Агляд прэсы: Паслабленне на руку



Старшыні Беларускага Чырвонага Крыжа пагражае звальненне з-за перадачы ўкраінскіх дзяцей. Рэформа сістэмы прадастаўлення прытулку. ЗША: Макарці – у адстаўцы, што цяпер? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Праўленне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заявіла ў сераду, што дало беларускаму аддзяленню тэрмін да 30 лістапада звольніць Дзмітрыя Шаўцова. «Міжнародны Чырвоны Крыж заклікае звольніць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа, які выклікаў абурэнне міжнароднай супольнасці тым, што выхваляўся тым, што актыўна перапраўляў украінскіх дзяцей з тэрыторый, кантраляваных Расеяй, у Беларусь», – піша штодзённая індыйская газета Outlook India.

«У адваротным выпадку Праўленне Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца рэкамендуе ўсім членскім арганізацыям спыніць новыя партнёрскія адносіны і фінансаванне беларускага аддзялення, што прывядзе да паступовага адхілення ад глабальнай арганізацыі. Унутранае расследаванне МФЧК паказала, што Беларускі Чырвоны Крыж заявіў, што Шаўцоў «нясе поўную адказнасць за гэтыя абвінавачванні». Было таксама ўстаноўлена, што іншыя арганізацыя адказныя за перамяшчэнне дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны, а Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае толькі ў Беларусі. Беларусь была найбліжэйшым саюзнікам Масквы з моманту ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года, калі Лукашэнка дазволіў Крамлю выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для ўводу войскаў і зброі ва Украіну. І Украіна, і беларуская апазіцыя асуджаюць перадачу дзяцей як незаконную дэпартацыю, і гучаць заклікі выставіць беларускаму лідару міжнародныя ваенныя злачынствы, падобныя да абвінавачванняў супраць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Улады Беларусі пацвердзілі прыём больш за 1000 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з кантраляваных Расеяй частак Украіны па стане здароўя. Першая група з 350 дзяцей прыбыла ў красавіку, паведамілі чыноўнікі, не паведамляючы больш падрабязнай інфармацыі», – канстатуе індыйскае выданне.

На працягу некалькіх тыдняў краіны ЕЗ вялі перамовы аб запланаванай рэформе сістэмы прадастаўлення прытулку, якая, у першую чаргу, прадугледжвае шэраг узмацнення жорсткасці. Цяпер дзяржавы супольнасці дамовіліся аб адзінай пазіцыі па прапановах Еўракамісіі, закліканых урэгуляваць бягучы крызіс. Згодна з новымі правіламі, у выпадку занадта вялікага наплыву мігрантаў, іх будзе дазволена ўтрымліваць ва ўмовах, блізкіх да турэмных, прычым на працягу больш працяглага тэрміна. Хоць для мюнхенскай газеты Süddeutsche Zeitung сутнасць кампрамісу па сістэме прадастаўлення прытулку непрымальная, яна тым не менш лічыць яго палітычна непазбежным.

«Шматлікія крытыкі, зразумела, маюць рацыю: сістэма гэтая задумана ў якасці памежнай крэпасці і нагадвае, хутчэй, барыкаду, складзеную з нагрувашчвання жахаў і прызначаную для таго, каб спыніць людзей, якія жадаюць атрымаць абарону ці хаця б перспектыву жыцця ў Еўропе. У будучыні іх можна будзе на працяглы час замыкаць у лагерах на знешніх межах ЕЗ – у тым выпадку, калі іх стане прыбываць зашмат. Такі падыход больш не мае нічога агульнага з гуманнай палітыкай у адносінах да бежанцаў, ды яна і не планавалася. Аднак альтэрнатыўны сцэнар быў бы яшчэ горш, а менавіта: еўрапейскія дзяржавы, маўляў, зноў не змаглі знайсці агульнай мовы, як толькі справа закранула міграцыю, ім нават не ўдалося дасягнуць благога кампрамісу!», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Пасля таго як рэспубліканец Кевін Макарці быў зняты з пасады старшыні Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, гэты орган заканадаўчай улады аказаўся паралізаваны. Праект бюджэту, які ўключае ў сябе фінансаванне дзяржаўных органаў, можа быць прыняты толькі пасля абрання новага спікера. Макарці зноў балатавацца не мае намеру, затое чуваць прапановы абраць на гэтую пасаду экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «Трамп мае намер выкарыстаць раскол у шэрагах рэспубліканцаў сабе на карысць», – адзначае парыжская газета Le Temps.

«Спачатку Трамп з усіх сіл раздзімаў агмень, а зараз ён робіць выгляд, быццам вельмі занепакоены міжусобіцай у шэрагах рэспубліканцаў. Аднак насамрэч менавіта ён і ёсць брыгадзір каманды пажарнікаў-піраманаў, які робіць з сябе выратавальніка краіны ад хаосу. Трамп ужо фактычна не хавае, што ў выпадку свайго вяртання ў Белы дом ён мае намер узмацніць прэзідэнцкую ўладу. На фоне такіх, вельмі трывожных намераў расхістванне і паслабленне Кангрэса, які з’яўляецца значнай процівагай прэзідэнту, бачыцца Трампу вельмі дарэчы», – адзначае французскае выданне.

У будучыні англійскім школьнікам давядзецца пакідаць свае смартфоны дома: урад кансерватараў аб’явіў аб забароне на тэлефоны ў школах на ўсёй тэрыторыі Англіі. Такая мера заклікана дапамагчы дзецям не адцягвацца ад навучальнага працэсу, а таксама спыніць здзекі і мобінг у паўсядзённым школьным жыцці.У школах у краіне ёсць праблемы больш важныя, чым мабільныя тэлефоны ў руках вучняў», – абураецца лонданская газета The Guardian.

«Да таго, як смартфоны ўплываюць на здольнасць канцэнтравацца, як адцягваюць ад рэальных міжасобасных зносін і спрыяюць мобінгу, варта ставіцца сур’ёзна. Але тыя, хто працуюць у школах, прытрымліваюцца наступнага меркавання: куды больш надзённую праблему ўяўляюць сабой наступствы пандэміі: сацыяльныя навыкі дзяцей аселі, і тут неабходна прымаць тэрміновыя меры. Той факт, што міністр адукацыі Джыліян Кіган не займаецца гэтымі праблемамі больш рашуча, з’яўляецца сведчаннем правалу не толькі яе пакуль што зусім кароткага знаходжання на пасадзе, але і школьнай палітыкі кансерватараў у Англіі ў цэлым», – піша лонданскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка