Агляд прэсы: пакуль гром не грымне
Расейцы з чарнобыльскага Чырвонага лесу трапілі ў Гомель, каб лекаваць прамянёвую хваробу. Саміт ЕС-Кітай: якая роля Пекіна ў вайне ва Украіне? Вайна ва Украіне пагражае голадам у глабальным маштабе. Выбары ў Венгрыі: якія стаўкі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Сем медычных аўтобусаў з вайскоўцамі, хворымі на прамянёвую хваробу, прыехалі ў шпіталь беларускага Гомеля. Гэта стала вынікам таго, што расейскае войска дзейнічаеў забруджаным Чырвоным лесе ў Чарнобыльскай вобласці», – перадрукоўвае паведамленне члена Грамадскай рады Дзяржаўнага агенцтва Украіны па кіраванні зонамі адчужэння Яраслава Емяльяненкі польскае выданне Polsatnews.
У матэрыяле паведамляецца, што расейцы рухаліся праз Чырвоны лес – найбольш забруджаную тэрыторыю вакол Чарнобыльскай АЭС,без якіх-небудзь ахоўных мераў. Цяжкія машыны падымалі радыёактыўны пыл з глебы. «Работнікі электрастанцыі загадзя папярэджвалі, што заезд у Чырвоны лес стане для салдат «самагубствам». Аднак апошнія паведамленні паказваюць, што расейцы не толькі ездзілі праз забруджаную тэрыторыю, але і праводзілі там аператыўныя мерапрыемствы. Украінскі бок ацаніў гэта, як «дзеянні планеты малпаў насуперак законам фізікі» і лічыць, што камандны састаў пры належнай адказнасці мог бы пазбегнуць паражэння салдат. Цяпер расейскіх вайскоўцаў павінны шпіталізаваць у Цэнтр радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі», – адзначае польскае выданне.
Вядома, што Чырвоны лес знаходзіцца прыкладна ў 2 км на поўдзень ад перамешчанага горада Прыпяць, у Чарнобыльскай зоне адчужэння на поўначы Украіны. Назва лесу паходзіць ад чырванаватага колеру дрэў, якія загінулі ад паглынання вялікай дозы радыяцыі пасля Чарнобыльскай катастрофы ў красавіку 1986 года. Раён Чырвонага лесу лічыцца адным з найбольш забруджаных раёнаў у свеце.
1 красавіка адбудзецца 23-і саміт ЕЗ-Кітай. Сустрэча пройдзе ў фармаце відэаканферэнцыі і будзе прысвечана галоўным чынам вайне ва Украіне і яе глабальным наступствам. Кітай абвясціў аб сваім нейтралітэце ў дадзеным канфлікце, не асудзіў расейскае ўварванне і працягвае падтрымліваць добрыя адносіны з Масквой. У той самы час Пекін заяўляе, што Украіна мае права на суверэнітэт. «Захаду не варта чакаць сур’ёзных зрухаў па пытанні Украіны і ізаляцыі Расеі», – мяркуе шведская газета Dagens Nyheter.
«Падчас сустрэчы Кітай будзе падкрэсліваць, што ва Украіны ёсць права на тое, каб быць суверэннай дзяржавай, аднак з боку кітайскага кіраўніцтва не рушыць услед выразнаму сігналу, што яно падтрымлівае Захад у барацьбе з Расеяй. На гэта Еўразвязу разлічваць не варта. Уменне казаць, але пры гэтым не гаварыць нічога па сутнасці, ужо даўно стала фірмовым стылем Кітая. Мастацтва проста нічога не рабіць, калі гэта ў інтарэсах Камуністычнай партыі Кітая, адладжана да дасканаласці. Гэта бачна па тым, як Пекін ужо на працягу многіх гадоў дзейнічае ў адносінах да Паўночнай Карэі», – падкрэслівае шведскае выданне.
Гуманітарныя арганізацыі, у тым ліку Сусветная харчовая праграма ААН , б’юць трывогу: вайна ва Украіне нясе з сабой не толькі неймаверныя пакуты для людзей, якія пражываюць у ахопленых баявымі дзеяннямі рэгіёнах, але і пагрозу недахопу прадуктаў харчавання ў глабальным маштабе. Так, на долю Расеі і Украіны прыпадае трэць агульнасусветных паставак пшаніцы.
Грэцкі штотыднёвік Documento крытыкуе эканамічную палітыку Грэцыі апошніх дзесяцігоддзяў і той факт, што краіна рабіла занадта вялікі ўпор на сферу турызму.
«Сотні тысяч акраў зямлі застаюцца неапрацаванымі, а многія іншыя зямельныя ўгоддзі былі пераарыентаваны на іншую дзейнасць, у сілу таго, што іх уладальнікі вырашылі заняцца «цяжкай прамысловасцю», а менавіта – турызмам. Сёння, ва ўмовах інфляцыі і абмежаванняў міждзяржаўнага гандлю асноўнымі харчовымі таварамі, Грэцыя сутыкаецца з непазбежнай рызыкай харчовага крызісу, як бы ўрад Міцотакіса ні спрабаваў ігнараваць гэтую найсур’ёзную праблему», – піша грэчаскае выданне.
У нядзелю ў Венгрыі адбудуцца выбары новага парламента. Апанентам дзейнаму прэм’ер-міністру Віктару Орбану, які знаходзіцца ва ўладзе з 2010 года, выступае лідэр апазіцыі Петэр Маркі-Зай. Да вайны Орбан лічыўся блізкім паплечнікам Пуціна. Хаця Орбан і пагадзіўся на ўвядзенне санкцый супраць Расеі, ён пры гэтым не даў дазволу на пастаўкі зброі Украіне праз тэрыторыю Венгрыі. «Калі Орбан працягне сваю палітыку расколу, то справа можа дайсці да выхаду Венгрыі з Еўразвязу», – такой асцярогай дзеліцца чэшская газета Hospodářské noviny.
«Тры з чатырох краін, якія ўваходзяць у Вышаградскую групу, аказваюць шырокую падтрымку Украіне ў яе барацьбе супраць расейскага агрэсара. Віктар Орбан, гэты прарасейскі траянскі конь у ЕЗ і НАТО, робіць выгляд, што вайна Венгрыі зусім не датычыцца, і што ён робіць усё для забеспячэння міру для сваёй краіны. Аднак, калі Орбан зможа застацца ва ўладзе на чацвёрты тэрмін, то можа стацца так, што яму ўжо не атрымаецца строіць з сябе вялікага сябра Расеі. Прынамсі, калі ён мае намер супрацоўнічаць з заходнімі дэмакратыямі. Многія венгерскія аналітыкі мяркуюць, што Будапешт альбо пакорліва пойдзе на збліжэнне з ЕЗ і НАТО, альбо пачнецца працэс выхаду Венгрыі з ЕЗ», – прагназуе чэшскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка