Агляд прэсы: Патрэбны моцны касцяк
«Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ ў сераду заклікала Інтэрпол сачыць за тым, каб Расея і Беларусь не выкарыстоўвалі сваё сяброўства ў арганізацыі для дасягнення сваіх палітычных мэтаў і пераследу іншадумцаў», – паведамляе літоўскае выданне Lrt.lt.
«Інтэрпол павінен зрабіць усё, каб недэмакратычныя дзяржавы, такія як Расея і Беларусь, не выкарыстоўвалі членства для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Міжнародная супольнасць не можа мірыцца са злоўжываннем каналам Інтэрпола для пераследу сваіх грамадзян і грамадзян іншых краін у палітычных мэтах. Такая пазіцыя была ў цэнтры ўвагі візіту Білатайтэ ў межах 91-й Генеральнай асамблеі Інтэрпола ў Вене. У аўстрыйскай сталіцы міністар сустрэлася з генеральным сакратаром Інтэрпола Юргенам Штокам, каб абмеркаваць пераслед Расеяй літоўскіх суддзяў, пракурораў і іншых службовых асобаў, якія ўдзельнічаюць у працэсе па справе аб разгоне савецкіх войскаў у студзені 1991 году. Чатырнаццаць мірных жыхароў загінулі і сотні былі параненыя пры штурме савецкімі войскамі тэлевежы і будынка Камітэта радыё і тэлебачання ў Вільні раніцай 13 студзеня 1991 года. Расея пачала крымінальныя справы супраць некалькіх літоўскіх суддзяў, якія ўдзельнічалі ў працэсе, і абвясціла іх у міжнародны вышук», – канстатуе літоўскае выданне.
Сусветныя СМІ пачынаюць падводзіць вынікі 2023 года. Амерыканскі часопіс Politico зрабіў сваю версію. Самым уплывовым чалавекам Еўропы Politico назваў былога польскага прэм’ера і экс-старшыню Еўрапейскай рады Дональда Туска, які найбліжэйшым часам, хутчэй за ўсё, зноў узначаліць урад Польшчы.
«На працягу двух дзесяцігоддзяў два чалавекі вялі бітву за душу Польшчы. У сінім куце — барацьба за дэмакратычнае, сучаснае, еўрапейскае бачанне будучыні: Дональд Туск, былы прэм’ер-міністр, які займаў пасаду прэзідэнта Еўрарады, перш чым вярнуцца ў якасці лідара цэнтрысцкай апазіцыі; у чырвоным куце — барацьба за традыцыяналістаў, каталіцкіх кансерватараў, нацыяналістаў: Яраслаў Качыньскі, лідар кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS). У кожнага чалавека быў шанец сфармаваць Польшчу па сваім вобразе і падабенстве толькі для таго, каб той ці іншы павярнуў час назад. Цяпер, пасля васьмі гадоў кіравання Качыньскага, краіна стаіць на парозе новай эры Туска, і вецер пераменаў зноў дзьме», — гаворыцца ў тлумачэнні амерыканскага выдання.
Пасля таго, як рашэнне Федэральнага канстытуцыйнага суда прабіла велізарную дзірку у нямецкім бюджэце, як за мяжой, так і ў самой Германіі публіка з вялікім нецярпеннем чакала заявы канцлера Шольца ад асобы ўрада. Але заява, зробленая ў мінулы аўторак, аказалася не такой змястоўнай, як чакалася. «Нямецкія выкрутасы могуць нашкодзіць Еўразвязу», – папярэджвае парыжская газета Le Monde.
«Берлінскі крызіс павінен стаць папярэджаннем для Еўропы, і найперш, таму, што палітычнага кампрамісу відавочна не намячаецца. Гэты крызіс ставіць перад партнёрамі ў Берліне вырашальнае пытанне: якую ролю гатова адыгрываць Германія ў Еўропе, асновы і бяспека якой упершыню пасля Другой сусветнай вайны апынуліся пад ударам, і эканоміцы якой пагражае сур’ёзная небяспека. Здаецца, што ў палітычным сэнсе Нямеччына не гатовая ўзяць на сябе ролю, якую ад яе чакаюць: роля слупа і гаранта Еўропы. Адказ на бягучыя выклікі нельга знайсці, здзейсніўшы некалькі пасаў рукамі ў галіне фінансавай палітыкі. Для выхаду з крызісу неабходна палітычная дыскусія», – падкрэслівае французскае выданне.
Паводле паведамленняў з Катара, рэжым спынення агню паміж Ізраілем і радыкальнай ісламісцкай групоўкай ХАМАС працягнуты да чацвярга. Пакуль што на волю выйшлі 81 з мяркуемых 240 закладнікаў. Плануецца таксама пашырыць пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа. Аглядальнікі даюць розныя адзнакі дасягнутай дамоўленасці, а вось парыжская Le Figaro адзначае літаральна наступнае.
«Гэтая агідная гульня толькі спрыяе расколу ізраільскага грамадства, якое аказваецца перад невырашальнай дылемай: паміж спагадай да ахвяр і адмовай дазволіць ХАМАСу дыктаваць сваю волю. Ісламісцкі рух выкарыстоўвае спыненне агню і вызваленне палонных для кансалідацыі падтрымкі сярод палестынскай і арабскай грамадскасці, а таксама для таго, каб пераканаць Захад аказаць ціск на Ізраіль з мэтай зацягвання перамір’я. Як толькі ХАМАС уздыме цану за вяртанне захопленых грамадзянскіх асоб і салдат, Ізраіль чакаюць яшчэ больш цяжкія рашэнні. Калі ж ён у канчатковым выніку адмовіцца ад перамоваў і зноў возьмецца за зброю, то рызыкуе апынуцца ў поўнай адзіноце», – наракае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка