Агляд прэсы: паспець дамовіцца
Лукашэнка, які дапамагае бамбаваць Украіну, заклікае суседзяў быць «прыязнымі». Ні Ізраіль, ні Палестына не спяшаюцца асуджаць Расею ва ўкраінскім канфлікце. Пентагон пастаўляе Кіеву найноўшае сакрэтнае ўзбраенне, распрацаванае спецыяльна для Украіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які дазваляе запускаць расейскія ракеты па Украіне са сваёй тэрыторыі, заклікаў суседнія краіны «быць дружалюбнымі», – піша выданне Ukrayinska Pravda, і цытуе дыктатара: «Тут, у гэтай утульнай царкве, маім любімым храме, я хачу звярнуцца не толькі да беларусаў, але перш за ўсё да нашых суседзяў. Давайце клапаціцца пра спакой. Гэта так важна зараз».
У матэрыяле падкрэсліваецца, што Лукашэнка быў уцягнуты ў вайну з самага пачатку. З Беларусі наступалі расейскія войскі і танкі, адтуль кожную ноч запускаюць ракеты.
«Лукашэнка таксама неаднаразова заклікаў Зяленскага здацца і заяўляў, што хоча прыняць удзел у «перамовах» паміж Украінай і Расеяй. Нагадаем, што ў абмен на ўдзел у вайне беларусам, паводле звестак выведкі, прапануюць месячны заробак у памеры 1000-1500 долараў і льготнае навучанне ў расейскіх ВНУ», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.
«Ізраільцяне і палестынцы адчуваюць сёння падобнае замяшанне ў дачыненні да ўкраінскага канфлікту», – піша французская газета Le Monde. «Так улады Ізраіля адмовіліся падтрымаць амерыканскія санкцыі ў адрас Масквы, абараняючы інтарэсы ўласных грамадзян расейскага паходжання, а кіраўніцтва Палестыны не стала вінаваціць Расею, памятаючы пра ранейшы ўплыў Крамля», – зазначае выданне.
«Ізраільцяне і палестынцы, нягледзячы на ўсе свае адрозненні, адчуваюць сёння падобнае замяшанне ў дачыненні да ўкраінскага канфлікту. Што да палестынскай адміністрацыі, то яна, як і ХАМАС, не асудзіла расейскую спецаперацыю, відавочна, «настальгуючы па свеце, дзе ўплыў Крамля мог стаць процівагай уплыву Белага дома». Такім чынам, украінскі крызіс выявіў глыбокія супярэчнасці ўнутры абодвух народаў. Канфлікт на Украіне таксама выклікаў чаканне новай хвалі аліі – габрэйскай іміграцыі ў Ізраіль, як з Украіны, так і з Расеі, якая, паводле ацэнак, можа скласці 100 ці нават 200 тысяч чалавек. Аднак большасць габрэйскіх бежанцаў з Украіны на дадзены момант вырашылі пераехаць у Нямеччыну. У рэшце рэшт урад Бэнэта вырашыў змякчыць сваю палітыку ў дачыненні да ўкраінцаў-неяўрэяў, якія прыбываюць у краіну, якіх часам затрымлівалі ўжо праз некалькі гадзін пасля прыбыцця, а іх прыёмныя сем’і павінны былі ўносіць заклад і сачыць, каб бежанцы выехалі з Ізраіля на працягу месяца.
Палестынскае кіраўніцтва ва ўнісон з грамадскай думкай асуджае «двайныя стандарты», з-за якіх заходнія краіны з самага пачатку актыўна пратэставалі супраць расейскай аперацыі на Украіне, пры тым што акупацыя і каланізацыя Усходняга Іерусаліма і Заходняга берага ракі Іардан Ізраілем доўжыцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Ваганні ізраільскіх і палестынскіх афіцыйных асоб у сувязі з украінскім крызісам нагадваюць дваістасць іх пазіцый і па сірыйскім канфлікце», – піша Le Monde.
«Чарговы пакет дапамогі Украіне ад ЗША ўключае ў сябе новую сакрэтную беспілотную сістэму, якую амерыканскія ВПС распрацоўвалі спецыяльна для ўкраінскага канфлікту», – перадае амерыканскае выданне CNN. Як адзначаецца ў матэрыяле, гэта ўжо другое сакрэтнае ўзбраенне, якое Вашынгтон перадаў Кіеву за апошні час.
«Гэты чарговы пакет дапамогі ўключае ў сябе новую беспілотную сістэму, якая была распрацавана ВПС ЗША спецыяльна для патрэб украінскай арміі. Напрыклад, буксіраваныя гаўбіцы спраектаваны так, каб даць украінцам максімальную мабільнасць. Яны падвозяць гаўбіцу, страляюць, а затым вельмі хутка вязуць яе з поля бачнасці і чутнасці рускіх, так што апошнія не могуць іх выявіць і ўдарыць па іх. Што да гэтых новых беспілотных лятальных апаратаў пад назовам Phoenix Ghost, эксперты да сённяшняга дня не чулі аб гэтым узбраенні. Пентагон заяўляе, што яно было распрацавана Ваенна-паветранымі сіламі ЗША для асаблівых патрэб украінцаў у гэтай сферы. Магчыма, ён мае магчымасці для паражэння як танкаў, так і жывой сілы. Распрацаваў зброю амерыканскі падрадчык, які працуе на Сілы спецыяльных аперацый ЗША, канкрэтна на падраздзяленні, якія займаюцца патаемнымі спецаперацыямі», – адзначае амерыканскае выданне.
Эмануэль Макрон пераабраны на другі прэзідэнцкі тэрмін. Ле Пэн прызнала паражэнне і паабяцала прадоўжыць барацьбу на парламенцкіх выбарах. Еўрапейскія лідэры павіншавалі Макрона з перамогай, выказаўшы надзею на працяг сумеснай працы. Пры гэтым канцлер Германіі Олаф Шольц і яго калегі з Партугаліі і Гішпаніі Антоніу Кошта і Педра Санчэс заклікалі жыхароў Францыі галасаваць за Макрона. Нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung не мае нічога супраць такога «умяшання»:
«Падчас гэтых прэзідэнцкіх выбараў у Францыі гаворка ішла пра самае выжыванне ЕЗ. Калі ўжо для многіх грамадзян «праўда-матка» куды важней за умоўнасці, то няма нічога ганебнага ў тым, каб Еўропа прызналася французам у тым, што яна як агню баіцца прыходу да ўлады Марын Ле Пен. Зразумела, на прыхільнікаў Ле Пэн выступы Шольца і іншыя паўплывалі мала. Але калі лідэрам сацыял-дэмакратаў Еўропы атрымалася матываваць на ўдзел у галасаванні хаця б нейкую колькасць левых, якіх раздражняе ліберальны Макрон, то тады гэтае нязначнае парушэнне табу сябе цалкам акупіць», – прагназуе нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя