Агляд прэсы: папяровыя планы
СМІ па ўсім свеце абмяркоўваюць публічна агучаны намер Лукашэнкі застацца. Каталонія спрабуе правесці выбары, а Турцыя выпрабоўвае ўласнараспрацаваныя баявыя дроны.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
Сусветныя СМІ, у тым ліку амерыканскае выданне Fredericksburg.com, абляцела навіна аб тым, што менш чым за год у Беларусі адбудзецца галасаванне па Канстытуцыі.
Выданні цытуе Лукашэнку, які па завяршэнні двухдзённага „Усебеларускага народнага сходу” заявіў, што канстытуцыйнае галасаванне будзе праводзіцца адначасова з мясцовымі выбарамі, якія пройдуць не пазней за 18 студзеня 2022 году. Самі змены ў асноўны закон краіны так і не былі агучаны.
«Лукашэнка, які кіруе Беларуссю больш за 26 гадоў, цьмяна паабяцаў сходу, што калі-небудзь сыдзе з пасады, заявіўшы, што «прыйдзе час, і прыйдуць іншыя людзі», – адзначае амерыканскае выданне.
Недарагія і эфектыўныя беспілотныя лятальныя апараты адкрываюць новую эру вядзення вайны. «Турцыя стала майстрам у канфліктах такога тыпу, што яна даказала ў Нагорным Карабаху. Аднак гэтая новая вайна хавае ў сабе шмат небяспекі», – піша нямецкая штодзённая газета Die Welt.
Выданне канстатуе, што ў цяперашні час існуе больш за 40 розных тыпаў баявых беспілотнікаў. Яны вар’іруюцца ад звычайных баявых дронаў, якія страляюць ракетамі і скідваюць забароненыя касетныя боепрыпасы, да мадэляў-смяротнікаў, якія самазнічтажаюцца і знішчаюць сваю мэту.
«На працягу многіх гадоў найбуйнейшымі вытворцамі і экспарцёрамі дронаў былі ЗША, Ізраіль і Кітай. Сёння да іх далучылася Турцыя, якая развіла ўласную прамысловасць. Да таго ж яна адпрацавала супольнае прымяненне беспілотнікаў, артылерыі і знішчальнікаў у Сірыі», – адзначае Die Welt – «і калі ў канцы верасня пачаўся канфлікт у Нагорным Карабаху, ён ужо ператварыўся ў амаль шэраговы для турэцкіх «міратворцаў».
У нядзелю каталонцы будуць выбіраць новы рэгіянальны парламент. Напярэдадні выбараў партыі, якія выступаюць за незалежнасць Каталоніі, падпісалі сумесны маніфест, у якім заявілі, што не маюць намер уступаць у кааліцыю з сацыялістамі. Апошнія, аднак, з’яўляюцца кіруючай партыяй у краіне і знаходзяцца на першым месцы па папулярнасці ў самой Каталоніі.
Былы дэпутат Еўрапарламента ад Каталоніі Ігнас Гуарданс на старонках бельгійскай газеты Le Soir піша пра тое, што было б пажадана, калі б масла ў вагонь не падлівалі іншыя гульцы.
«Адзін з найважнейшых фактараў у ходзе цяперашніх выбараў – здольнасць разглядзець, хто прапаноўвае шырокі дыялог, павагу закона, а хто прытрымліваецца курсу на канфрантацыю ды прынцып «усё ці нічога», іншымі словамі – аддае перавагу папулісцкаму палітычнаму асартыменту. … Сябры Каталоніі і Гішпаніі ў Еўропе заўсёды могуць сказаць сваё слова, але як дэмакраты, мы патрабуем аднаго: ня падтрымлівайце падбухторшчыкаў! Будучыня Каталоніі не можа выбудоўвацца на канфрантацыі», – заклікае бельгійскае выданне.
Нягледзячы на ўрэгуляванне спрэчкі з канцэрнам Astrazeneca, да гэтага часу не змаўкае крытыка на адрас ЕЗ з нагоды затрымак у справе забеспячэння краін супольнасці вакцынамі ад каронавірусу. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен прызнала, што быў дапушчаны шэраг памылак, аднак пры гэтым працягвае настойваць на тым, што сумесныя закупкі – гэта найлепшы варыянт. «Рабіць з ЕЗ казла адпушчэння азначае ўзвальваць віну не на тых», – піша калумніст бельгійскай газеты De Standaard Паўль Госэнс:
«Упершыню ў гісторыі Еўразвяза фармакалагічныя канцэрны не змаглі прымяніць вядомы прынцып «падзяляй і ўладар» – і скарыстацца рознагалоссямі паміж краінамі ЕЗ. Гэта зэканоміла грамадзянам ЕЗ сотні мільёнаў еўра, а ў будучыні дык і зусім зэканоміць суму ў шмат разоў большую. Некаторым гэта вельмі не па душы, і яны не супраць выпусціць шанец паставіць ЕЗ падножку. І тое, што пры падобным раскладзе ў дурнях застануцца малыя краіны, – факт цалкам відавочны», – адзначае бельгійскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя