Агляд прэсы: пажар у доме суседа



Вайна ва Украіне: пералом – пасля татальнай паразы? Ці акажуцца эфектыўнымі жорсткія санкцыі? Адзінства ЕЗ наконт статусу ўкраінскіх бежанцаў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

У вайне супраць Украіны расейскі прэзідэнт не выказвае ніякіх намераў адхіліцца ад абранага курсу. Па выніках тэлефоннай размовы з Пуціным прэзідэнт Францыі Макрон выказаў засцярогу, што горшае яшчэ наперадзе. Пасля абстрэлу захопнікамі тэрыторыі Запарожскай АЭС Кіеў кажа аб «ядзерным тэроры» і заклікае павялічыць пастаўкі зброі. Еўрапейскія аглядальнікі задаюцца пытаннем, ці ёсць увогуле хоць нейкая магчымасць пераламаць сітуацыю.

Чэшская газета Lidové noviny не мае ілюзій.

«Маштабныя войны выйграюцца за кошт тэхнічнай і матэрыяльнай перавагі. Яны на баку Расеі. Пытанне ў тым, як бакі уяўляць сабе такую вайну. Магчыма, не ў выглядзе акупацыі ўсёй Украіны з далучэннем да Расеі. Але зразумела, што Пуцін настойвае на падпарадкаванні сваёй уладзе, на што Кіеў ніколі не пойдзе. Гэтая вайна зацягнецца. Але погляд на карту прасоўванняў па франтах, на расейскае наступ на Чорным моры, стварае вельмі гнятлівае ўражанне. Ці ледзь варта чакаць, што ўкраінскія бежанцы, якія прыязджаюць да нас, змогуць вярнуцца назад», – піша чэшскае выданне.

«Менавіта зараз міжнародная супольнасць проста абавязаная захоўваць спакой», – папярэджвае італьянская газета Avvenire.

«Кіраўнік Крамля аблічыўся. Яго прыслабіў супраціў украінцаў, рэакцыя Захаду, салідарнасць мільярдаў людзей і механізмы глабальнай камунікацыі. Было б памылкай уцягвацца ў віхуру эскалацыі, паколькі поўная і татальная перамога (як у часы Другой сусветнай) над ядзернай дзяржавай немагчымая. Прыніжэнне суперніка, які не пацярпеў поўнай паразы, цягне за сабой катастрафічныя наступствы, як сказаў Кейнс па заканчэнні Першай сусветнай вайны. Гэтыя наступствы сталі затым глебай для ўзнікнення нацысцкага фашызму. Любое ўзмацненне агрэсіі з боку Захаду – значыць хадзіць па лязу нажа», – адзначае італьянскае выданне.

Уварванне расейскіх войскаў ва Украіну прывяло да ўвядзення супраць Расеі шэрагу адчувальных санкцый. Найбольш жорсткай мерай з’яўляецца выключэнне расейскіх банкаў з плацежнай сістэмы SWIFT. Што да эфектыўнасці гэтых крокаў, то ў гэтых адносінах меркаванні еўрапейскай прэсы падзяліліся. У той час, як некаторыя каментатары абяцаюць поспех хуткай эканамічнай ізаляцыі Расеі, іншыя разважаюць пра магчымую шкоду, непазбежную ў выніку раскручвання спіралі ўзаемных санкцый.

“Санкцыі, уведзеныя супраць Расеі, не такія радыкальныя, як гэта можа здацца на першы погляд”, – адзначае славацкая газета Večer.

«Магчыма, так нават лепш, паколькі тым самым другому боку даецца сігнал пра гатоўнасць да перамоваў. Самы наглядны прыклад – той факт, што ад сістэмы SWIFT пакуль што адключана толькі чвэрць расейскіх банкаў. Ні Сбербанк, ні Газпромбанк у гэты спіс не ўваходзяць. У той жа самы час Расея не мае намеру перарываць пастаўкі газу ў Нямеччыну, Польшчу, прыбалтыйскія і балканскія дзяржавы. Акрамя таго, пасля закрыцця газаправода “Паўночны паток-2” цэны на газ узрастуць. Пакуль у абодвух бакоў ёсць паветра для таго, каб дыхаць, атамнай вайны не будзе”, – лічыць славацкае выданне.

Міністры ўнутраных спраў ЕЗ дамовіліся аб прыёме бежанцаў з Украіны па спрошчанай бюракратычнай працэдуры. Статус абароны, сапраўдны на працягу аднаго года, з магчымасцю падаўжэння да трох гадоў, павінен быць ухвалены Радай Еўрапейскага звяза. Аглядальнікі назіраюць за паваротам у еўрапейскай палітыцы ў адносінах да бежанцаў і задаюцца пытаннем, які ж статус атрымаюць уцекачы з Украіны, якія не маюць украінскага грамадзянства.

«Неадкладная дапамога пацярпелым не павінна быць пытаннем грамадзянства ці колеру скуры», – папярэджвае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Памнажаюцца паведамленні аб тым, што да бежанцаў іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць ва Украіне, інакш адносяцца на мяжы, і яны дэманструюць наступнае: гуманітарная ідэя, якая павінна быць апорным падмуркам для дзеянняў еўрапейцаў, відаць, распаўсюджваецца не на ўсіх. Вырашальнае пытанне ў палітыцы па пытанні бежанцаў павінна гучаць такім чынам: «Ці маеш патрэбу ў дапамозе?» Але да гэтага часу занадта часта задаецца пытанне: «Адкуль прыехалі твае бацькі?» Уцекачы, якія затрымаліся ў лагеры Морыя , выдатна ведаюць пра гэта», – адзначае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя