Агляд прэсы: паміж молатам і кавадлам



Беларусь пастаўляе умацаванні «Зубы дракона» для Расейскай Федэрацыі. Пра што дамовіліся ў Рамштайне? Чым пагражае скарачэнне насельніцтва ў Кітаі? Лондан заблакаваў шатландскі закон пра правы трансгендэраў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Жалезабетонныя канструкцыі «зубы дракона», якія расейскія войскі выкарыстоўваюць для будаўніцтва лініі абароны, вырабляюць у Гомелі. Вытворчасць на гомельскім заводзе пачалася больш за месяц таму», – паведамляе ўкраінскае выданне Ukrainian Military Center.

«Як мяркуецца, канструкцыі вырабляюць не толькі на гэтым прадпрыемстве, аднак іншыя месцы вытворчасці «зубоў дракона» не ўдакладняюцца. Іх перавозяць на грузавіках, як правіла, КамАЗах з расейскімі ці беларускімі нумарамі. У сярэднім на адным грузавіку заўважана ад 10 да 15 «зубоў дракона». Пры дапамозе такіх збудаванняў акупанты будуюць «лінію абароны» ў Белгарадскай вобласці Расеі, якая павінна стаць працягам «лініі Вагнера» ў Луганскай і Данецкай абласцях. Таксама «зубы дракона» былі заўважаныя ў Мелітополе і Крыме. Падобныя ўмацаванні пірамідальнай формы выкарыстоўваліся яшчэ падчас Другой сусветнай вайны для перашкоды руху танкаў і мотапяхоты», – адзначае ўкраінскае выданне.

«Вынікі «Рамштайна-8» можна расцаніць хутчэй не як расчаравальныя, а як нявызначаныя. Танкі Leopard 2 і Abrams Кіеву пакуль не далі, але навучаць украінскіх танкістаў на «Леапардах» пачалі, і, мяркуючы па заявах польскага міністра абароны, да канца сакавіка разлічваюць завяршыць навучанне цэлай танкавай брыгады (а гэта каля 100 машын)», – піша расейскае незалежнае выданне Graniru.

«Берлін жа наконт паставак сучасных танкаў, як у дзіцячай гульні, не сказаў ні «так», ані «не». Паводле цалкам праўдападобных уцечак інфармацыі, германскі канцлер у гутарцы з амерыканскім прэзідэнтам паставіў умову: Нямеччына перадасць свае танкі Украіне толькі пасля таго, як Амерыка пачне пастаўляць «Абрамсы». ЗША матывуюць сваю адмову ад паставак «Абрамсаў» тым, што яны вельмі складаныя для асваення і, што яшчэ важней, у тэхнічным абслугоўванні, паколькі ўсю рамонтную базу давядзецца прывозіць з-за акіяна. Англія, каб падштурхнуць Германію і іншыя краіны НАТА да паставак Украіне сучасных танкаў, яшчэ да «Рамштайна-8» аб’явіла аб перадачы Кіеву 14 цяжкіх танкаў Challenger 2 і ўжо пачала пастаўкі. Масква ў адказ унесла ў чорны спіс брытанскага міністра замежных спраў, які і без таго ў агляднай будучыні ў Маскву не збіраўся. У Пуціна ў запасе не засталося ніякіх рэальных сродкаў эскалацыі, ён і так выкарыстоўвае супраць Украіны ўсю зброю, якую можа, за выключэннем ядзернай. І ў Берліне, і ў Вашынгтоне не могуць не разумець гэтага. Так што справа не ў страху «эскалацыі», а ў правакацыйным пытанні: а ці не знаходзіцца хтосьці з чальцоў урада Нямеччыны і адміністрацыі ЗША на ўтрыманні ў Пуціна», – піша расейскае выданне.

Першае за 60 гадоў скарачэнне насельніцтва Кітая ўдарыць па сусветнай эканоміцы. Па выніках мінулага года смяротнасць у краіне перавысіла нараджальнасць, і гэта нягледзячы на то, што ўлады КНР ужо прынялі меры, каб пазбегнуць дэмаграфічнага крызісу. Напрыклад, у некаторых правінцыях увялі грашовыя выплаты для шматдзетных сем’яў. За апошнія дзесяцігоддзі Кітай стаў галоўным рухавіком сусветнай фінансавай сістэмы. У выніку дэмаграфічнага крызісу сур’ёзныя наступствы могуць чакаць і эканомікі іншых краін.

«Урад КНР на працягу некалькіх гадоў з усіх сіл спрабаваў заахвоціць людзей заводзіць больш дзяцей і прадухіліць дэмаграфічны крызіс, які насоўваўся. Новая палітыка накіравана на аблягчэнне фінансавага і сацыяльнага цяжару выхавання дзяцей пры дапамозе субсідый і падатковых ільгот. У некаторых правінцыях бацькам, у якіх ёсць другое ці трэцяе дзіця, прызначылі грашовыя выплаты. Напрыклад, у горадзе Шэньчжэнь – больш за $ 5, 5 тыс. Аднак пасля дзесяцігоддзяў абмежаванняў нараджальнасці і росту кошту сучаснага жыцця гэтыя намаганні амаль бясплодныя», – заключае брытанская газета The Guardian.

Брытанскі ўрад вырашыў прыняць меры супраць спрэчнага закону аб трансгендэрах у Шатландыі. Згодна з новай нормай, па дасягненні шаснаццацігадовага ўзросту трансгендэры змогуць падаваць заяву на юрыдычнае прызнанне свайго новага полу без праходжання медыцынскага агляду. Вестмінстэр угледзеў у гэтым парушэнне раўнапраўя, якое павінна дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі. Еўрапейская прэса бачыць зусім іншыя прычыны гэтай спрэчкі. Нямецкая газета Frankfurter Rundschau асуджае такі палітычны манеўр.

«На фоне спробаў Шатландыі здабыць незалежнасць зусім нядзіўна, што Лондан вырашыў у дадзеным выпадку паказаць, хто ў доме гаспадар. Абуральна тут, аднак, тое, што Сунак выкарыстоўвае гэтае жаданне і для таго, каб патрапіць праваму флангу лагера торы, які любой цаной жадае прадухіліць рух грамадскага прагрэсу на карысць маргіналізаваных груп. Такім чынам, Сунак дапускае сітуацыю, пры якой транслюдзі аказваюцца між палітычнымі франтамі, і ў канчатковым выніку, церпяць ад гэтага. І гэта нягледзячы на тое, што шатландскі законапраект усяго толькі гарантуе ім тое, што і так павінна прыналежаць транслюдзям па праве: годнае жыццё», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя