Агляд прэсы: Пад пагрозай ізаляцыі



Супраціў Лукашэнкі спробам Крамля паглынуць Беларусь слабее. Вытворчасць танкаў ва Украіне плануецца пачаць у 2024 годзе. У Нідэрландах адкладаюць кааліцыйныя перамовы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Крэмль працягвае марудную стратэгічную спробу паглынуць Беларусь праз структуры Саюзнай дзяржавы. Як паведаміў ва ўласным выданні Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW), на днях Мінэканамразвіцця Расеі і Мінэканомікі РФ узгаднілі новы пакет саюзных інтэграцыйных мерапрыемстваў на 2024-2026 гады, накіраваных на актывізацыю намаганняў Крамля паглынуць Беларусь.

«Прэзідэнты Расеі Уладзімер Пуцін і самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, хутчэй за ўсё, падпішуць інтэграцыйны пакет падчас найбліжэйшага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Раней Лукашэнка супраціўляўся намаганням Крамля па далейшай інтэграцыі Беларусі ў Саюзную дзяржаву. Але смерць Яўгена Прыгожына і зрыў пагаднення паміж Пуціным, Прыгожыным і Лукашэнкам ад 24 чэрвеня 2023 года, якое давала «Вагнеру» прытулак у Беларусі, хутчэй за ўсё, аслабілі здольнасць Лукашэнкі супрацьстаяць далейшым дзеянням», — мяркуе амерыканскае выданне.

Орбан любіць заяўляць, што Венгрыя не мае дачынення да паставак зброі Украіне. А вось старшыня праўлення нямецкага канцэрна Rheinmetall Армін Паппергер нядаўна адзначыў, што Украіна атрымае бронетранспарцёры Lynx, якія вырабляюцца на заводах нямецкага абароннага гіганта ў Германіі і Венгрыі. «Серыйную вытворчасць гэтай тэхнікі ўжо наладзілі на заводзе ў Венгрыі. Там працуюць вугорцы, а сама вытворчасць разлічана на Украіну», – паведамляе нямецкая газета Wiwo.de.

„У перспектыве бронетранспарцёры Lynx будуць вырабляць на заводзе Rheinmetall ва Украіне. На гэтым жа заводзе будуць вырабляць і бронетранспарцёры Fuchs, якія Узброеныя сілы Украіны атрымаюць напрыканцы лета наступнага года. Papperger тлумачыць незвычайна кароткі час выканання тым, што супрацоўніцтва развівалася добра. Rheinmetall ужо з’яўляецца найбуйнейшым абаронна-прамысловым партнёрам Украіны. У 2022 годзе група атрымала заказы на суму каля 900 мільёнаў еўра, а ў 2023 годзе аб’ём заказаў вырас прыкладна да двух з паловай мільярдаў еўра. І ў наступным годзе іх напэўна будзе больш. У Венгрыі ўжо вядзецца серыйная вытворчасць Lynx. Акрамя таго, бронетэхніка абслугоўваецца ва Украіне, для гэтага ў Германіі падрыхтаваны кваліфікаваныя рабочыя з Украіны», – адзначае нямецкае выданне.

Перамовы па фармаванні новага ўрада ў Нідэрландах адкладаюцца. Дзве ключавыя партыі адмовіліся супрацоўнічаць з ультраправай „Партыяй свабоды” і ягоным лідэрам. «Вілдэрс на пасадзе прэм’ера ператворыць Нідэрланды ў ізгоя на міжнароднай арэне», – такі прагноз дае амстэрдамская газета NRC.

«Ні адзін кіраўнік еўрапейскага ўрада не хоча, каб яго бачылі побач з вядомым крытыкам ісламу, падбухторшчыкам спакою і чалавекам, які забараняе Каран. Дзверы ў Белы дом, пры ўмове, што яго кіраўніком застанецца Байдэн, таксама будзе для яго зачынена. Гэта азначала б канец абмену думкамі на ўзроўні палітыкаў з Берлінам, Парыжам і іншымі сталіцамі. А гэта толькі на шкоду, бо ўсё больш і больш еўрапейскіх і міжнародных рашэнняў прымаецца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Старанна наладжаная сувязь даверу з такімі важнымі калегамі, як Меркель і Макрон, зрабілі Марка Рутэ эфектыўным прадстаўніком інтарэсаў Нідэрландаў у Еўрапейскай радзе. А Вілдэрс марнеў бы, седзячы ўбаку», – піша нідэрландскае выданне.

Амерыканская газета New York Times адзначае, што ізраільскія спецслужбы яшчэ за год нападу ХАМАСа на Ізраіль атрымалі падрабязную інфармацыю аб планах тэрарыстаў. Дадзеная інфармацыя была, аднак, праігнараваная, бо ў Іерусаліме былі перакананыя, што ХАМАС не ў стане правесці такую складаную і амбіцыйную аперацыю.

«Дакументы, электронныя лісты і інтэрв’ю паказваюць, што ізраільскія афіцыйныя асобы атрымалі баявы план ХАМАС для тэрарыстычнай атакі 7 кастрычніка больш чым за год да таго, як яна адбылася. Але прадстаўнікі ізраільскай арміі і выведкі адхілілі гэты план як імкненне, палічыўшы яго занадта цяжкім для выканання ХАМАС. У прыблізна 40-старонкавым дакуменце, якому ізраільскія ўлады далі кодавую назву «Ерыхонская сцяна», пункт за пунктам апісваў менавіта тое разбуральнае ўварванне, якое прывяло да гібелі каля 1200 чалавек. У перакладзе дакумента, з якім азнаёмілася The New York Times, не ўказвалася дата атакі, але апісваўся метадычны штурм, накіраваны на разгром умацаванняў вакол сектара Газа, захоп ізраільскіх гарадоў і штурм ключавых ваенных баз, у тым ліку дывізіі штаба», – піша амерыканскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя