Агляд прэсы: Пад знакам бяды
Пасля мецяжу: што чакае вагнераўцаў? Швецыя плануе адмяніць выплаты для шматдзетных сем’яў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«У ноч з суботы на нядзелю на амбасаду Беларусі ў Гаазе (Нідэрланды) быў здзейснены напад: у ёй выбітыя тры вокны, на сценах напісаны лозунгі», – на першай паласе піша азэрбайджанская газета AZERNEWS са спасылкай на галандскія СМІ.
«На месцы злачынства ў якасці падазраванага быў затрыманы 31-гадовы мужчына. На фотаздымках бачна, што на будынку намаляваныя чырвона-чорныя графіці, у тым ліку надпісы «Жыве Беларусь!», «Жыве вечна!» і «Лука — тэрарыст». Мабыць, гаворка ідзе пра прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Дэпутат нідэрландскага парламента Сіерд Сіердсма асудзіў такія дзеянні ў сваім Twitter. «Як бы вы справядліва не злаваліся на рэжым Беларусі, Расеі ці іншых краін, не нападайце на іх амбасады і рэзідэнцыі». На думку палітыка, гэта павялічвае няўпэўненасць галандскіх дыпламатаў за мяжой: «Вы нікому не дапамагаеце і робіце нашых дыпламатаў у гэтых краінах у менш бяспечных варунках», – цытуе дэпутата азэрбайджанскае выданне.
Калі на мінулых выходных найміты ПВК Вагнер рушылі з захопленага імі Растова-на-Доне маршам на Маскву, Уладзімір Пуцін загаварыў аб здрадзе і немінучым пакаранні. І глядзіце: паход на сталіцу быў перапынены, а Прыгожын і яго баевікі атрымалі ад Пуціна абяцанне не пераследваць іх па законе! Прэса разважае над тым, чым усё гэта абернецца ў далейшым для саміх вагнераўцаў, а таксама для расейскага войска. «Расейскія салдаты могуць у любы момант рушыць услед да прыкладу вагнераўцаў», – піша венгерскі партал hvg.
«Так, такі марш магла б пачаць любая брыгада рэгулярнай арміі. Нават так: такое можа адбывацца кожны тыдзень: у гэтую суботу на Маскву можа пайсці адна брыгада, а ў наступную – другая. Над іх галовамі навіс «дамоклаў меч» украінскага контрнаступлення, і не варта меркаваць, быццам раскіданыя расейцы, якія закапаліся ў сваіх акопах, напоўнены аптымізмам. Яны разумеюць, што ім трэба памерці. Але шлях у напрамку Масквы – вольны! Салдаты ўбачылі, што ніякага супраціву не будзе. Пытанне толькі ў тым, у якой ступені яны ўсведамляюць, што на фронце іх чакае толькі гібель», – задаецца пытаннем венгерскае выданне.
Урад Швецыі мае намер перагледзець сістэму выплат дапамог на дзяцей і адмяніць дадатковыя бонусы для шматдзетных сем’яў. Папярэднія правілы прадугледжваюць выплаты ў памеры 1250 крон (каля 105 еўра) у месяц на першае дзіця, а з кожным наступным дзіцём памер дапамогі павялічваецца: сям’я з сямю дзецьмі ў сярэднім атрымлівае каля 172 еўра на кожнага. Як дэманструе статыстыка, ад гэтых правілаў выйграюць у першую чаргу сем’і мігрантаў. Прэса вітае ініцыятыву, адзначаючы, што яна адпавядае духу раўнапраўя і інтэграцыі. «Шматдзетныя сем’і – неабавязкова плюс для грамадства», – адзначае шведская газета Göteborgs-Posten.
«Дзяржава, гэта значыць падаткаплацельшчык, не зацікаўлена ў тым, каб у сем’ях нараджалася сем ці восем дзяцей замест двух ці трох. У такім выпадку ў наяўнасці, хутчэй, нагрузка на эканоміку, паколькі жанчына аказваецца сама меней на дзесяцігоддзе адарванай ад рынку працы. А калі сям’я пражывае ў сціснутых умовах і не прыглядае за сваімі атожылкамі падлеткавага ўзросту, то гэта можа абярнуцца адмоўнымі сацыяльнымі, а значыць, і эканамічнымі наступствамі. Калі чалавек жадае завесці вялікую сям’ю, то ў яго ёсць на гэта поўнае права. Аднак парам, якія плануюць шматлікае нашчадства, і сем’ям, якія прыязджаюць у Швецыю, павінна быць ясна, што гэтую мару яны павінны фінансаваць самі», – падкрэслівае шведскае выданне.
28 чэрвеня 1969 года прадстаўнікі руху, які мы сёння называем ЛГБТКІ+, упершыню далі дзейсны адпор паліцыі, якая рэгулярна абрушвалася з рэйдамі на бар Стоўнвал-Ін на Крыстафер-стрыт у Нью-Ёрку. Падзея паклала пачатак шырокім акцыям пратэсту і дэманстрацыям з патрабаваннем спынення пераследу гей-супольнасці. З таго часу склалася традыцыя правядзення ў чэрвені месяцы штогадовых парадаў гонару, які прайшоў днямі і на цэнтральным прашпекце Вільні. «Дзяржаўныя ведамствы павінны адназначна падтрымліваць месяц гонару, і ніякіх сумневаў тут быць не павінна!»,- падкрэслівае гішпанская газета El País.
«У часы франкісцкай дыктатуры да прадстаўнікоў гомасэксуальнай супольнасці прымяняліся законы, створаныя для барацьбы з валацугамі і ашуканцамі. Прадстаўнікі супольнасці нярэдка адпраўляліся ў турмы, канцэнтрацыйныя лагеры і дамы вар’ятаў. Да іх прымяняліся катаванні, іх прыніжалі і асуджалі. Прыняты ў лютым закон аб трансгендэрах – гэта сапраўдны крок наперад. Гомасэксуальная супольнасць па-ранейшаму знаходзіцца ў небяспецы. Гэта відаць хаця б па тым, што некаторыя гішпанскія ведамствы знялі з флагштокаў вясёлкавыя сцягі. І гэта – небяспечны жэст. Законы хоць неяк высвецілі суполку ЛГБТІК+. У падобным маюць патрэбу і іншыя групы насельніцтва, якія па-ранейшаму застаюцца нябачнымі. Барацьба, якую вядуць ЛГБТІК+, павінна паслужыць ім узорам для пераймання», – заклікае гішпанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя