Агляд прэсы: “падарунак» для суседа
Лукашэнка адмаўляецца ад суверэнітэту Беларусі? Талібан і грашовае пытанне. Наколькі моцныя амерыкана-ўкраінскія адносіны? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскі часопіс The National Interest сочыць за тым, як Лукашэнка рашуча спрабуе абвергнуць аргументы аб тым, што фармалізацыя дарожных карт звяжа Беларусі рукі. Аднак час сустрэчы, якая адбудзецца за адзін дзень да вучэнняў «Захад -2021», падчас якіх на тэрыторыі Беларусі будуць дзейнічаць расейскія вайскоўцы, стварае ўражанне саступкі, зробленай пад прыцэлам.
«На мінулым тыдні Расея прадэманстравала сусветнай аўдыторыі свае апошнія навінкі ў ваеннай тэхніцы на Міжнародных армейскіх гульнях у Маскве. У дадатак да прэзентацыі новых узброеных машын, сістэм узбраення і ваенных самалётаў, Расея пачаставала свет эксцэнтрычным выкананнем: балерыны з танкістамі танчылі «Лебядзінае возера» на танках са сцягам Беларусі.
Гэта хіба апошні сігнал Масквы, якая пацвярджае ваенныя сувязі Крамля і бяспекі Беларусі, і сімвалізуе момант, які прадказвае маючую адбыцца асіміляцыю дзвюх краін», – папярэджвае амерыканскае выданне.
Выданне падкрэслівае, што тэма інтэграцыі Расеі і Беларусі гучыць не першае дзесяцігоддзе. Расея відавочна адчувае, што моцная ваенная прысутнасць у Беларусі мае вырашальнае значэнне для яе інтарэсаў нацыянальнай бяспекі і робіць усё для пастаяннага прыбывання на беларускай тэрыторыі ўласнага кантынгенту. «Пытанне толькі ў тым, што Лукашэнка ў любы момант можа парушыць усе дамоўленасці», – адзначае The National Interest.
Некалькі дзён таму завяршыўся вывад міжнароднага кантынгенту з Афганістану. Талібан працягвае захопліваць уладу ў краіне, нягледзячы на гуманітарныя праблемы і змрочныя эканамічныя перспектывы, і гатовы прадставіць новы ўрад. Пекін ужо абвясціў, што будзе і далей пашыраць супрацоўніцтва з Кабулам. Каментатары мяркуюць, што пытанне аб будучых крыніцах фінансавання рэжыму талібаў з’яўляецца цяпер ключавым.
На думку славацкай газеты Denník N, галоўнае пытанне заключаецца толькі ў тым, што менавіта будзе пабудавана ў Афганістане – эмірат альбо халіфат.
«Ёсць некалькі сцэнарыяў таго, у ва што можа выліцца суперніцтва паміж рэлігійнымі фундаменталістамі і самымі злоснымі тэрарыстамі. Для таго, каб захаваць хаця б бачнасць цывілізацыі, талібам трэба адолець каля двух тысяч байцоў ІГІЛу, ці, прынамсі, нейтралізаваць іх. Калі гэта атрымаецца, то тады іх аўтарытэт парадаксальным чынам ўзрасце не толькі ў вачах мясцовага насельніцтва, але і ў вачах усяго свету. Такі, вядома, цынічны погляд на рэчы. Дзякуючы Талібану Афганістан, магчыма, не стане зноў базай міжнароднага тэрарызму. Аднак яго насельніцтва будзе пакутаваць ад тыраніі талібаў», – папярэджвае славацкае выданне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў з рабочым візітам ЗША. Джо Байдэн паабяцаў аказаць Украіне ваенную дапамогу на суму 60 мільёнаў даляраў, у мэтах супрацьстаяння агрэсіі з боку Расеі. Абодва прэзідэнты назвалі газаправод «Паўночны паток – 2» пагрозай для энергетычнай бяспекі Еўропы. Аднак просьбу Украіны, якая запатрабавала спынення будаўніцтва, Байдэн, тым не менш, адхіліў, назваўшы яе нерэалістычнай.
Акрамя гэтага ва Украіне ўжо ніхто фактычна не разглядае Менскія пагадненні як аснову вырашэння канфлікту на ўсходзе краіны. Выданне 24tv.ua прыводзіць меркаванне былога прадстаўніка Украіны ў Менску Аляксея Арэстовіча, які адзначае, што сёння ад пагадненняў дыстанцуюцца ўжо і ЗША:
«У цяперашняй сумеснай дэкларацыі ні разу не згадваюцца гэтыя менскія пагадненні. Яны ні разу не прагучалі. І гэта нягледзячы на тое, што ў асяроддзі самага Байдэна ёсць група людзей, якія жадаюць нармалізацыі адносінаў з Расеяй. Зняцце менскага працэсу з парадку дня менавіта амерыканскай адміністрацыяй – гэта велізарная параза Уладзіміра Пуціна. Лаўроў, перад сустрэчай Байдэна і Пуціна, у адным з інтэрв’ю запэўніў, маўляў, мы ніколі не дазволім Украіне саскочыць з гачка менскіх пагадненняў. Дык вось, гэтага гачка больш не існуе», – адзначае ўкраінскае выданне.
1-га верасня ў ва многіх еўрапейскіх краінах пачаўся новы навучальны год. Напярэдадні пачатку заняткаў многія спадзяваліся, што ўсё вернецца да нормы і паўтара года класаў, зачыненых на замок, хатняга навучання, а таксама абавязковых тэстаў і масак застануцца ў мінулым. Аднак дэльта-варыянт каронавірусу ўносіць свае карэктывы: колькасць заражэнняў расце, і перш за ўсё сярод дзяцей, якія ў большасці сваёй не прышчэпленыя. СМІ выказваюць занепакоенасць з нагоды яшчэ больш сур’ёзных праблем, якія на падыходзе.
Так школы Турцыі, навучанне ў якіх з самага пачатку пандэміі праходзіла амаль выключна ў дыстанцыйным рэжыме, з 6-га верасня зноў расчыняюць свае дзверы для вучняў.
«Пры гэтым разрыў паміж дзяржаўнымі і прыватнымі школамі проста велізарны», – піша турэцкая газета Birgün. – «Наша рэальнасць – гэта перапоўненыя школы і класы па 40, 50, 60 чалавек у кожным. За гэтыя паўтара гады не было арганізавана дадатковых памяшканняў, не было нанята дастатковай колькасці новых настаўнікаў. І ў падобных умовах нам рэкамендуюць забяспечваць у класах неабходную дыстанцыю. У прыватных жа школах ужо з 23-га жніўня пачаліся ўрокі, каб дагнаць страчаны матэрыял. Разрыў паміж дзяржаўнымі і прыватнымі школамі за час пандэміі толькі павялічыўся. У мільёнаў школьнікаў – сур’ёзная непасьпяховасць па праграме. Але ўсё, што мы чуем ад настаўніцкіх камітэтаў – гэта тое, што міністэрства адукацыі не распачало ніякіх крокаў для паляпшэння сітуацыі».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка