Агляд прэсы: палітычныя дылемы



Беларусь сцвярджае, што рыхтуецца да адказу на патэнцыйную агрэсію Захаду. Расея забараніла ўезд Борысу Джонсану і брытанскім міністрам. Захоўваючы нейтралітэт па Украіне, Эрдаган штурхае Турцыю на «задворкі НАТО». Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«На фоне вайны паміж Расеяй і Украінай Беларусь заявіла, што яе армія рыхтуецца адказаць на імаверную правакацыю з боку суседніх заходніх дзяржаў. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што калі заходнія краіны атакуюць Менск, іх чакаюць разбурэнні і выбухі на сваёй зямлі. Ён таксама сцвярджаў, што колькасць войскаў і ваеннай тэхнікі, а таксама ўзбраення значна павялічылася ў суседніх дзяржавах», – піша індыйскае выданне Republic World.
Паводле матэрыялу, улады Беларусі канстатуюць, што палёты ваеннай авіяцыі ля беларускіх межаў становяцца ўсё больш рэгулярнымі і што значныя сродкі выдзяляюцца ў абаронны сектар з бюджэту.
«Па словах чыноўнікаў, Беларусь умацоўвае армію і стратэгічна ўкладвае сродкі ў яе рост, каб у выпадку правакацыі тая была гатовая адэкватна рэагаваць. Пры гэтым напачатку месяца Лукашэнка апублікаваў спіс недружалюбных для Беларусі краін. Спіс апублікаваны на Нацыянальным інтэрнэт-партале краіны і ўключае ў сябе такія еўрапейскія краіны, як Германія і Францыя. Спіс ахоплівае ўсіх членаў Еўразвязу, а таксама 12 іншых краін. Аднак у яго не ўваходзіць разбураная вайной Украіна. Варта адзначыць, што некаторыя краіны таксама ўвялі санкцыі супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў яе ўварванні ва Украіну», – падкрэслівае індыйскае выданне.

***

«Расея ў адказ на санкцыі Вялікабрытаніі ўвяла персанальныя санкцыі супраць брытанскага кіраўніцтва, забараніўшы ўезд на сваю тэрыторыю ключавым чальцам урада каралеўства», – перадае брытанская газета The Independent. У Міністэрстве замежных спраў Расеі заявілі, што меры прыняты «ў сувязі з беспрэцэдэнтнымі варожымі дзеяннямі ўрада Вялікабрытаніі».
Як нагадвае брытанскае выданне, аб мерах у адказ было абвешчана ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як брытанскі ўрад апублікаваў дадатковыя меры, накіраваныя супраць тых, хто « дапамагае і садзейнічае» спецаперацыі Расеі ва Украіне, якая працягваецца ўжо сёмы тыдзень.
The Independent адзначае, што ў сакавіку аналагічныя меры былі прыняты ў дачыненні да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, кіраўніка ЦРУ Уільяма Бернса і дзяржсакратара Энтані Блінкена.

***

«Спробы прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана захаваць адносіны з Уладзімірам Пуціным і згуляць ролю пасярэдніка ва ўкраінскім канфлікце паступова адціскаюць яго на «задворкі НАТО», улічваючы, што ён не хоча прытрымлівацца рамак адзінай палітыкі альянсу», – піша амерыканскае выданне Bloomberg. Пры гэтым, як адзначае агенцтва, прыток расейскіх грошай ніяк не нівелюе вялікія праблемы турэцкай эканомікі, у тым ліку рэкордную за апошнія 20 гадоў інфляцыю.
Улічваючы, што НАТО, сутыкнуўшыся з Расеяй, з’яднала шэрагі (нават Германія адмовілася ад свайго пацыфізму), цярпенне ў дачыненні да Турцыі і яе нейтралітэту падыходзіць да канца. Адмова Эрдагана падтрымаць жорсткія санкцыі супраць Масквы становіцца ўсё цяжэй апраўдаць. У той час як да антырасейскіх санкцый далучылася нават Швейцарыя, Анкара выглядае ў гэтым плане далёка не лепшым чынам. Напачатку красавіка Global Ratings панізіла крэдытны рэйтынг турэцкай валюты да B + – што на чатыры ўзроўні ніжэй за інвестыцыйны ўзровень. Прычынай паніжэння агенцтва назвала рэзкі рост коштаў на энерганосьбіты з-за падзеяў на Украіне. Улічваючы, што шанцы Эрдагана пераканаць Пуціна заключыць мір практычна роўныя нулю, ён можа быць рады тэлефонным размовам з Макронам. Хоць турэцкі лідар аднойчы параіў прэзідэнту Францыі праверыць галаву, ён, магчыма, будзе ўдзячны за тое, што ў зносінах з ім Макрон добразычліва не стане затыкаць вушы», – падсумоўвае амерыканскае выданне.

***

«З-за спецаперацыі Расеі ва Украіне расейскім і беларускім спартсменам забаранілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах, а расейскіх прадстаўнікоў прымушаюць сыйсці з высокіх міжнародных спартовых пасад». Як піша французская газета Le Monde, для «дэмакратычнага лагера» гэта шанец павяртаць сабе пазіцыі ў МАК.
«Прадстаўнікі МАК баяліся, што іх абгоняць асобныя спартсмены і федэрацыі, якія сталі важнымі ігракамі ў спартовай дыпламатыі, што яны будуць адмаўляцца ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, ставячы пад пагрозу іх правядзенне. У МАК пры гэтым прысутнічаюць прадстаўнікі ад Расеі, ён не можа сам прымаць жорсткіх рашэнняў, таму адказнасць за адхіленне расейскіх атлетаў ён усклаў на міжнародныя федэрацыі. Зараз МАК і іншым спартовым арганізацыям трэба зрабіць выбар: альбо яны працягваюць ісці па шляху нейтральнасці і кампрамісаў, альбо яны мяняюць сваю структуру. Відавочна, камітэт спрабуе сябе абараніць, каб пазбегнуць новых размоваў аб правах чалавека. Ён паддаецца рэформам толькі пад ціскам. Таму і МАК трэба ў будучыні адмовіцца ад выкарыстання нацыянальных сцягоў і гімнаў – тады яго ніхто не зможа абвінаваціць у службе якому-небудзь рэжыму. І яму трэба стаць на абарону правоў чалавека: гэта пытанне выжывання», – раіць французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.