Агляд прэсы: паміж дзвюмя межамі



Дзясяткі людзей апынуліся паміж польскай і беларускай мяжой. Пуцін і Эрдаган зноў задумалі ў Сірыі абмен тэрыторыямі. Як цэны на газ, вугаль і электраэнергію паўплывалі на нафтавыя рынкі. Чаму вырыслі цэны на труны ў Расеі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прастора паміж польскай і беларускай мяжой стала месцам бежанцаў са жніўня. Польшча не прапускае іх і спрабуе адправіць назад у Беларусь, але беларускія памежнікі таксама іх не прапускаюць», – піша амерыканскае выданне Global Voices.

У артыкуле прыводзіцца даказаная схема, якую афіцыйны Менск адпрацаваў на ўцекачах.

«План адносна просты. Менск заклікае тых, хто хоча збегчы са сваіх краін, прыехаць у Беларусь. Адтуль яны могуць перасекчы мяжу з Польшчай і апынуцца ў ЕЗ. Прапануючы ўласную тэрыторыю ў якасці транзітнай зоны, Беларусь стварыла праблему для ЕЗ і фінансавую магчымасць для сябе, бо, хоць візу ў Беларусь атрымаць нескладана, гэта нятанна. Групы па інтарэсах у арабскамоўным Facebook даюць інфармацыю пра тое, як дабрацца да Беларусі. Паведамленні ўключаюць цану і кантактны тэлефон. Па прыбыцці на самалёце ў Менск людзей перавозяць да мяжы, але яны павінны перасекчы яе самастойна. Некаторыя людзі дабіраюцца да мяжы сваімі сіламі. Запытаная цана патраплення ў ЕЗ вагаецца ад 100 да некалькіх тысяч даляраў», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

***

«Вакол Сірыі зноў завіраваў рух», – піша The Atlantic Council, аналізуючы падзеі апошніх месяцаў у рамках сірыйскага дасье, калі Асад і Эрдаган прыбылі з візітамі ў Расею. «Масква прагматычна дзеліць сферы ўплыву з Анкарой, хоць яны разыходзяцца ў бачанні сірыйскага эндшпіля. Галоўнае пытанне: што менавіта задумалі Пуцін і Эрдаган на гэты раз?».

«Акрамя розных трактовак пагадненняў, Эрдаган і Пуцін разыходзяцца ў меркаваннях і наконт прыярытэтаў. На думку Эрдагана, курдская пагроза на ўсход ад Еўфрата пераважвае над ўсімі іншыя прыярытэтамі ў Сірыі, тады як Пуцін падкрэсліў, што адно з першых месцаў у яго спісе займае «вызваленне» Ідлібу. Туркі пакінулі стратэгічны горад Алепа, а Пуцін у абмен закрыў вочы на гэта. У рэшце рэшт, Сірыя – усяго толькі адно з шэрагу двухбаковых пытанняў ад Лівіі да Нагорнага Карабаха, і Эрдаган з Пуціным выдатна разумеюць, што ад далейшых рознагалоссяў вакол правінцыі Ідліб не выйграе ніхто. Пагадненне нашмат прасцей і танней, чым эскалацыя канфлікту, і асабліва вайна», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

«Неверагодна высокія цэны на прыродны газ, вугаль і электраэнергію аказваюць дадатковы ціск на нафтавыя рынкі, падганяючы попыт, пакуль прамысловыя прадпрыемствы і вытворцы электраэнергіі імкнуцца перайсці на вадкае паліва, каб стрымаць рост выдаткаў. Аднак не варта чакаць, што будучай зімой вытворцы нафты будуць хутка павялічваць пастаўкі, паколькі іх вельмі трывожыць тое, што можа адбыцца далей», – папярэджвае амерыканскае выданне Bloomberg.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што пераход з прыроднага газу на нафту павялічыць глабальны попыт на нафту на 500 тысяч барэляў, калі ў паўночным паўшар’і наступіць зіма. Такое агульнае меркаванне аналітыкаў Міжнароднага энергетычнага агенцтва. Аднак краіны-вытворцы нафты рашуча маюць намер прытрымлівацца свайго плану паступовага нарошчвання паставак, які яны ўзгаднілі яшчэ ў ліпені.

«Такі дадатковы попыт прымушае тых жа самых аналітыкаў павышаць прагнозы па цэнах на нафту. Гэта выдатныя навіны для вытворцаў нафты на чале з Саудаўскай Аравіяй і Расеяй, якія актыўна папаўняюць сваю казну пасля рэзкага падзення даходаў, з якім яны сутыкнуліся ў мінулым годзе. Аднак гэтага ўсё роўна недастаткова для таго, каб яны разгледзелі магчымасць больш хуткага нарошчвання аб’ёмаў паставак, чым яны раней ўзгаднілі», – піша амерыканскае выданне.

***

«У той час як у многіх еўрапейскіх краінах пандэмія паступова перастае палохаць, сітуацыя ў Расеі ўсё больш выходзіць з-пад кантролю», – піша нямецкае выданне Handelsblatt. – «Колькасць заражаных людзей і смерцяў ад каронавірусу працягвае дасягаць новых максімальных паказнікаў: 32 тысячы новых выпадкаў заражэння і амаль 1000 смерцяў ад каронавірусу штодня па тэрыторыі найбуйнейшай дзяржавы на планеце зараз б’е нават рэкорды мінулай зімы».

Выданне адзначае, што тое, наколькі сур’ёзным стаў крызіс, паказвае, напрыклад, рост коштаў на труны і магільныя крыжы: кошт труны падскочыў на 30-60%.

«Афіцыйна рост цэнаў тлумачыцца падаражэннем закупак драўніны і металу. Аднак маскоўскія СМІ таксама паказваюць, што ўвесь пахавальны сектар арганізаваны манапольна і пры дапамозе карупцыі звязаны з дзяржаўнымі чыноўнікамі», – гаворыцца ў артыкуле. «Сапраўднай прычынай ўзлёту цэн стаў велізарны попыт на труны з-за высокай залішняй смяротнасці: дзесяткі тысяч памерлых ад каронавірусу не былі афіцыйна зарэгістраваныя як «памерлыя ад Covid-19»; у іх пасведчаннях аб смерці пазначаны спадарожныя ўскладненні, напрыклад, пнеўманія», – адзначае Handelsblatt.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.