Агляд прэсы: падрыхтоўка контрудару
Уцекачы моляцца ў менскім тумане: «Мы едзем у Польшчу, пасля ў Германію». Іранская ядзерная праграма расколвае ўрад Ізраіля перад самым аднаўленнем перамоваў. На баку Сталіна ці нявінных ахвяр? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларусь Лукашэнкі лічыцца апошняй дыктатурай Еўропы, а цяпер яшчэ і галоўнай дзеючай асобай у злачыннай аперацыі па дастаўцы бежанцаў у ЕЗ. Пры гэтым цэнтрам гандлю людзьмі з’яўляецца горад, куды амаль не ездзяць немцы: Менск», – піша нямецкі часопіс Focus.
«На вуліцах Менску вісіць густы туман, але гэта горад – новы цэнтр маштабнай кантрабанды людзей і бежанцаў. Галоўны вакзал Менску і прылеглы да яго аўтавакзал кіпяць жыццём, а ў суседнім гандлёвым цэнтры да поўдня збіраецца ўсё больш людзей. На павароце да праспекту Пераможцаў на беразе ракі Свіслач стаіць некалькі машын, прыпаркаваных на бакавой вуліцы. Група людзей, не прапускаючы абавязковай малітвы на кілімках, грузіць грувасткі багаж: заплечнікі, сумкі, спальныя мяшкі і тыя самыя кілімкі. Сакрэтаў група не хавае: «Мы курды і прыехалі з Іраку, едзем у Польшчу, а потым у Нямеччыну», – перадае нямецкае выданне.
Выданне падкрэслівае, што прыток бежанцаў у Менск працягваецца. Часам па горадзе пускаецца чутка, што Польшча адкрыла межы, што прымушае многіх бежанцаў ехаць туды. Але на іх месца адразу прыязджаюць іншыя.
«Па меры набліжэння 29 лістапада, даты аднаўлення перамоваў па іранскай ядзернай праграме, у Ізраілі нарастае напружанасць. З аднаго боку, прыхільнікі жорсткай лініі адмаўляюцца ад дыялогу з Іранам і гатовыя звярнуцца да мэтавых атак. З іншага боку, ёсць тыя, хто гатовы, нягледзячы ні на што, прыняць дамоўленасці, якія маглі б заключыць Вашынгтон і Тэгеран», – піша французская газета Marianne.
«Мы гатовы пачаць атаку супраць Ірану нават сёння», – заявіў Амір Эшэль, генеральны дырэктар Міністэрства абароны. – Ізраіль павінен быць у стане дзейнічаць у адзіночку супраць Ірану. Я думаю, што з ваеннага пункту гледжання гэта было б складана, але не немагчыма», – піша выданне.
Па дадзеных амерыканскай газеты The New York Times, Злучаныя Штаты перасцераглі Ізраіль ад вайны, якая будзе «контрпрадуктыўнай, паколькі падштурхне іранцаў да таго, каб зноўку пабудаваць яшчэ больш эфектыўныя ядзерныя аб’екты».
«Ці зможа Ізраіль пераадолець вета ЗША? Па гэтым найважнейшым пытанні за фасадам аднадушнасці ўзніклі рознагалоссі. З аднаго боку, Нафталі Бэнет не жадае даваць падставу для абвінавачанняў у слабасці, вылучаных яго папярэднікам Біньямінам Нетаньяху. Адзіная ўпэўненасць: большасць ваенных экспертаў лічаць, што Ізраілю не па сілах нанесці смяротны ўдар па іранскай ядзернай праграме, у лепшым выпадку, яе можна было б запаволіць. Інакш яўрэйская дзяржава неадкладна сутыкнецца з адплатай у выглядзе масіраванага ракетнага абстрэлу з Ірану, а таксама з Лівана, Сірыі ці Іраку», – перадае французскае выданне.
«Крэмль прымае меры супраць „Мемарыялу», ядра расейскай грамадзянскай супольнасці. Пад пагрозай знаходзіцца і архіў, які нагадвае аб дзяржаўным тэроры», – піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
«У сталінскім дзяржаўным тэроры злачынцы станавіліся ахвярамі, а ахвяры – злачынцамі, каб выжыць. Людзей лічылі «матэрыялам», які эксплуатавалі на будоўлях, у лясах, каменяломнях, шахтах. Гэтую калектыўную памяць захаваў «Мемарыял», які зараз вымушаны кожную сваю публікацыю дапаўняць словамі пра тое, што ён быў прызнаны ўладамі «замежным агентам». Днямі генеральная пракуратура запатрабавала распусціць ці, кажучы юрыдычнай мовай, «ліквідаваць» «Міжнародны Мемарыял», галаўное аб’яднанне арганізацыі, за меркаваныя парушэнні адпаведнага закону. Справа будзе разглядацца Вярхоўным судом у чацвер», – адзначаецца ў матэрыяле.
Нямецкае выданне канстатуе, што ў архівах «Мемарыялу» захоўваюцца сведчанні, дзесяткі тысяч лістоў, афіцыйных дакументаў, дзённікаў і фатаграфій, якія выжыўшыя і сваякі ахвяр рэпрэсій перадалі арганізацыі.
«Рух лічыцца ядром расейскай грамадзянскай супольнасці і ўзнік у гады галоснасці і перабудовы ў барацьбе за захаванне памяці і стварэнне помніку (мемарыяла) ахвярам дзяржаўнага тэрору. Большасць скаргаў супраць «Мемарыялу» пададзена прадстаўніцтвам спецслужбы ФСБ у паўночнакаўказскай Рэспубліцы Інгушэція. Характэрна, што ФСБ з’яўляецца спадкаемцам КДБ, супраць якога ў «Мемарыялу» і назапашана такая вялізная колькасць сведчанняў і матэрыялаў», – піша FAZ.
З 1 лютага 2022 году ўрад Аўстрыі плануе ўвесці ў краіне ўсеагульную абавязковую вакцынацыю ад кавіду. Цяпер у краіне адзін з самых высокіх у свеце каэфіцыентаў распаўсюджвання захворвання. У шэрагу дзяржаў ЕЗ, напрыклад, у Францыі ці Грэцыі, ужо прыняты палажэнні аб абавязковай вакцынацыі, але датычацца яны толькі працоўных, занятых у пэўных сектарах эканомікі.
«Пайшоўшы на гэты крок, аўстрыйскі ўрад распісаўся ва ўласным бяссіллі», – лічыць брытанская газета Financial Times.
«Гэтым летам, калі кампанія па вакцынацыі была ў самым разгары, урад вельмі заўчасна заявіў аб тым, што, маўляў, «пандэмія пераможана, а крызіс пераадолены». У Аўстрыі былі ўведзены сертыфікаты аб вакцынацыі, але іх эфектыўнасць была аслаблена даступнымі бясплатнымі тэстамі. Абмежаванні для непрышчэпленых маюць дыскрымінацыйны характар і прыводзяць да расколу ў грамадстве. Так, магчыма, абмежаванні маглі б паўплываць на гатоўнасць грамадзян прышчапіцца, калі б яны былі ўведзены раней. Увядзеннем абавязковай вакцынацыі – крайняй меры, на якую, па ідэі, не павінен ісці ніводны ўрад, аўстрыйскія ўлады прызналі правал сваёй ранейшай супрацьэпідэмічнай палітыкі. На жаль, гэта далёка не адзіны ўрад, які пацярпеў няўдачу на гэтым фронце», – рэзюмуе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка