Агляд прэсы: паказаць зубы



Як Ціханоўская правярае гатоўнасць Байдэна змагацца з самадзяржаўем. ЕЗ і Расея: паміж сяброўствам і варожасцю. Чым скончыцца эпоха Меркель?

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Амерыканская газета Washington Examiner прыводзіць словы Святланы Ціханоўскай, якія тая падчас свайго візіту выкарыстала, каб вызначыць крызіс як тэст на абяцанні новага прэзідэнта супрацьстаяць аўтарытарызму: «Прэзідэнт Джо Байдэн павінен забіць рэжым беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі эканамічнымі санкцыямі, каб пасеяць рознагалоссі ў яго рэжыме».

«У гэтай барацьбе, сусветнай барацьбе паміж дэмакратыямі і аўтакратыямі, вельмі важна паказаць зубы», – сказала Ціханоўская газеце Washington Examiner. «На дадзены момант Беларусь знаходзіцца на пярэднім краі гэтай барацьбы. Яны разумеюць толькі мову санкцый і баяцца санкцый. І мы чакаем расколу эліт з-за санкцый. Лукашэнка таксама залежыць ад бізнесу вакол яго, бізнесу яго паплечнікаў, які заснаваны на працы нафтавай, калійнай прамысловасці. І на яго будуць ціснуць».

Выданне падкрэслівае, што Байдэн прызнаў сваю знешнюю палітыку спробай забяспечыць перамогу дэмакратычных сіл у сістэмнай канкурэнцыі з аўтакратамі. Гэты акцэнт Белага дому абумоўлены ўзмацненнем канкурэнцыі з Кітаем, але ён падбадзёрыў Ціханоўскую і яе саюзнікаў, якія спрабуюць схіліць Лукашэнку да перамоваў.

«Лагічным у гэтай сітуцыі выглядае ціск на сферу звароту калійных ўгнаенняў – другога па велічыні экспарту рэжыму пасля перапрацоўкі нафты. Пытанні выклікае і ўвядзенне газапроваду «Паўночны паток-2». Палітыка павінна арыентавацца не на прыбытак, а на каштоўнасці. Гэта маральны абавязак», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

«Нягледзячы на пагаршэнне двухбаковых адносінаў і па-за вынікамі выбараў у Германіі, узаемаадносіны паміж Расеяй і Нямеччынай не зменяцца. Глыбінныя структурныя сілы забяспечаць захаванне гэтых адносін у рэжыме «ні сябры, ні ворагі»,прагназуе амерыканскі часопіс The National Interest.

Выданне падкрэслівае, што па-першае, Германія застанецца асноўнай суразмоўцай Расеі па еўрапейскіх справах. А па-другое, хоць пад Германіяй Еўропа не стане для Расеі ворагам, істотнага паляпшэння адносін чакаць не варта, бо гэта нерэальна. Незалежна ад выніку выбараў у Германіі, на адносіны ФРГ і РФ уплываюць больш глыбокія сістэмныя сілы, якія забяспечаць захаванне двухбаковых адносінаў у тым жа выглядзе, у якім яны існуюць сёння.

«Германія таксама не жадае ўкладаць вялікія сродкі ва ўзброеныя сілы для стрымлівання Расеі. Калі б ФРГ выбірала, то яна б абапіралася на амерыканскія гарантыі бяспекі ў рамках НАТА і захаванне статус-кво. Аднак нават у такой сітуацыі палепшыць адносіны з Расеяй Германія не ў стане»,піша The National Interest.

У ахопленай перадвыбарнай барацьбой Германіі аж да мінулага тыдня увагу грамадскасці было галоўным чынам прыкавана да асобы галоўнага кандыдата ад Зялёных Ганалены Бэрбак. Аднак катастрафічная паводка змяшала ўсе карты: кандыдат ад ХДС Армэн Лашэт «вызначыўся» тым, што дазволіў сабе смяшкі падчас цырымоніі, прысвечанай памяці загінуўшых. Ці варта цяпер, за два месяцы да восеньскіх выбараў, чакаць на поўную змену парадыгмы?

«Цяперашняя паводка і яе наступствы могуць стаць вырашальным фактарам на будучых выбарах», – мяркуе брытанская газета Financial Times.

«Паводка агаліла слабыя месцы ў нямецкай сістэме рэагавання на стыхійныя бедствы, і падкінула дроваў у дыскусію пра тое, што за гады кіравання Меркель укладвалася занадта мала сродкаў у падтрыманне інфраструктуры ў належным стане. Усё гэта сведчыць пра тое, што стабільная федэральная сістэма Германіі мае адваротны бок, і можа прывесці да таго, што ў выпадку бяды людзі апынуцца кінутымі на волю лёсу, калі палітыкі на месцах няздольныя бачыць пагрозы альбо рэагуюць занадта павольна. У сілу гэтых прычын наступнаму ўраду Германіі прыйдзецца не толькі праявіць большае памкненне ў плане барацьбы са зменай клімату. Грамадства будзе чакаць ад яго і вялікіх інвестыцый у мадэрнізацыю эканомікі ў цэлым. Можа так стацца, што разрыў з эпохай Меркель выявіцца куды больш рэзкім, чым магло здацца да апошняй паводкі», – папярэджвае брытанскае выданне.

У мінулыя выходныя ў Францыі на вуліцы выйшла 160 000 чалавек у знак пратэсту супраць найноўшых абмежаванняў, уведзеных у сувязі з пандэміяй. Буйныя дэманстрацыі прайшлі таксама ў Італіі і Грэцыі. Афіны і Парыж ужо ўвялі абавязковую вакцынацыю работнікаў сістэмы аховы здароўя. У Італіі кінатэатры і рэстараны, а ў Францыі – гандлёвыя цэнтры і грамадскі транспарт будуць з гэтага часу даступныя толькі для тых, хто прышчэплены ці прад’явіць свежы тэст.

Італьянская газета Corriere della Sera крытыкуе правыя партыі за тое, што тыя падтрымліваюць падобныя пратэсты.

«Найбольш верагодная прычына гэтага заключаецца ў тым, што правыя знайшлі перспектыўны для сябе рэзерв галасоў у гэтай, на жаль, даволі немалой групе нашых суграмадзян, якія трапілі ў пастку той ці іншай тэорыі змовы. Тыя, спрабуючы ім патрафіць, тым самым толькі дапамагаюць аслабіць апоры, на якіх грунтуецца свабоднае грамадства. Тэорыі змовы і адмаўленне навукі разладжваюць грамадскія механізмы, выбудаваныя на далікатным балансе, а менавіта: на даверы да кампетэнтнасці тых, хто ведае больш, чым мы з вамі. Адным з падмуркаў збалансаванага грамадства якраз і служыць неабходнасць спалучаць навуковае веданне і прынцып прадстаўнічай дэмакратыі», – падсумоўвае італьянскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя