Агляд прэсы: Пародыя на правасуддзе
Ці сапраўды глава ЧВК Вагнэр Яўгеній Прыгожын загінуў у авіякатастрофе? Індыйскі касмічны апарат зладзіў паспяховую пасадку на месяцы. Трамп стаў першым у гісторыі ЗША прэзідэнтам, якому зрабілі афіцыйнае турэмнае фота. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы занепакоены дзейнасцю прыхільнікаў літвінізму. Падрабязнасці навін замежнай прэсы ў аглядзе Арыны Ганцэвіч.
З’яўляецца ўсё больш падстаў меркаваць, што кіраўнік ЧВК Вагнер Яўген Прыгожын мёртвы. Расавіяцыя пацвердзіла, што ён быў у спісе пасажыраў самалёта, які пацярпеў крушэнне ў гэтую сераду. Пуцін выказаў сямʼі Прыгожына свае спачуванні. З іншага боку, расследаванне яшчэ не скончана, і множацца чуткі, паводле якіх тое, што здарылася, магло быць інсцэніроўкай.
Rzeczpospolita піша: «Ці паўплывае смерць главы групы Вагнер, калі яна пацвердзіцца, на пытанні, з якімі мы звязваем Прыгожына? Ці паўплывае яна на поўнамаштабную вайну на ўсходзе, на расейскія аперацыі ў Афрыцы -– ці ж на магчымасць правакацый на мяжы Беларусі з заходнімі краінамі? Гэта вельмі сумнеўна. Ніхто не зʼяўляецца незаменным, у тым ліку і ў бандыцкім асяроддзі. Расея не аддасць нічога з таго, што яна захапіла з дапамогай Прыгожына і яго наймітаў. Нават горш: ліквідацыя кіраўніка Вагнер можа стаць свайго роду сігналам для расейцаў: нельга быць карысным Крамлю на паўстаўкі. Крамлю трэба быць прыхільным да апошняга.»
У сераду індыйскі касмічны апарат Чандраян-3 зрабіў паспяховую пасадку на паўднёвым полюсе месяца – у адрозненне ад нядаўняй спробы пасадзіць расейскі апарат Луна-25. Цяпер міжпланетнай станцыі трэба, у прыватнасці, высветліць, ці няма на месяцы вады.
Адраджэнне месячных праграм праходзіць пад знакам нацыянальных інтарэсаў адзначае Frankfurter Rundschau: «Гэта нагадвае спаборніцтва паміж ЗША і Савецкім Саюзам падчас халоднай вайны. У нечым гэты прагрэс відавочна дэманструе і рэгрэс міжнароднай супольнасці. У справе касмічных даследаванняў нацыі супрацоўнічалі адна з адной. А зараз кожная краіна перасьледуе свае ўласныя інтарэсы.»
Трампа арыштавалі і адпусцілі пад заклад. Ён стаў першым прэзідэнтам ЗША з афіцыйным турэмным фота. Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў у турму акругі Фултан штата Джорджыя, дзе прайшоў фармальную працэдуру арышту ў рамках справы аб умяшанні ў выбары 2020 года, перадае CNN.
«Былы прэзідэнт ЗША ў штаце Джорджыя абвінавачваецца па 13 пунктах, сярод якіх парушэнне закона штата аб барацьбе з рэкетам і карупцыяй, падбухторванне да парушэння прысягі дзяржаўнымі служачымі, змова з мэтай падробкі і падача фальшывых дакументаў. Суддзя ў Джорджыі пачне разгляд справы аб умяшанні ў выбары 23 кастрычніка, фігурантамі па ёй праходзяць яшчэ 18 чалавек. Трамп віну не прызнае. Ён назваў тое, што адбываецца, «пародыяй на правасуддзе», а саму справу супраць яго ён лічыць «умяшаннем у выбары», якія чакаюць у ЗША ў 2024 годзе. «Тое, што тут адбылося, зʼяўляецца пародыяй на правасуддзе. Мы не зрабілі нічога дрэннага. Я не зрабіў нічога дрэннага», – заявіў Трамп.»
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэдзіў, што дзейнасць прыхільнікаў літвінізму можа ўзмацніць міжэтнічную напружанасць у Літве, але не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту краіны. Пра гэта паведамляе агенцтва BNS.
«Дзейнасць прыхільнікаў літвінізму ў цяперашні час не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці Літоўскай Рэспублікі, аднак ідэалагічныя ўстаноўкі, якія імі распаўсюджваюцца, могуць узмацніць міжнацыянальныя напружанасці ў дзяржаве і распальваюць негатыўнае стаўленне да лаяльнай часткі літоўска-беларускай супольнасці, – заявілі ў літоўскай прэс-службе».
Беларускае Радыё Рацыя