Агляд прэсы: Пачатак канца
Беларусь і не толькі – калі правілаў няма. Ізраіль у стане вайны. Нобелеўская прэмія міру прысуджана Наргіз Махамадзі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларусі сышло з рук прымусовае прызямленне ірландскага самалёта ў Менску, а затым выкраданне аднаго з грамадзян, якія знаходзіліся на борце. Расея арганізавала забойствы сваіх грамадзянаў у Лёндане, Вашынгтоне і Берліне», – піша амерыканскае выданне The Atlantic.
«Джордж Буш патураў допытам і катаванням падчас вайны з тэрарызмам. Барак Абама абвінаваціў сірыйцаў ва ўжыванні хімічнай зброі, але не зрабіў нічога, каб спыніць іх. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху патураў самым экстрэмальным галасам у ізраільскай палітыцы, у тым ліку палітычным дзеячам, якія відавочна імкнуцца падарваць незалежную судовую сістэму Ізраіля. Указваючы, што ізраільцяне таксама беспакарана забівалі палестынскіх грамадзянскіх асоб і цяпер будуць рабіць гэта зноў, мы не апраўдваем тое, што адбылося ў суботу, а проста апісваем уклад Ізраіля ў пагаршэнне захаваных норм. Дадайце да гэтага Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, якая цяпер, здаецца, загадзя запраграмавана прызначаць слабых лідараў, ды Еўрапейскі Звяз, які ўсё яшчэ не мае выразнай палітыкі бяспекі, і вы пачнеце бачыць больш шырокую карціну: мы рухаемся ў эпоху, калі няма парадку, на аснове правілаў ці ўвогуле чаго-небудзь. Кракадзілавыя слёзы дзяржаўных мужоў, якія выказвалі «глыбокую заклапочанасць», калі іх невыкананыя правілы парушаліся, часта былі невыноснымі. У суботу намеснік міністра абароны Расеі парадыраваў такія размовы, калі заклікаў да «міру» паміж Ізраілем і ХАМАС на аснове «прызнаных пагадненняў», быццам Расея прымае любыя «прызнаныя пагадненні» ў якасці асновы для «міру» ва Украіне.
Пакуль усе чакаюць, што ЗША адыграе пэўную ролю ў вырашэнні кожнага канфлікту – мы можам прапусціць Жэнеўскія канвенцыі, калі яны знікнуць. Адкрытая жорсткасць зноў стала адзначацца ў міжнародных канфліктах, і можа прайсці шмат часу, перш чым нешта прыйдзе на змену ёй», – папярэджвае амерыканскае выданне.
У суботу раніцай радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС ажыццявіў масіраваны ракетны абстрэл Ізраіля з сектара Газа. Адначасова з гэтым палестынскія баевікі праніклі ў прымежныя ізраільскія населеныя пункты і забілі сотні ізраільцян; больш за сто чалавек узяты ў заложнікі. Паводле паведамленняў ізраільскага боку, ХАМАС працягвае ракетныя абстрэлы. Ізраільскія сілы наносяць удары па цэлях у Газе. «Доўгатэрміновай стратэгіі, якая абяцае вырашэнне канфлікту, у Нетаньяху няма», – такі каментар лонданскай газеты Financial Times.
«У цяперашняй атмасферы смутку і гневу, які ахапіў Ізраіль, урад непазбежна вырашыцца на жорсткую ваенную рэакцыю. Аднак у яго няма ніякага бачання, якое б выходзіла за межы ліквідацыі лідараў ХАМАС. Цяжка ўявіць сабе, што ў доўгатэрміновай перспектыве Ізраіль пагодзіцца на далейшае знаходжанне сектара Газа пад кантролем ХАМАС. Шок і лютасць, якія назіраюцца ў Ізраілі, нагадваюць эмацыйную атмасферу ў ЗША пасля падзей 11 верасня 2001 года. Тады Амерыка згуртавалася і прадэманстравала сваю моц. Гэта таксама прывяло да «вайны супраць тэрору», якая працягнулася дзесяцігоддзе і якую многія амерыканцы сёння лічаць памылковай і самаразбуральнай. Не выключана, што Ізраіль абярэ такі ж небяспечны шлях», – наракае брытанскае выданне.
Сёлета Нобелеўская прэмія міру прысуджана іранскай праваабаронцы Наргіз Махамадзі, якая знаходзіцца ў зняволенні. Падчас масавых пратэстаў супраць тэгеранскага рэжыму ў 2022 годзе іранка, якой на сённяшні дзень споўніўся 51 год, вяла рэпартажы з сумна вядомай турмы Эвін пра катаванні і сэксуальны гвалт над арыштаванымі жанчынамі. Парыжская газета Libération не разлічвае на хуткае вызваленне Махамадзі.
«Наргіз Махамадзі адбывае амаль адзінаццацігадовы тэрмін у сумна вядомай турме Эвін на поўнач ад Тэгерана. Яе жыццё праходзіць пад знакам арыштаў, пагроз і допытаў з боку іранскіх спецслужбаў, і яна, на жаль, не можа спадзявацца на тое, што прэмія паскорыць яе вызваленне. Мінулагодні лаўрэат Алесь Бяляцкі, ключавая фігура дэмакратычнага руху ў Беларусі, да гэтага часу знаходзіцца ў турме ў Беларусі; кітайскі дысідэнт Лю Сяабо, лаўрэат 2010 года, памёр у турме ў 2017 годзе. Можна было б яшчэ доўга пералічваць імёны ў гэтым спісе. Гэтыя героі і гераіні змагаюцца не за сябе, а за лёс свайго народа і ўсіх прыгнечаных», – адзначае французскае выданне.
Чэмпіянат свету па футболе сярод мужчын у 2030 годзе пройдзе адначасова ў шасці краінах на трох кантынентах. Рашэннем ФІФА права на правядзенне большасці матчаў атрымалі Гішпанія, Партугалія і Марока. Адкрыццё чэмпіянату пройдзе ва Уругваі, а частка гульняў пройдзе ў Аргенціне і Парагваі. «Праводзіць гульні чэмпіянату свету на трох кантынентах не мае роўна ніякага сэнсу», – абураецца ідэяй арганізатараў лонданская газета The Sun.
«Ну і што, што заўзятарам, якія жадаюць на свае вочы паназіраць за матчамі, якія на гэты раз будуць праходзіць у розных кутках планеты, прыйдзецца для гэтага закласці ў ламбардзе сваю душу? Ну і што, што гульцам давядзецца гуляць, не высыпаючыся ад бясконцых пералётаў? А як наконт планеты? Якога пункту гледжання б вы ні прытрымліваліся па пытанні змены клімату, усе мы напэўна сыдземся ў тым, што цяпер не самы лепшы час прасоўваць ідэю забаўляльных авіяпералётаў у маштабах, не бачаных яшчэ ні на адным спартыўным мерапрыемстве», – наракае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя