Агляд прэсы: падзел тэрыторый



Чэшская прэса канстатуе, што Беларусь знаходзіцца ў залежнасці ад Расеі. Ці змогуць ЗША і Велікабрытанія кантраляваць Саудаўскую аравію і Бліжні усход? Каронавірус мусіць стаць нейтральнай тэмай у стасунках між Ізраелям і Палестынай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Журналістка чэшскага выдання Časopis argument Вераніка Сушова-Салмінен піша аб праблемах беларуска-расейскіх адносінаў пасля нядаўняга візіту Лукашэнкі ў Расею. Нягледзячы на тое, што перамовы Пуціна з Лукашэнкам праходзілі нефармальна і ўключалі нават сумесны адпачынак, выданне лічыць, што Беларусь ізноў трапіла ў залежнасць ад Расеі.

«Лукашэнка прыехаў у Сочы як прэзідэнт, якому ўдалося часова падавіць пратэсты ў краіне, што знаходзіцца ў стратэгічна важным рэгіёне па суседстве з Расеяй. А таму павестка перамоваў павярталася да «шэраговых» тэмаў беларуска-расейскіх адносінаў: расейскія крэдыты і інвестыцыі,  «паўзабытая» інтэграцыя двух дзяржаў у межах Саюзнай дзяржавы ды расейская вакцына «Спадарожнік V», якую будуць вырабляць у Беларусі», – адзначае чэшскае выданне.

Акрамя гэтага часовая раўнавага рэжыму дазволіла падняць даўняе пытанне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты, выгоднае ў першую чаргу самой Расеі.

Таксама аглядальніца Časopis argument  указвае на тое, што Лукашэнка – еўрапейскі ізгой – будзе шукаць мажлівасці зрабіць сваім новым партнёрам Кітай. Аднак  афіцыйны Пекін наўрад ці будзе ўступаць у канфрантацыю вакол важнай для Расеі прасторы, і засяродзіцца на транспартнай сетцы для праекту «Адзін пояс і адзін шлях».

Джо Байдэн назваў авіяўдары, нанесеныя ЗША ў мінулую пятніцу па пазіцыях праіранских баевікоў у Сірыі, «у адказ ударам». Гэта стала рэакцыяй Вашынгтона на шматразовыя ракетныя абстрэлы пазіцый ЗША і іх саюзнікаў у Іраку. Як адзначае еўрапейская прэса, пасыл, які стаіць за гэтым першым авіяўдарам, нанесеным па загадзе новага прэзідэнта ЗША, куды шырэй, чым выглядае.

Так славенская газета Dnevnik дае сваё тлумачэнне такому сігналу:

«Новы прэзідэнт ЗША пазначыў сваю гатовасць аднавіць ядзерную здзелку, якую ён у свой час, яшчэ будучы ў рангу віцэ-прэзідэнта, распрацоўваў са сваёй камандай па пытаннях знешняй палітыкі. Удар па Сірыі ўяўляе сабой пасланне Байдэна Ірану. У ім гаворыцца, што гатовасць прэзідэнта ЗША аднавіць дамову мае межы: як па аб’ёме, так і па часе. Тым самым ён дае зразумець, што ўсведамляе мяжы пагаднення, якое не ўключае ў сябе ваенныя дзеянні Ірана ў рэгіёне і яго ракетную праграму».

Паводле нядаўна апублікаванага дакладу спецслужбаў ЗША, саудаўскі кронпрынц Махамед ібн Салман загадаў забіць журналіста Джамаля Хашогі. Хашогі, які пражываў у ЗША, быў забіты атрадам адмысловага прызначэння 2 кастрычніка 2018 года ў консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Да цяперашняга часу ібн Салман толькі фармальна ўзяў на сябе адказнасць за забойства. Аглядальнікі патрабуюць ад сусветнай супольнасці заняць выразную пазіцыю.

На думку брытанская газеты The Observer, Вялікабрытанія мусіць заняць больш жорсткі курс у дачыненні да саудаўскага рэжыму:

«Урад павінен па меншай меры ўвесці санкцыі супраць наследнага прынца, уключыўшы яго імя ў спіс 20 грамадзян Каралеўства Саудаўская Аравія, якім,  забаронены ўезд у Злучанае Каралеўства і актывы якіх у Вялікабрытаніі замарожаныя, паколькі гэтыя асобы былі датычныя да забойства Хашогі. Вялікабрытанія павінна прыпыніць продаж Саудаўскай Аравіі ўзбраення і абсталявання, якое тая магла б выкарыстоўваць у Емене ці нават з мэтай падаўлення апазіцыі ўнутры краіны. Брытанскі ўрад абавязаны безумоўна падтрымаць спробы прыцягнуць Мухамеда ібн Салмана да суда па абвінавачванні ў арганізацыі забойства», – адзначае  The Observer.

Вакцыны супраць Covid-19 у цяперашнім свеце з’яўляюцца адным з самых хадавых і запатрабаваных тавараў. «Аднак тыя, хто спрабуе пры дапамозе вакцыны вяршыць геапалітыку, толькі шкодзяць самім сабе», – папярэджвае швейцарская газета Aargauer Zeitung.

Паводле выдання такія краіны, як Ізраіль і Кітай, гуляюць на сусветнай арэне ў палітычныя гульні ў сферы размеркавання вакцын. Залішнія дозы вакцын яны дораць іншым краінам, але толькі ў тым выпадку, калі тыя праявяць удзячнасць да сваіх «дабрадзеяў». «У гэтым няма нічога шакавальнага або скандальнага, аднак у сітуацыі цяперашняй пандэміі такі падыход небяспечны. Калі Ізраіль і ў далейшым не будзе гатовы падзяліцца сваімі цуда-вакцынамі з насельніцтвам акупаваных палестынскіх тэрыторый, то вірус працягне бушаваць. У адрозненне ад нялюбых суседзяў, каронавірус немагчыма затрымаць на мяжы, якая б высокая сцяна не ўзводзіліся», – адзначае швейцарскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка