Агляд прэсы: Пагібельны сігнал
Аддаць частку зямель Расеі — непрымальны сцэнар для Украіны. Турэцкія ўлады патрабуюць не напружваць сітуацыю ў Чорным моры. Перад Кітаем паўстаюць гендарныя пытанні: ці прыйшоў час разбураць стэрэатыпы? Дональд Трамп павінен здацца паліцыі. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
Стыян Енсэн, кіраўнік апарата генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга, падчас подыумнай дыскусіі высунуў ідэю аб тым, што Украіна магла б стаць сябрам Паўночнаатлантычнага альянсу, адмовіўшыся ад часткі сваёй тэрыторыі на карысць Расеі. Словы Енсэна аб саступцы тэрыторый Кіеў назваў непрымальнымі.
Берлінская Taz адзначае: «Уявіце сабе, што гэты сцэнар азначаў бы для Украіны — ці таго, што ад яе засталося б, — на практыцы. … За развязаную супраць суседа вайну з тысячамі забітых і спустошанымі тэрыторыямі Крэмль быў бы яшчэ і ўзнагароджаны. Украінцы і ўкраінкі, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях, былі б аддадзены ва ўладу акупантаў. … Акрамя гэтага: падобныя гульні розуму — „свет” у абмен на зямлю — пасылаюць украінцам пагібельны сігнал. …Сярод людзей расце страх таго, што падтрымка Захаду можа аслабнуць. Бо словы Енсэна можна вытлумачыць і так. Калі ж асцярогі апраўдаюцца, то гэта стала б катастрофай.»
Турэцкія ўлады запатрабавалі ад Масквы не нагнятаць напружанасць у Чорным моры пасля інцыдэнту з турэцкім сухагрузам „Сукра Акан”, які адбыўся ў нейтральных водах, піша BBC.
«Большасць судоў з меркаванняў бяспекі даўно ўжо пазбягае заходзіць у тэрытарыяльныя воды Украіны: яны накіроўваюцца адразу ў румынскі порт Суліна, размешчаны ў дэльце Дуная, і далей ва ўкраінскія рачныя парты, у тым ліку ў Ізмаіл. Таму казаць аб тым, што інцыдэнт з турэцкім сухагрузам можа неяк паўплываць на экспарт украінскага збожжа па моры, спецыялісты ў галіне марскіх перавозак лічаць заўчасным, тым больш што пасля аднабаковага разрыву Масквой «збожжавай здзелкі» такі грузапаток практычна вычарпаўся ў сувязі з расейскай блакадай.
Аднак, па словах заходніх аналітыкаў, інцыдэнт сведчыць аб росце напружанасці ў Чорным моры і можа прывесці да ўцягвання краін, якія непасрэдна не прымаюць удзел у расейска-ўкраінскай вайне.»
Узровень нараджальнасці ў Кітаі дасягнуў рэкордна нізкага паказчыка. Улады Кітая занепакоеныя тым, што насельніцтва краіны скарачаецца і да таго ж хутка старэе. Але гэта мае свае прычыны, перадае выданне NBC news.
«Сярод прычын нізкай нараджальнасці — высокія выдаткі на догляд дзяцей, а таксама тое, што жанчынам неабходна рабіць паўзу ў сваёй кар’еры: не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. Таксама ў Кітаі да гэтага часу моцная гендарная дыскрымінацыя і вера ў традыцыйныя стэрэатыпы аб жанчынах, якія заняты толькі выхаваннем сваіх дзяцей. З-за гэтага ў апошнія месяцы ўлады краіны сталі больш казаць аб падзеле бацькоўскіх абавязкаў. Але ў той жа час у большасці правінцый бацькам усё яшчэ практычна не выдаецца водпуск па догляду за дзіцем.»
У найбліжэйшыя дні Дональд Трамп павінен здацца паліцыі штата Джорджыя. Чакаецца, што яго і яшчэ 18 абвінавачаных змесцяць у следчы ізалятар акругі Фултан у Атланце, дзе яны будуць чакаць суда па справе аб спробе адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў гэтым штаце, піша Руская служба BBC.
«Трамп павінен з’явіцца ў паліцыю да 25 жніўня, каб яму маглі быць прад’яўлены абвінавачанні ў тым, што ён кіраваў шырокамаштабнай змовай па падрыве вынікаў выбараў.Мясцовы шэрыф ПэтЛабат заявіў, што чыноўнікі будуць прытрымлівацца „звычайнай практыцы” пры допыце Трампа.Але эксперты кажуць, што ў былога прэзідэнта, верагодна, будзе зусім не такі досвед, як у тых, хто знаходзіцца ў ізалятары акругі на працягу тыдняў, месяцаў ці нават гадоў у чаканні суда.»
Беларускае Радыё Рацыя