Агляд прэсы: падбор стымулаў
Літва папярэджвае, што НАТО мае патрэбу ў «бачным» супрацьдзеянні расейскай пагрозе праз Беларусь. Украіна і Малдова – кандыдаты на ўступленне ў ЕЗ. Дэфіцыт газу ў Еўропе. На чыім баку Кітай? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што, каб супрацьстаяць пагрозе, якую ўяўляе Расея з боку Беларусі, НАТО мае патрэбу ў больш «бачнай» прысутнасьці ў Прыбалтыцы», – піша еўрапейскае выданне politico.eu.
«Уварванне Расеі ва Украіну выклікала дыскусію ў трансатлантычным ваенным альянсе аб тым, як лепш абараніць сваіх усходніх чальцоў, і лідары, якія збяруцца ў Мадрыдзе на наступным тыдні, павінны падпісаць новыя планы. Вялізныя фундаментальныя змены ў суседняй Беларусі робяць Літву больш уразлівай для хуткага нападу Расеі, і патрабуюць змены ў механізмах бяспекі ў рэгіёне. Літоўскі лідар заявіў, што ахарактарызаваў бы сённяшнюю Беларусь як «дадатковую правінцыю» Масквы, дадаўшы, што «расейская армія можа рабіць тое, што хоча, перамяшчаць сілы, разгортваць тэхніку». Цяпер балтыйскія чыноўнікі просяць больш войскаў, зброі і супрацьпаветранай абароны. Чыноўнікі і дыпламаты НАТО вядуць перамовы аб кампрамісе, згодна з якім некаторыя саюзнікі ўзмоцняць сваю прысутнасць на ўсходнім флангу, у тым ліку шляхам размяшчэння там большага ўзбраення і выдзялення войскаў, даступных для абароны рэгіёну, але без абавязальніцтваў на доўгатэрміновыя буйнамаштабныя пастаянныя базы», – адзначае еўрапейскае выданне.
***
Спадзевы Кіева нарэшце былі пачутыя: паводле прынятага ў чацвер рашэння саміту ЕЗ, Украіна і Малдова атрымалі статус кандыдатаў на ўступленне ў шэрагі супольнасці. Грузія пакуль застаецца ў чарзе на чаканне. Ніякіх зрухаў у перамовах з прадстаўнікамі заходнебалканскіх краінаў дасягнута не было. Еўрапейская прэса задаецца пытаннем, ці сур’ёзна Брусель ставіцца да пашырэння ЕЗ.
«Кандыдаты павінныя ў самым хуткім часе стаць сапраўднымі сябрамі ЕЗ, далей зацягваць недазваляльна», – піша бельгійская газета La Libre Belgique.
«Гэтае рашэнне не павінна застацца на ўзроўні сімвалічнага жэсту. Справа не павінна абмежавацца тым, што ЕЗ дасць Кіеву і Кішынёву гарантыю, і пры гэтым будзе пра сябе думаць, што тым усё роўна яшчэ трэба будзе шматгадовае чаканне ў прылазніку Еўразвяза. Той варыянт, пры якім ад балканскіх краін адна за адной прымаюцца заяўкі, а затым ім даводзіцца доўгія гады чакаць адказу, ужо не спрацуе. ЕЗ павінен прачнуцца і прыцягнуць да сябе тых, з кім жадае падзяліць сваю будучыню. У адваротным выпадку Еўразвяз ператворыцца ў гэтакі закасцянелы клуб па інтарэсах, прывабнасць якога хутка сыдзе на нішто», – папярэджвае бельгійскае выданне.
***
Скарачэнне паставак газу з боку Расеі дастаўляе Еўропе ўсё больш і больш турботы. Так, у Нямеччыне ўведзены другі з трох узроўняў аварыйнага плана на выпадак недахопу газу. «Мы знаходзімся ў газавым крызісе», – заявіў міністр эканомікі Роберт Хабек, папярэдзіўшы аб далейшым росце коштаў. Якім чынам можна было б аблегчыць груз, які абрынецца на плечы еўрапейцаў?
Нямецкая газета taz папракае грамадзян і прамысловасць у тым, што яны ніколі па-сапраўднаму не эканомілі энергію.
«Нафта, газ і вугаль заўсёды былі таннымі, і працягвалі таннець у адносінах да пакупніцкай здольнасці насельніцтва. У тым, каб быць ашчадным, не было патрэбы. Зусім наадварот: тавары вырабляліся ўсё больш недаўгавечныя і энергазатратныя, транспартныя маршруты станавіліся ўсё даўжэйшымі, аўтамабілі і дамы – усё больш. Павышэнне эфектыўнасці зводзілася на нішто за кошт росту спажывання: чым эканамічней рухавікі, тым больш машыны і даўжэй паездкі. «З гэтага часу газу будзе не хапаць», – сказаў міністр эканомікі ФРГ Роберт Хабек. Гэта адначасова і праўда, і няпраўда. Прыродны газ, які гэтак жа шкодны для клімату, як і вугаль, а таксама фінансуе аўтарытарныя сістэмы, трэба было зрабіць дэфіцытным таварам яшчэ шмат дзесяцігоддзяў таму», – піша нямецкае выданне.
***
На фоне расейскага ўварвання ва Украіну ў свеце растуць асцярогі, што справа можа дайсці да новай халоднай вайны. Адносна адзінай рэакцыі краін Захаду супрацьстаяць інтарэсы іншых дзяржаў. На віртуальным саміце групы БРІКС (Бразілія, Расея, Індыя, Кітай, ПАР), які праходзіў у чацвер, лідар Кітая Сі Цзіньпін ускосна ўстаў на бок Расеі. Аглядальнікі разважаюць пра тое, які светапарадак складаецца на нашых вачах.
«На фоне ўзмацнення Кітая Захад павінен быць гатовы да таго, што, магчыма, давядзецца супрацоўнічаць з Расеяй», – такое меркаванне выказвае літоўскі партал Delfi.
«Кітай узмоцніць свой уплыў і ў суседняй з ім Расеі. Суцэльна магчымы сцэнар, пры якім Крэмль зменіць свае прыярытэты ў знешняй палітыцы, і дужанне з уплывам Кітая стане для яго важней, чым канфрантацыя з Захадам. Расея цалкам магла б выпрацаваць знешнюю палітыку, параўнальную з той, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў праводзіў Лукашэнка, які манеўраваў паміж ЕЗ і Масквой. Калі такі сцэнар увасобіцца ў жыццё, то Захад павінен быць гатовы да таго, каб больш актыўна супрацоўнічаць з Крамлём. У адваротным выпадку пагражае небяспека таго, што ва Усходняй Еўропе з’явіцца новая Расея – васал Кітая», – адзначае літоўскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.