Агляд прэсы: паміж двух зол
Пуцінскія правілы гульні для Беларусі. СМІ працягваюць назіраць за нарошчваннем войскаў на мяжы з Украінай. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
«2020 год, відавочна, быў жахлівым. Аднак для Пуціна ў ім знайшоўся станоўчы момант. Пуцін вырашыў «праблему 2024 года» і пазбавіўся ад юрыдычнага абмежавання на перавыбранне праз 4 гады. Ён зрабіў гэта, калі ўнеслі папраўкі ў канстытуцыю, якія абнулілі папярэднія абмежаванні на колькасць тэрмінаў», – канстатуе амерыканскі часопіс Foreign Affairs.
Выданне падкрэслівае, што ў 2020 годзе ўсе прайшло не зусім так, як хацеў Пуцін. Прычынай сталіся акурат масавыя пратэсты ў Беларусі, суседцы і адной з бліжэйшых саюзніц Расеі, якія прадэманстравалі нетрываласць аўтарытарных рэжымаў рэгіёну.
«Прааналізаваўшы беларускія і расійскія пратэсты, можна прыйсці да асноўнай высновы: Пуцін зусім не вырашыў праблему 2024 года. Цяпер ён можа балатавацца зноў, але гэта зусім не значыць, што перавыбранне пройдзе лёгка. Пуцін десакралізаваны, а гэта значыць, што кантроля над дзяржаўным тэлебачаннем і маніпуляцый з выбарамі з мэтай не дапусціць небяспечных кандыдатаў, яму, як і іншым, можа не хапіць. Махлярства і рэпрэсіі цалкам могуць спатрэбіцца, але і яны не заўсёды спрацоўваюць», – адзначае амерыканскі часопіс і дадае, што Джо Байдэн будзе назіраць за сітуацыяй у Беларусі, як і іншых постсавецкіх краінах.
«Усё больш ваяўнічая рыторыка Масквы ўзмацняе спекуляцыі аб магчымым расейскім ўмяшальніцтве», – піша брытанская газета Financial Times. Выданне нагадвае, што ўмовы мірнага пагаднення па Данбасе застаюцца нявыкананымі, намякаючы, што менавіта па віне Масквы. Пуцін у сваю чаргу падвяргае выпрабаванню амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, а таксама рашучасць Захада ў цэлым.
Выданне спрабуе адказаць на пытанне, ці пачнецца вайна паміж Расеяй і Украінай: «Рыторыка Масквы становіцца ўсё больш ваяўнічай. Нацыяналістычна настроеныя ідэолагі на расейскім дзяржаўным тэлебачанні заклікаюць да поўнай анэксіі Расеяй Данецкай вобласці або нават да больш маштабнага ўварвання».
Паведамляецца, што Пуцін заявіў Ангеле Мэркель, што Расея можа ўмяшацца для выратавання прарасейскага насельніцтва Данбаса, хаця няма ніякіх сведчанняў таго, што жыхарам гэтага рэгіёну пагражае хоць якая небяспека. Таксама Financial Times цытуе спецыяльнага упаўнаважанага Крамля па Украіне Дзмітрыя Козака, які заявіў пра тое, што любая эскалацыя з боку Кіева «будзе пачаткам канца» для гэтай краіны. «Расейскі адказ будзе не стрэлам у нагу, а стрэлам у скронь».
На паседжанні прэзідыўму Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Германіі было прынята рашэнне падтрымаць кандыдатуру лідара партыі Арміна Лашэта на пасаду федэральнага канцлера. У Баварыі прэзідыум мясцовага Хрысціянска-сацыяльнага саюза прыняў рашэнне падтрымаць кандыдатуру свайго лідэра – Маркуса Зёдара.
«Ні Лашэт, ні Зёдар не змогуць вярнуць Еўразвязу яго ранейшае аблічча», – піша чэшская газета Lidové noviny.
«Курс Ангелы Мэркель быў непрымальны для многіх кансэрватыўных выбаршчыкаў , менавіта таму рэйтынг АДГ і складае толькі 12 працэнтаў. Але выбар кандыдата на пасаду канцлера ад ХДС / ХСС – гэта не рэферэндум аб спадчыне Мэркель. Калі б супраціў курсу Мэркель быў бы сапраўды моцным, то новым лідэрам партыі ў студзені стаў б не Лашэт, а Фрыдрых Мэрц. Зёдар – таксама не той чалавек, які мог бы рэзка парваць з курсам Мэркель. Яго козыр – толькі тое, што ў свой час ён хутка ўвёў супрацьэпідэмічныя меры, і тым самым зрабіў Баварыю самай бяспечнай федэральнай зямлёй Германіі ў часы пандэміі», – падкрэслівае чэшскае выданне.
Надзвычайная сітуацыя, якая склалася за час пандэміі, спрыяе пагаршэнню здароўя людзей, у тым ліку і ўскосным чынам: сацыяльныя абмежаванні ствараюць нагрузку на псіхіку людзей, ажно да залішняй смяротнасці, наўпрост не звязанай з COVID-19.
Прынамсі ў Даніі ўсе пяць рэгіёнаў краіны прынялі рашэнне заснаваць экспертны савет для вывучэння стану псіхічнага здароўя грамадзян у сітуацыі локдаўна. Дацкая газета Der Nordschleswiger каментуе ініцыятыву:
«Якім чынам пандэмія паўплывала на паўсядзённае жыццё ў доўгатэрміновай перспектыве будзе бачна толькі з часам. Але менавіта таму важна, каб група экспертаў, у якую ўваходзяць спецыялісты ў галіне аховы здароўя, арганізацыі па абароне інтарэсаў пацыентаў і прадстаўнікі розных медычных асацыяцый, займалася даследаваннем наступстваў каронакрызісу. Пакуль камітэт не высветліў, як лепш за ўсё справіцца з гэтымі наступствамі, мы павінны пачаць з сумленнага адказу самім сабе на найпростае пытанне: як мы сябе адчуваем сёння».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя