Агляд прэсы: перад апошнім рыўком
Ірландскае дзяцінства Ціханоўскай. Апошні спадзеў на ЗША. Хімера блукае па Еўропе. Брытанскі каронавірус. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе СМІ.
Самая папулярная газета Ірландыі Irish Independent на першай старонцы прыводзіць інтэрв`ю са Святланай Ціханоўскай. Матэрыял носіць назву «У Ірландыі людзі заўсёды ўсміхаліся, у той час як мы не ўсміхаліся ў Беларусі” і прысвечаны ўспамінам Святланы, якой паездкі ў Ірландыю ў юнацкім узросце адкрылі вочы на многае. Тады Ціханоўская зразумела, што ў яе краіне не ўсё нармальна. Ва ўзросце 12 гадоў яна ўпершыню пакаштавала кетчуп і чыпсы, калі прыехала ў пасёлак Роскрэй у графстве Паўночны Тыперэры, як адна з чарнобыльскіх дзяцей, якіх ірландскія сем’і прынялі на адпачынак у летнія месяцы.
“Разрыў паміж жыццём у Беларусі і Ірландыі быў вельмі і вельмі глыбокім”, – прызнаецца Святлана Ціханоўская Irish Independent, выступаючы па відэасувязі з Вільні ў Літве.
***
Амерыканскі часопіс State прысвяціў магчымым знешнепалітычным прыярытэтам ЗША матэрыял пад назвай “Беларусь стане для Байдэна раннім выклікам. І магчымасцю».
Аўтар артыкулу Грэгары Фэйфер падкрэслівае, што для каманды Байдэна ёсць адно канкрэтнае пытанне, якое дае мажлівасць дасягнуць важнай сімвалічнай перамогі ліберальнай дэмакратыі: пазбавіць Беларусь ад дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
З-за таго, што Злучаныя Штаты на сусветнай арэне «амаль памерлі», Еўрапейскі Звяз узначаліў увядзенне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Але апазіцыя краіны адчайна мае патрэбу ў дадатковай дапамозе, каб дасягнуць вызвалення палітвязняў і правядзення новых сумленных выбараў.
«Вырашэнне крызісу ў Беларусі таксама дасць ЗША канал для канструктыўнага ўзаемадзеяння з Масквой. Штаты могуць зрабіць гэта, націснуўшы на перамовы Лукашэнкі і апазіцыі пры пасярэдніцтве Арганізацыі па супрацоўніцтве і бяспецы ў Еўропе, сябрам якой з’яўляецца Расея» – адзначае часопіс State .
***
Мяркуючы па ўсім, Вялікабрытанія і Еўразвяз маюць намер да апошняга весці перамовы аб гандлёвым пагадненні. Брытанская газета Financial Times, як і астатнія еўрапейскія калегі, разважае над тым, як будзе складвацца сітуацыя пасля брэксіту, які толькі стварае ілюзію здабыцця краінай “незалежнасці”.
Аўтар матэрыялу Філіп Стэфэнс лічыць, што ўпартасць Джонсана ў тым, каб Вялікабрытанія не абавязана была прытрымлівацца норма ў ЕЗ у такіх сферах, як экалогія, бяспека і працоўнае заканадаўства, на самой справе не мае ніякага сэнсу. Кампаніі, якія жадаюць працягнуць гандаль з ЕЗ, будуць, як і раней, прытрымлівацца правілаў Бруселя. “Брэксіт» – гэта нацыянальная трагедыя, заснаваная на хімеры. Вялікабрытаніі трэба ўсвядоміць, што яна абмяняла свой сапраўдны ўплыў і магчымасць самой будаваць свой лёс на ілюзію, прасякнутую пыльнымі настальгічнымі сантыментамі”, адназначна падкрэслівае газета Financial Times.
***
Акрамя брэксіту Брытанія сфармавала сусветную павестку і тым, што ў Італіі было выяўлена заражэнне «брытанскім» відам каронавірусу.
Амерыканскі часопіс The Economist папярэджвае: «Новы варыянт каронавірусу можа сарваць намаганні па барацьбе з пандэміяй».
У артыкуле вірусы атрымліваюць мянушку «модніц свету мікробаў». Яны мяняюць свой знешні выгляд пастаянна, але такія змены звычайна невялікія, кароткачасовыя і не маюць вялікага практычнага значэння. Аднак вірус COVID-19 стаў выключэннем. Ягоны варыянт VUI 202012/01, які хутка распаўсюджваецца ў Брытаніі, сарваў гэтую тэндэнцыю.
Часопіс The Economist прыводзіць дадзеныя, што новы варыянт каронавірусу перадаецца на 40-70% больш, чым звычайна. Брытанія папярэдзіла пра гэта Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Вядома, што 10 еўрапейскіх краін забаранілі палёты з Брытаніі. Іншыя краіны паступова бяруць з іх прыклад.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка