Агляд прэсы: паміж ЗША і Кітаем
Кавалерыя ЗША ля межаў Беларусі. Новы геапалітычны трохкутнік. Шпіён ці журналіст. У чаканні на «галоп» фондаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.
Штодзённая газета Міністэрства абароны ЗША Stars and Stripes прысвяціла першыя палосы, каб прывітаць уласны 8-ы кавалерыйскі полк 2-га батальёну з Форта Худа, штат Тэхас, які заняў пазіцыі ў Літве разам са сваім цяжкім узбраеннем, уключна на танкі Abrams і гусенічныя платформы Bradley.
Амерыканскае выданне падкрэслівае, што наяўнасць амерыканскай ваеннай прысутнасці ў гэтым рэгіёне з’яўляецца ключавым фактарам для стрымлівання расейскай агрэсіі супраць былой Савецкай Рэспублікі. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваецца і міністр абароны Літвы Арвідас Анусаўскас, які разам з паслом ЗША ў Літве Робертам Гілкрыстам прыняў удзел у цырымоніі сустрэчы 8-месяцовай амерыканскай місіі у горадзе Пабрадэ, што месціцца каля 48 км на паўночны ўсход ад Вільні і ўсяго ў 9 км ад мяжы з Беларуссю.
***
Пастаўленае пад сумнеў у шэрагу еўрапейскіх сталіц і ў Вашынгтоне інвэстпагадненне з Кітаем ўсё ж было падпісана ў апошнія дні года. Зараз еўрапейскія прадпрыемствы і фірмы атрымаюць палегчаны доступ да самага буйнога рынку, які хутка расце. Умацаванне супрацоўніцтва з Кітаем было адной з мэтаў старшынства Германіі ў Савеце ЕЗ – што, аднак, выклікала незадаволенасць новага кіраўніцтва ЗША.
Сваімі сумневамі дзеліцца і брытанская газета Financial Times : «Еўрасаюз яшчэ пашкадуе аб гэтым пагадненні». Такі прагноз дае аўтар матэрыялу Гедэон Рахман: «Калі такое аўтарытарная дзяржава, як Кітай, выцясняе з пазіцыі дамінуючай сусветнай дзяржавы ЗША, то наступствы гэтага адчуюць на сабе дэмакратыі па ўсім свеце. Нават у межах цяперашняга геапалітычнага парадку Кітай неаднаразова дэманстраваў гатоўнасць задзейнічаць сваю эканамічную моц у якасці стратэгічнага зброі».
Выданне Financial Times падкрэслівае, што праз павышэнне сваёй эканамічнай залежнасці ад Кітая – і пры гэтым без супольнай каардынацыі такіх дзеянняў з іншымі дэмакратыямі, еўрапейскія краіны становяцца уразлівымі для ціску з боку Кітая. У гэтым сэнсе Еўракамісія, якая сама паставіла перад сабой мэту дзейнічаць «геапалітычна», прыняла вельмі недальнабачнае рашэнне.
***
Брытанскі суд адмовіў ЗША ў экстрадыцыі заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа. У Амерыцы яго абвінавачваюць у парушэнні закона аб шпіянажы і яму пагражае да 175 гадоў турмы. Сваё рашэнне суддзя абгрунтавала засцярогай, што ў выпадку выдачы амерыканскім уладам і наступнага асуджэння па абвінавачванні ў шпіянажы 49-гадовы выкрывальнік можа здзейсніць самагубства. Ці можна апраўдаць дзеянні Асанжа спасылкай на прынцып свабоды прэсы? Гішпанская газета La Vanguardia лічыць, што не, у артыкуле пад назвай «Гэта не была журналістыка».
«Шмат хто з журналістаў, у тым ліку і лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі, кажуць пра тое, што ў сваёй працы робяць тое ж самае, што рабіў Ассанж: запытваюць інфармацыю, атрымліваюць яе – і друкуюць. Але тая інфармацыя, уцечку якой забяспечыў Асанж, не зьяўлялася вынікам журналісцкага расследавання ў класічным разуменні. Гэта быў крадзеж дадзеных з сакрэтных архіваў амерыканскіх ведамстваў», піша La Vanguardia. Гішпанскае выданне засмучае факт наяўнасці своеасаблівага ідэалагічнага фільтра, калі, напрыклад, Wikileaks ніколі не публікаваў інфармацыю, якая зневажае Расею, што і прымушае сумнявацца надалей ў альтруістычнай матывацыі на карысць абароны свабоды слова. Перамога Асанжа ў судзе толькі разагрэла дыскусію аб межах расследванняў ў журналістыцы і праве на свабоду слова.
Чаканні ў дачыненні да 2021 году вельмі вялікія, па меншай меры ў тым, што датычыць заканчэння пандэміі каронавірусу. Так румынская газета Jurnalul National дае аптымістычны прагноз росту фондавага рынку. «Ужо зараз станоўчы эфект вакцынацыі задае тон у плане прагнозаў на пачатак 2021 года. Відавочна, што праграма вакцынацыі, якая праводзіцца на ўзроўні ЕЗ, падвысіла гатоўнасць ўкладчыкаў да рызык. Такім чынам, назіраюцца перадумовы, каб сусветная эканоміка пачала аднаўленне, а на фінансавых рынках зноў раздаўся бадзёры «галоп быка», – падсумоўвае фондавай лексікай свой прагноз румынскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя