Агляд прэсы: Падвойныя стандарты
Лукашэнка думаў уцячы ў Польшчу з пачаткам поўнамаштабнай вайны. Камень-сцяжка Нямеччыны і Турцыі. Ці мусіць Ізраіль лепш абараняць грамадзянскае насельніцтва Газы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка планаваў уцячы ў Польшчу ў пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Украіне», — піша ўкраінскае выданне Nv.ua.
«Польскі ўрад быў сур’ёзна занепакоены тым, што Лукашэнка ўступіць у вайну, і распрацаваў план на выпадак надзвычайных сітуацый, які прадугледжвае размяшчэнне антырэжымных дыверсійных груп, каб зайсці ў тыл Беларусі. Аднак сам Лукашэнка настолькі баяўся, што па розных каналах запытваўся ў Варшаве, ці не прапусцяць яго праз мяжу, дзе яны потым паляцяць з бліжэйшага аэрапорта. У жніўні Лукашэнка заявіў, што даручыў сваім дыпламатам «палепшыць адносіны з Польшчай» пасля таго, як некалькі тыдняў нагнятаў напружанасць у адносінах з Варшавай. У адказ прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Беларусь павінна спыніць гібрыдныя атакі з выкарыстаннем мігрантаў на польскай мяжы, калі хоча палепшыць адносіны паміж краінамі», – паведамляе ўкраінскае выданне.
* * *
Прэзідэнт Турцыі Эрдаган наведаў Берлін. Падчас сустрэч з федэральным прэзідэнтам Штайнмаерам і канцлерам Шольцам гаворка, сярод іншага, ішла і аб вайне на Блізкім Усходзе. Тут пазіцыі бакоў кардынальна разышліся. Эрдаган раскрытыкаваў дзеянні ізраільскіх вайскоўцаў і заклікаў да спынення агню, а Шольц падкрэсліў права Ізраіля на існаванне і самаабарону. Як адзначае стамбульская газета Evrensel, тут кожны бок зацікаўлены ў тым, каб не даводзіць турбулентнасць у палітычнай сферы да эскалацыі.
«Аб’ём гандлю паміж дзвюма краінамі складае амаль 50 мільярдаў еўра. Міністры эканомікі, якія сустрэліся адзін з адным у мінулым месяцы, выказалі рашучасць павялічыць аб’ёмы гандлю і падпісалі новыя пагадненні. У той час як нямецкі капітал мае патрэбу ў Турцыі як пляцоўцы для эканамічных інвестыцый, урэгулявання праблемы з бежанцамі і стратэгічных меркаванняў у дачыненні да Блізкага Усходу, турэцкі капітал мае патрэбу ў Германіі як крыніцы грошай з Еўропы і для дасягнення прагрэсу ў перамовах з ЕЗ. Па гэтых прычынах перамовы будуць весціся вельмі далікатна, каб не паставіць пад пагрозу эканамічныя і палітычныя інтарэсы», – адзначае турэцкае выданне.
* * *
Высокая колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ў сектары Газа ў выніку дзеянняў у адказ Ізраіля супраць радыкальна-ісламісцкай групоўкі ХАМАС выклікае ўсё большую заклапочанасць і крытыку на міжнароднай арэне. Па заявах падкантрольнага ХАМАС міністэрства аховы здароўя, колькасць ахвяр ужо перавысіла 13 тысяч чалавек. Ізраіль падкрэслівае, што імкнецца пазбегнуць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, аднак адзначае, што сістэма тунэляў, у якіх хамасаўцы ўтрымліваюць заложнікаў, а таксама захоўваюць узбраенне і запасы, праходзіць і пад грамадзянскай інфраструктурай. Мадрыдская газета El País піша аб патавай сітуацыі, у якой знаходзіцца Ізраіль, і лічыць магчымым задаць наступнае пытанне.
«Чаму ізраільскі ўрад праяўляе так мала чалавечнасці? Магчыма таму, што ў яго адсутнічае палітычная стратэгія, а ёсьць толькі вайсковая сіла. Урад сутыкаецца з унутраным крызісам, які ён спрабуе завуаліраваць, але якога баяцца вельмі многія жыхары Ізраіля. Адзін варыянт – гэта гвалтоўнае інкарпараванне ўсіх занятых тэрыторый. Для гэтага прыйшлося б або выгнаць усіх палестынскіх жыхароў, што было б непрымальным для суседніх краін, або ўладкаваць строгі рэжым апартэіду. Гэта было б непрымальна для міжнароднай супольнасці і для часткі ізраільскага грамадства. Іншы варыянт – гэта стварэнне палестынскай дзяржавы. Аднак тады напагатове былі б 500 тысяч узброеных да зубоў пасяленцаў, здольных развязаць грамадзянскую вайну», – папярэджвае гішпанскае выданне.
Колькасць авіяпералётаў у Еўропе сёлета часам нават перавышала ўзровень, які існаваў да пандэміі ковіда. Паколькі шкодныя выкіды, якія ўтвараюцца пры пералётах, спрыяюць глабальнаму пацяпленню, дыскусія пра тое, як трэба рэгуляваць сферу паветраных перавозак, каб не пагаршаць кліматычную праблему, час ад часу разгараецца з новай сілай. У Францыі і Нідэрландах прынятыя было абмежаванні зараз адмененыя. Парыжская газета L’Humanité піша пра тое, што тым самым Парыж парушыў дадзенае перш абяцанне.
«На долю паветранага транспарту прыпадае больш за палову шкодных выкідаў ад сусветнага транспартнага сектара, а ў Францыі авіяцыя – у гэтым плане і зусім рэкардсмен. Нясучы адказнасць за ўзровень выкідаў амаль што ў шэсць працэнтаў, галіна паветраных перавозак уносіць свой уклад у глабальнае пацяпленне. Павелічэнне колькасці рэйсаў, якое з 2024 года складзе чатыры працэнтныя пункты, сур’ёзна падрывае глабальныя мэты па скарачэнні выкідаў. А гіпатэтычная дэкарбанізацыя галіны адбудзецца ў лепшым выпадку толькі праз два-тры дзесяцігоддзі. За некалькі дзён да адкрыцця саміту COP28 Францыя пасылае ў свет вельмі кепскі сігнал. Цяперашні дэкрэт раскатвае чырвоную дывановую дарожку перад лаўкостэрамі», – гіранізуе французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя