Агляд прэсы: Паўкроку да абуджэння
Ціханоўская назвала праявы літвінізму ў Літве правакацыямі. Выбары ў Славакіі: ці пахіснуцца падтрымка Украіне? Напярэдадні польскіх выбараў: наколькі моцная апазіцыя? «Прывід» свабоды Корсікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская назвала праявы літвінства правакацыяй і спадзяецца, што яны не нанясуць шкоды адносінам літоўскага і беларускага народаў. «Апошнім часам на літоўскіх сайтах абмяркоўваюцца выказванні невядомых правакатараў, якія зневажаюць Літву і літоўцаў, і магу вас запэўніць, што такіх антылітоўскіх выказванняў у беларускім грамадстве няшмат, і яны нязначныя. Заявы правакатараў — абсурдныя і абуральныя», — цытуе Святлану Ціханоўскую літоўская газета The Baltic Times.
«Літвінізм — гэта ідэалогія, якая ставіць пад сумнеў гістарычную незалежнасць Літвы і апісваецца літоўскай выведкай як радыкальнае адгалінаванне беларускага нацыяналізму. Беларуская апазіцыя сур’ёзна ставіцца да праблемы і разумее занепакоенасць літоўцаў сваёй бяспекай. Ціханоўская прынамсі спадзяецца, што праявы літвінізму не пашкодзяць адносінам паміж двума народамі, а толькі ўмацуюць іх. Таксама яна дадала, што разумее абмяркоўваемыя ў Літве прапановы закрыць мяжу з Беларуссю, але падкрэсліла неабходнасць пакінуць гуманітарны калідор для тых, хто ўцякае ад менскага рэжыму. Польшча і краіны Балтыі пачалі разглядаць магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю пасля таго, як у Беларусь перабраліся некалькі тысяч чальцоў расейскай групоўкі наймітаў Вагнера. Аднак частка наймітаў пакінула Беларусь пасля смерці яе кіраўнікоў. У адказ на інтэрнет-дыскусіі аб магчымай пагрозе літвінізму ў сацыяльных сетках Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы заявіў у жніўні, што прыхільнікі літвінізму могуць узмацніць міжэтнічную напружанасць у Літве. Аднак рэальнай пагрозы суверэнітэту Літвы яны не ўяўляюць і ў апошні час іх дзейнасць не актывізавалася. Літвінізм — гэта радыкальнае адгалінаванне беларускага нацыяналізму, і адным з яго асноўных ідэалагічных прынцыпаў з’яўляецца адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і дынастый князёў, якія ім кіравалі. Прыхільнікі літвінізму таксама ставяць пад сумнеў залежнасць значнай часткі тэрыторыі Літвы, у тым ліку і Вільні. Прыхільнікі ліцвінства прад’яўляюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі і да іншых памежных з Беларуссю дзяржаў. Паводле літоўскай выведкі, на нішавых інтэрнэт-рэсурсах, прысвечаных гісторыі, ужо больш за два дзесяцігоддзі доўжыцца ідэалагічнае супрацьстаянне літоўцаў і беларусаў пад уплывам ідэалогіі літвінізму», – канстатуе літоўскае выданне.
***
На парламенцкіх выбарах у Славакіі перамогу атрымаў былы прэм’ер Роберт Фіцо: яго левая нацыяналістычная партыя Смер набрала 22,9 працэнта галасоў, другой па папулярнасці сілай стала ліберальная партыя Прагрэсіўная Славакія, якая атрымала 18 працэнтаў. Аднак для таго, каб сфарміраваць правячую кааліцыю, пераможцу будуць неабходны партнёры. Аглядальнікі задаюцца пытаннем, якія справы рушаць услед за даволі рэзкімі словамі, якія прамаўляў Фіцo падчас перадвыбарнай кампаніі. Будапешцкая газета Népszava зусім неўпэўненая ў тым, што Фіцо стрымае свае абяцанні.
«Сакрэт поспеху Фіцо ў тым, што ён хамелеон, які не адчувае згрызот сумлення. На працягу многіх гадоў ён заўсёды абяцаў тое, чаго хацелі выбаршчыкі, але на што не жадала згаджацца ні адна з вялікіх партый: адмова ад вакцынацыі падчас пандэміі, «венгерскае» вырашэнне праблемы міграцыйнай хвалі, закрыццё мяжы, ’мір’ як адказ вайне. Аднак сумнеўна, што Фіцо і на самай справе збіраецца рэалізаваць усё, што наабяцаў з тры кораба», – падкрэслівае венгерскае выданне.
***
За два тыдні да парламенцкіх выбараў у Польшчы каля мільёна чалавек рушылі ўслед за заклікам лідара апазіцыі Дональда Туска ў мінулую нядзелю, і выйшлі на дэманстрацыю ў Варшаве з патрабаваннем змены ўрада. За выключэннем нацыяналістычнай Канфедэрацыі, усе апазіцыйныя партыі выказалі жаданне сфарміраваць кааліцыю, якая зрушыла б партыю ПіС ва ўладзе. Апытанні грамадскай думкі паказваюць на тое, што разрыў паміж канкурэнтамі будзе невялікі. «Раскол у Польшчы можа паглыбіцца», – папярэджвае лонданская газета The Observer.
«Напярэдадні выбараў 15 кастрычніка схільнасць Польшчы да грызні з суседзямі, сябрамі і ворагамі, зараз, здаецца, разгортваецца і ўнутры краіны. Апытанні грамадскай думкі дэманструюць тое, што ў краіне пануе небяспечны раскол. Тон выбарчай кампаніі становіцца таксічным. У працэсе барацьбы палітычных партый за ўладу Польшча пагражае сама сябе раскалоць. Для таго, каб сфарміраваць новы ўрад, ПіСу можа спатрэбіцца дапамога экстрэмісцкай, антыеўрапейскай і антыўкраінскай партыі Канфедэрацыя. Гэта штурхае яе яшчэ далей направа, паглыбляе рознагалоссі і прыўносіць у палітыку яшчэ больш брудных штукарстваў», – наракае брытанскае выданне.
***
У сваім выступе перад рэгіянальным парламентам Корсікі прэзідэнт Францыі Макрон паабяцаў пашырыць аўтаномію гэтай міжземнаморскай выспы. Мэтай пастаўлена «карсіканская аўтаномія», але ў межах Рэспублікі. Макрон такім чынам адрэагаваў на раст колькасці карсіканскіх нацыяналістаў і на хвалю гвалту пасля смяротнага ранення нацыяналіста Івана Калоны вясной 2022 года.
Французская газета L’Opinion ацэньвае гэтую ініцыятыву як смелы і неадкладны кампраміс.
«Зразумела, Эманюэля Макрона можна абвінаваціць у тым, што ён ахвяраваў нейкай крыхай адзінства краіны. Але задача перад ім стаіць вялізная: пераадолець логіку канфлікту, што азначае, перш за ўсё сярод моладзі, спыніць усё паўтаральную тэндэнцыю да ілюзіі незалежнасці. Дасягненне пагаднення азначае ўстанаўленне статусу, які адрозніваецца ад Рэспублікі, але не разыходзіцца з ёю», – піша французскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя