Агляд прэсы: падвойнае дно
Беларусь гатовая экспартаваць атамную электраэнергію пры неабходнасці. СМІ разважаюць, чаму на Блізкім Усходзе адзін і той жа сцэнар. Міграцыйны радыкалізм як перадвыбарная праграма ў Еўропе.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
-«Хаця Беларуская АЭС у першую чаргу распрацавана для задавальнення ўнутранага попыту на электраэнергію, пры неабходнасці Беларусь можа экспартаваць сваю электраэнергію», – цытуе міністра энергетыкі Беларусі брытанскае выданне Nuclear Engineering International.
Выданне падкрэслівае, што такая заява робіцца, калі на першым блоку БелАЭС праводзяцца комплексныя выпрабаванні абсталявання на намінальным роўні магутнасці ў рамках завяршальнай стадыі ўводу ў эксплуатацыю. Сярод іншага падкрэсліваецца, што ў планах Беларусі экспартаваць электраэнергію ў краіны Балтыі і Украіну.
Ізраільска-палестынскі канфлікт за апошнія дні абвастрыўся асабліва рэзка. Пры гэтым шмат што з таго, што адбываецца, паўтарае адзін і той жа сцэнар: радыкалы ад ХАМАС абстрэльваюць ракетамі ізраільскія гарады, а ізраільская армія ў адказ наносіць ўдары па сектары Газа і пры гэтым спасылаецца на права на самаабарону. Еўрапейская прэса аналізуе сітуацыю.
Як адзначае італьянская газета Avvenire, нельга выпускаць з-пад увагі, што далёка не ўсё ў Ізраілі падзяляюць падыход Нетаньяху.
«Многія, нібыта мантру, паўтараюць выраз: «Ізраіль мае права на самаабарону». Відавочнае сцвярджэнне, толькі незразумела, што гэтая самаабарона азначае. Дастаткова пачытаць ліберальныя ізраільскія газеты або паслухаць, што кажа мясцовая інтэлегенцыя, каб зразумець: бамбаванні грамадзянскага насельніцтва Газы не ўспрымаецца як акт «самаабароны». Калі прэм’ер Нетаньяху праводзіць палітычную лінію, якая грунтуецца выключна на супрацьстаянні і дэманізацыі арабаў, а таксама палітыцы паўзучай каланізацыі стратэгічна важных палестынскіх тэрыторый, многія ізраільцяне адмаўляюцца ісці за ім гэтым курсам», – падкрэслівае італьянскае выданне.
Мішэль Барні, які да нядаўняга часу займаў пасаду галоўнага перамоўшчыка ад ЕЗ на перамовах па брэкзіту, а ў мінулым – неаднаразовы сябра французскага ўраду, выступіў з гучнай заявай. Ён прапануе на некалькі гадоў увесці абсалютную забарону на іміграцыю ў Францыю з краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, у тым ліку – і для членаў сем’яў грамадзян, якія ўжо пражываюць у Францыі. На думку адных аглядальнікаў, гэтая ініцыятыва зайшла занадта далёка, іншыя, наадварот, аддаюць належнае мужнасці Барні.
«Барні мае намер зрабіць канцэпцыю Еўропы-крэпасці лейтматывам сваёй перадвыбарнай кампаніі», – лічыць брытанская газета The Guardian.
«Мішэль Барні падхапіў ўнутраную логіку гэтай міграцыйнай палітыкі, і пайшоў далей, чым большасць прадстаўнікоў палітычнага мэйнстрыму. Тым самым ён жадае прадэманстраваць, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах менавіта ён стане кандыдатам, якому па сілах будзе адолець Марын Ле Пен з лагеру ультраправых. Вось яшчэ адна выснова, якая вынікае з міграцыйнай палітыкі той жа Даніі: калі ў пагоні за галасамі выбаршчыкаў палітыкі пачынаюць скочвацца па нахільнай, яны неўзабаве выяўляюць, што дна наогул не існуе. І яны працягваюць імчацца пад гару, пакуль не губляюць усялякую маральную арыентацыю», – іранізуе брытанскае выданне.
13 чэрвеня грамадзяне Швейцарыі будуць галасаваць па пытанні трох заканадаўчых ініцыятыў у сферы экалагічнай палітыкі. Усе тры канцэпцыі з’яўляюцца прадметам лютых дэбатаў. Так, згодна з запланаваным Законам аб CO2, да 2030 года выкіды парніковых газаў павінны скараціцца ўдвая ў параўнанні з узроўнем 1990 года. Дзве іншыя грамадзянскія ініцыятывы прысвечаны тэме пестыцыдаў. Першая мае намер звязаць выдзяленне субсідый фермерам з выкананнем мер па ахове крыніцаў пітной вады, а другая – цалкам забараніць сінтэтычныя пестыцыды.
На сваіх старонках швейцарская газета Le Temps крытыкуе канцэпцыю новых нормаў па ўжыванні пестыцыдаў.
«Што ж адбудзецца, калі абедзве ініцыятывы супраць пестыцыдаў будуць прынятыя? Паколькі пры экалагічнай сельскай гаспадарцы ўраджайнасць з гектара ніжэй, то нам прыйшлося б выкарыстоўваць значна больш зямлі і энергіі для вытворчасці аналагічнай колькасці прадукцыі. Акрамя таго, было б вельмі складана праводзіць кансервацыйную апрацоўку глебы. Шчыра кажучы, не надта радуе перспектыва вярнуцца да плуга. Увесь CO2, які мы на працягу многіх гадоў старанна назапашвалі ў нашых глебах, будзе паступова выкідвацца ў атмасферу, і такім чынам спрыяць глабальнаму пацяпленню», – прыходзіць да парадаксальнай высновы швейцарскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя