Агляд прэсы: паміж кувалдай і кавадлам



«Ядзерная зброя для ўсіх»: Лукашэнка запрашае ў расейскі альянс. Набліжаецца перадзел Расеі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Нядаўна Лукашэнка і Пуцін абвясцілі аб дамоўленасці аб перакідцы расейскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыю суседзяў. «Краіны, якія жадаюць увайсці ў Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі, па словах Лукашэнкі, будуць забяспечаны ядзернай зброяй», – піша ізраільская газета The Times Of Israel.

«Гэта ўсе. Ядзерная зброя будзе для ўсіх, як кажа «вярбоўшчык ад Крамля». Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі – гэта наддзяржаўнае ўтварэнне, заснаванне якога было ратыфікавана парламентамі абедзвюх краін у 2000 годзе. Альянс спрыяе развіццю супрацоўніцтва ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, тэхналогіях і пытаннях бяспекі межаў. Краіны, якія жадаюць увайсці ў Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі, будуць забяспечаны ядзернай зброяй. У чацьвер беларускі аўтакрат заявіў, што Расея перакіне частку сваёй ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Гэты крок выклікаў асуджэнне з боку ЕЗ і ЗША, а прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер назваў гэта «безадказнымі паводзінамі», хоць і сказаў, што ў цяперашні час няма прыкмет таго, што Расея плануе выкарыстоўваць зброю», – падсумоўвае ізраільскае выданне.

Прыгожын кажа аб магчымасці рэвалюцыі ў Расеі. А ліберальныя рэсурсы, якія пераехалі за мяжу, публікуюць яго партрэты з гуллівым подпісам «Калі не Пуцін, то хто?». Гэтую фразу шмат гадоў лібералы прамаўлялі як жарт. Перспектыва замены Пуціна на каго б там ні было не здавалася рэальнай. «Сёння гэтая фраза гучыць ужо інакш. За ёй адчуваецца рэальны экзістэнцыйны жах. Зрэшты, папужваць лібералаў прыходам замест Пуціна зусім ужо ашалелых фашыстаў заўсёды было зусім не беспаспяховай гульнёй Крамля», – паведамляе расейскае незалежнае выданне Graniru.

«Ці знойдуцца і пасля 24 лютага цалкам ліберальныя людзі, якія працягваюць казаць, што можа быць нехта і страшны за Пуціна? Нажаль, знойдуцца. Усе тыя, хто працягваюць спадзявацца, што з Пуціным атрымаецца дамовіцца аб нейкай «ганаровай нічыёй». Таму што прызнаць, што з Пуціным дамовіцца немагчыма ў прынцыпе, азначае не што іншае, як сказаць: „Прыгожын лепшы за Пуціна”. Апошнія выступленні Прыгожына – гэта заява аб тым, што з ім якраз і можна будзе дамовіцца. І нават не аб „ганаровай нічыёй”, а аб „ганаровай капітуляцыі”. З прызнаннем „блудняка” і сыходам з захопленых тэрыторый. Цалкам магчыма, што за Прыгожыным стаіць нейкая групоўка ўнутры кіруючых вярхоў, якая рыхтуецца да будучага „перадзелу” і імкнецца зваліць адказнасць за будучыню паражэння на іншую частку гэтай вярхушкі. І, вядома, яна будзе шукаць «ворагаў народа» для паказальнай прылюднай расправы. Ніводную з груповак «пуцінскай эліты» не шкада. Усе яны маюць дачыненне да развязвання і вядзення гэтай вайны. На іх на ўсіх кроў сотняў тысяч людзей», – падсумоўвае расейскае незалежнае выданне.

28 мая ўрад краіны і кіраўнікі штатаў Самалі падпісалі пагадненне аб увядзенні ў краіне ўпершыню з 1969 года прамога ўсеагульнага выбарчага права па прынцыпе „адзін чалавек – адзін голас” замест сістэмы непрамых выбараў.

«Гэты прынцып быў ужо апрабаваны часткова у паўаўтаномным штаце Пунтлендзе 25 траўня на выбарах у мясцовыя органы ўлады. Аднак, з-за складанай сітуацыі з бяспекай галасавання, у 7 акругах, у тым ліку ў сталіцы штата – Гароўэ, выбары не адбыліся. Улады паабяцалі аб’явіць новую дату галасавання ў бліжэйшы час», – паведамляе афрыканскае выданне agenceafrique.

«Наступнымі выбарамі па новым прынцыпе будуць выбары ў мясцовыя органы ўлады, запланаваныя на 30 чэрвеня 2024 года, выбары кіраўнікоў астатніх штатаў – 30 лістапада 2024 года і прэзідэнцкія ў маі 2026 года. Акрамя ўвядзення новай сістэмы галасавання, улады дамовіліся аб прыняцці прэзідэнцкай сістэмы кіравання замест парламенцкай. Апазіцыйны форум Мадаша Сіяасада Пунтлэнд, які сабраўся ў сярэдзіне мая 2023 года, раскрытыкаваў выбарчы працэс і перасцерагаў ад спроб перагледзець канстытуцыю штата на гэтым этапе пераходнага перыяду, калі тэрмін паўнамоцтваў парламента і ўрада хутка мінае. Гэта можа быць спробай незаконнага падаўжэння мандата», — папярэджвае афрыканскае выданне.

New York Times апублікавала відэа, на якім бачна, як грэчаская берагавая ахова сілай выдварвае бежанцаў за межы тэрыторыі краіны. На кадрах, прадстаўленых супрацоўнікам гуманітарнай місіі, адлюстравана, як бежанцаў – у тым ліку жанчын і дзяцей – саджаюць на плыт. «Грэцыя пакінутая сам-насам з гэтай праблемай», – піша нідэрландская газета De Volkskrant.

«Дзяржавы-сябры ЕЗ зрабілі занадта мала для справядлівага размеркавання бежанцаў па краінах ЕЗ і для пераадолення бесчалавечных умоў пражывання ў лагерах для бежанцаў на востраве Лесбас. Грэцыі прыйшлося вырашаць гэтую праблему па большай частцы ў адзіночку. Калі Еўропа і сапраўды сур’ёзна настроена ў плане размеркавання бежанцаў па рэгіёнах, то зараз самы час заняцца гэтым ушчыльную. Для пачатку варта вылучыць дастатковую колькасць фінансавых сродкаў для забеспячэння лагераў усім неабходным. Акрамя таго, неабходна адзіная еўрапейская палітыка ў адносінах да працоўнай міграцыі. Без агульнай палітыкі па пытаннях міграцыі і прадастаўлення прытулку праблема бежанцаў толькі пагоршыцца, а Еўропа страціць чалавечую асобу», – папярэджвае нідэрландскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя