Агляд прэсы: пераасэнсаванне адносінаў



Свежае інтэрв’ю Ціханоўскай. У чым сэнс дэмакратыі? Газавая альтэрнатыва для Еўропы. Новая пазіцыя Францыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з журалістам брытанскай газеты Financial Times Джэймсам Шотэрам у віленскім штабе на беразе Віліі. Па словах Ціханоўскай, беларусы павінны самі знайсці замену Лукашэнку. Аднак яе па-сапраўднаму засмучае млявая рэакцыя Еўразвязу. Уведзеныя санкцыі, па словах Ціханоўскай, павінны быць значна шырэйшымі: яны мусяць закрануць не толькі чыноўнікаў вышэйшага звяна, але і шэраговых дзяржслужбоўцаў, якія ўдзельнічалі ў жорсткім падаўленні супраціўлення, а таксама дзяржаўныя кампаніі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Паводле яе слоў, тая падтрымка, якую Крэмль аказвае Лукашэнку, псуе стаўленне беларусаў да Масквы.

«Я думаю, што Расея падтрымлівае Лукашэнку па звычцы. Аднак Пуціну вельмі некамфортна мець справу з неплацежаздольным палітыкам. Расеі варта перастаць аказваць яму фінансавую падтрымку, без якой той доўга не працягне.  Для народа Лукашэнка ўжо ніхто. Зараз немагчыма прачнуцца раніцай і падумаць: хоць столькі людзей знаходзяцца ў турмах, столькі людзей падвяргаліся згвалтаванням, катаванням і пакаранням, але я працягну жыць гэтак жа, як раней. Не», – кажа Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю брытанскаму выданню.

«Гісторыя з Капітолеем яшчэ не завершана», – папярэджвае найстарэйшая эстонская газета Postimees. Выданне акцэнтуе ўвагу на тым, што на працягу свайго чатырохгадовага знаходжання на пасадзе прэзідэнта ЗША Дональд Трамп раз-пораз ставіў пад пытанне дэмакратычныя інстытуты краіны і правяраў іх на трываласць сваімі нападамі, аднак амерыканская сістэма аказалася больш трывалай.

«Цалкам магчымыя нават самыя неверагодныя сцэнары – па той простай прычыне, што чалавечая сутнасць нязменная. Джэймс Мэдысан і іншыя айцы-заснавальнікі ЗША не мелі на гэты конт асаблівых ілюзій. Яны лічылі, што чалавек слабы – і ім лёгка маніпуляваць. І хаця вярхоўная ўлада і павінна належаць народу, яе неабходна як след падзяліць, расклаўшы на асобныя складнікі, каб абараніць народ ад самога сябе. Інакш заставалася б рызыка таго, што людзі з нядобрымі намерамі змогуць займець галасы пры дапамозе інтрыг, карупцыі і іншых сродкаў, – а пасля здрадзіць інтарэсам народа»,  – тлумачыць прынцыпы амерыканскай дэмакратыі газета Postimees.

«Дрэнныя навіны для Расеі: газ з Азербайджана цяпер цячэ ў бок Заходняй Еўропы», – паведамляе амерыканскі часопоіс Forbes. Гаворка ідзе пра доўгачаканы Паўднёвы газавы калідор, які афіцыйна пачаў працу на пачатку года і правёў першую партыю прыроднага газу з азербайджанскага радовішча Шах-Дэніз у італьянскі горад Мелэндуньё на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора.

Гэты праект выклікае асаблівае натхненне ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, хаця ён і не даходзіць да такіх буйных спажыўцоў газу, як Германія і Францыя, якія знаходзяцца на другім баку кантынента.

«Геапалітычная сітуацыя да таго ж паказвае на тое, што Расея да гэтага часу трымае ў сваіх руках ключавыя палітычныя нітачкі – такія як пагадненне аб перамір’і паміж Арменіяй і Азербайджанам, – за якія яна можа пацягнуць у любы момант», – папярэджвае часопоіс Forbes.

Выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу прывёў да значных зменаў у плане дынамікі палітычных працэсаў, – адзначае літоўская газета Neatkarīgā.

Выданне робіць агляд асноўных наступстваў для супольнасці, калі ў эканамічным плане вынікі Брэксіту куды менш ударылі па сябрах ЕЗ, чым наступствы пандэміі Covid-19. Германія, нязменна займала месца дамінуючай эканамічнай дзяржавы супольнасці, а таму захавае за сабой гэтую ролю.

«А вось уплыў Францыі з прычыны сыходу брытанцаў значна ўзрос. Акрамя таго, зараз Францыя, з яе і так самым значным у межах ЕЗ ваенным патэнцыялам, з’яўляецца адзінай дзяржавай Еўразвязу, якая валодае ядзернай зброяй і правам вета ў Радзе Бяспекі ААН»,  – падкрэслівае літоўскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка