці з’яўляюцца невялікія ўзвышшы на паверхні Венеры рэшткамі кантынентаў.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя