Агляд прэсы: паралізуючае чаканне



Ля Беларусі самае небяспечнае месца на зямлі. Макрон застаўся без большасці ў парламенце. Ці прымаць Украіну ў Еўразвяз? Новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Сувалкі, што знаходзяцца на адрэзку 100 кіламетраў уздоўж літоўска-польскай мяжы, паміж Беларуссю на ўсходзе і расейскім эксклавам Калінінградам на захадзе, на думку заходніх ваенных планіроўшчыкаў ёсць адной з першых мэтаў прэзідэнта Расеі, калі б ён калі-небудзь вырашыў узмацніць канфлікт вайны ва Украіне праз кінетычную канфрантацыю з НАТО», – паведамляе еўрапейскае выданне Politico.eu.

„У гады халоднай вайны гэтыя мясціны былі ўлюбёнымі месцамі савецкага адпачынку. Побач вядомае месца адпачынку – Друскенінкай. І пакуль вайна ва Украіне не паставіла яго за межы дасяжнасці, ён мала страціў прывабнасці для расейцаў, якія разам з беларусамі складалі найбольшую долю наведвальнікаў. Пакуль што па літоўскім баку Сувалскага калідора, вясковага краявіду невялікіх хутароў, палявых масляных палёў і лесу, няма ніводнай ваеннай машыны або салдата. Супольнасць давярае літоўскім вайскоўцам і NATO, а таксама іх здольнасці забяспечваць бяспеку. Аднак занепакоенасць выклікае тое, што ў канфлікце з Захадам Расея магла б адначасова ўварвацца ў Сувалскі калідор з усходу і захаду, адарваўшы краіны Балтыі Еўразвязу ад іх саюзнікаў на поўдні. Гэта велізарная ўразлівасць, таму што ўварванне адрэзала б Літву, Латвію і Эстонію ад астатняй часткі NATO. У Калінінградзе Расея стварыла грозную ваенную прысутнасць, якая ахоплівае ядзерную зброю, свой Балтыйскі флот і дзясяткі тысяч салдат. Чаканае ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў NATO яшчэ больш узмацніла напружанасць паміж Расеяй і альянсам. Гістарычныя спрэчкі паміж палякамі і літоўцамі ў сувалскім калідоры наконт мовы і правоў меншасцяў па абодва бакі мяжы прывялі да здагадак, што Пуцін можа выкарыстаць гэтую напружанасць у сваіх інтарэсах, як і ў сваёй тактыцы на Данбасе, дзе яму ўдалося завалодаць прарасейскімі настроямі і развязаць сепаратысцкі рух», – піша еўрапейскае выданне.

Вынікі другога туру парламенцкіх выбараў у Францыі адназначныя: лагер прэзідэнта застаецца вядучай сілай у Нацыянальным сходзе, аднак больш не мае ў ім абсалютнай большасці. Найбуйнейшай апазіцыйнай партыяй у парламенце будзе левы альянс «Новы народны экалагічны і сацыяльны саюз» (Nupes), які ўзначальвае Мэланшон. Трэцяй па колькасці фракцыяй стане ультраправае «Нацыянальнае аб’яднанне» на чале з Ле Пен. Як адзначаюць аглядальнікі, вынікі выбараў будуць мець далёкасяжныя наступствы як для Францыі, так і для Еўропы ў цэлым.
«Апошнія падзеі – гэта гучная аплявуха Макрону», – піша нямецкая газета Berliner Morgenpost.

«Цяпер для таго каб правесці той ці іншы закон, прэзідэнту спатрэбяцца партнёры. Наперадзе Макрона чакаюць пяць вельмі няпростых год. Прэзідэнту не ўдалося пераадолець глыбокі раскол, які пануе ў краіне. Правыя і левыя радыкалы глыбока ўкаранёны ў грамадстве, і колькасць іх прыхільнікаў увесь час расце. З вуліц Францыі зніклі пратэсты «жоўтых камізэлек», аднак гнеў грамадзян нікуды не падзеўся: ні адна з найважнейшых праблем так і не была вырашана. Пакупніцкая здольнасць грамадзян, энергетычнае забеспячэнне і пенсіі – вось што было галоўнымі тэмамі пратэстаў. І ў гэтым плане вынікі першага тэрміну Макрона несуцяшальныя», – падкрэслівае нямецкае выданне.

На гэтым тыдні адбудзецца саміт ЕЗ, на якім будзе вырашацца пытанне аб наданні Украіне і Малдове статусу кандыдата на ўступленне ў супольнасць. У пятніцу Еўракамісія абнародавала свае рэкамендацыі на карысць прыняцця адпаведнага рашэння. Пры гэтым Еўракамісія адмовілася даваць зялёнае святло заяўцы, пададзенай Грузіяй, параіўшы адкласці гэтае пытанне на будучыню. Як бы там ні было, працэс уступлення ў ЕЗ можа доўжыцца доўгія гады і мяркуе пераадоленне немалой колькасці розных перашкод. Тым не менш, шэраг еўрапейскіх выданняў не вітае паскораны разгляд заявак гэтых дзвюх постсавецкіх дзяржаў.

Польскае выданне Onet крытыкуе рашэнне Еўракамісіі датычна Грузіі.

«Тое, што статус кандыдата не быў прадстаўлены Грузіі – гэта гістарычная памылка. Калі вайна, развязаная Расеяй ва Украіне, не з з’яўляецца пераканаўчым довадам на карысць таго, што Пуцін разумее толькі сілу палітычных фактаў, дык што ж яшчэ можа паслужыць такім довадам? Калі Еўрапейская рада не дасць Грузіі статуту кандыдата, то ў Крамлі гэтае рашэнне будзе вытлумачана так: «На Каўказе ў нас развязаныя рукі, бо дзверы адчыненыя!». А гэта можа прывесці да эскалацыі вайны, на гэты раз – на Каўказе. Ці зацікаўлены Захад у тым, каб крок за крокам аддаваць Пуціну кантроль над Чарнаморскім басейнам? Вядучым палітыкам Еўропы варта было б добра паразважаць над гэтым пытаннем», – піша польскае выданне.

Прэм’ер-міністр Шатландыі Нікола Стэрджэн зноў хоча рызыкнуць і правесці восенню 2023 паўторны рэферэндум пра незалежнасць, у выпадку неабходнасці нават без згоды Лондана. У 2014 годзе 55 працэнтаў шатландцаў прагаласавалі за тое, каб застацца ў складзе Вялікабрытаніі. Ці ёсць сэнс праводзіць галасаванне яшчэ раз? На думку брытанскай газета The Times, Стэрджэн наўрад ці здолее настаяць на правядзенні рэферэндуму.

«Шанцы на тое, што ў Шатландыі атрымаецца правесці ўжо другі такі рэферэндум за восем гадоў, вельмі невялікія. У адрозненне ад урада ШНП у Холіруд – рэзідэнцыі шатландскага парламента, кансерватыўны ўрад у Вестмінстары, падобна, не жадае парушаць сваё абяцанне, як тое: рэферэндум 2014 стане падзеяй, якая будзе мець месца не часцей за адзін раз за пакаленне. Тое ж самае тычыцца і лейбарыстаў пад кіраўніцтвам Кіра Стармера. Насельніцтва Шатландыі таксама не падзяляе стараннасці Стэрджэн. Апошнія апытанні паказваюць, што 59 працэнтаў выбаршчыкаў, незалежна ад іх пункту гледжання, супраць правядзення рэферэндуму ў 2023 годзе», – падкрэслівае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя