Агляд прэсы: перадвялікодныя дары
Мяккая анэксія: якім чынам Расея захопіць Беларусь. Еўрапейскія СМІ разважаюць пра будучыню Захада як палітычнага акцёра. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Амерыканскае выданне Atlantic Council разглядае пытанне пра тое, наколькі рэальным можа быць пытанне аб`яднання Расеі і Беларусі.
«Мы наўрад ці будзем сведкамі афіцыйнага аб’яднання Расеі і яе «меншага» заходняга суседа; і мы не ўбачым поўнага зліцця іх ваенных сілаў. Стратэгія Крамля значна больш тонкая», – адзначае выданне. У матэрыяле падкрэсліваецца, што расейскае паглынанне Беларусі не будзе такой уражлівай падзеяй, як анексія Крыма ў 2014 годзе, і не будзе «гібрыднай» аперацыяй, як умяшанне «маленькіх зялёных чалавечкаў» ва ўсходняй частцы Украіны ў Данбасе. Гэта таксама не будзе шокам як уварванне ў Грузію ў 2008 годзе.
«Замест гэтага мы павінны быць гатовыя да павольнай, схаванай і метадычнай аперацыі, якая скончыцца, перш чым большасць людзей нават даведаецца, што гэта адбываецца», – папярэджвае Atlantic Council . На думку аўтара матэрыялу, галоўным маркерам сітуацыі з`яўляецца прызначэнне амбасадарам Расеі ў Беларусі Яўгена Лук’янава, які мае вялікі вопыт работы ў банкаўскай сферы і фінансах, ёсць былым афіцэрам выведкі КДБ СССР і ключавой фігурай, праз якую пракрамлёўскія алігархі імкнуцца атрымаць кантроль над кароннымі каштоўнасцямі беларускай эканомікі.
Пасля выхаду венгерскай кіруючай партыі Фідэс з шэрагаў Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан шукае ў парламенце новых саюзнікаў. Менавіта з гэтай мэтай ён сустракаецца з лідэрам італьянскай Лігі Поўначы Матэа Сальвіні і кіраўніком урада Польшчы Матэушам Маравецкім ад ПіС. Еўрапейская прэса пакуль не бачыць рэальнай магчымасці ўзнікнення агульнага фронту правых партый.
«Перш чым нацыяналісты змогуць зліцца ў адзіным парыве, ім прыйдзецца ліквідаваць нямала ўнутраных рознагалоссяў», – піша аўстрыйская газета Der Standard.
«Чашы вагаў у Еўрапейскім парламенце прыйшлі ў рух, і гэта нават без якіх-небудзь выбараў. Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты, а таксама папулісты і экстрэмісты з фракцыі „Ідэнтычнасць і дэмакратыя” цалкам маглі б згуртавацца і стварыць другую па колькасці групу ў парламенце з партыяй Фідэс у якасці злучнага элемента. Цалкам можа стацца, што зліццё апынецца паспяховым. Тым не менш, удзельнікам будзе не так проста закрыць натуральныя зазоры і стыкі ў блокавым будынку міжнароднага нацыяналізму. Ва ўсіх прысутнічаюць відавочныя рознагалоссі і па пытанні ўзаемаадносінаў з Масквой, якую нярэдка называюць саюзніцай еўрапейскіх ультраправых. Для польскай партыі ПіС, якая адчувае глыбокую антыпатыю да Масквы, ужо адно гэта павінна паслужыць запалохваючым фактарам», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.
Нямецкае газета Süddeutsche Zeitung на сваіх старонках звяртае ўвагу на тое, што найбольшая небяспека для дэмакратыі зыходзіць не ад Расеі ці Кітая. Яна паходзіць знутры Захада, дзе дэмакратам трэба жыць сваімі каштоўнасцямі і абараняць іх у адказ на усе выклікі, якія напаткалі Еўропу за апошні час.
«Поспех – гэта калі ты дзевяць разоў упаў, але дзесяць разоў падняўся», – казаў Уінстан Чэрчыль і дзейнічаў. Гэта забяспечыла Захаду выжыванне. Цяпер жа Захаду зноў трэба стаць на ногі і адстойваць сваю пазіцыю. Гэта патрабуе ахвяраў. І ўсведамлення ўласных памылак. А менавіта: больш ніякіх наступальных войнаў у імя дэмакратыі і правоў чалавека. Ніякіх паставак зброі дыктатарам. Замест гэтага падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў адносінах з Кітаем, нават калі гэта скароціць экспарт. Больш інвестыцый у абарону, нават калі гэта не папулярна. І жорсткі курс у адносінах да неааўтакратый, накшталт Польшчы і Венгрыі, нават калі так паменшыцца ЕЗ», – заключае Süddeutsche Zeitung.
У Еўропе працягваецца ліхаманка па пытанні аб тым, якія меры належыць прымаць для барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19. Некаторыя краіны, напрыклад, Францыя, робяць больш жорсткімі каранцінныя меры па прычыне росту ліку заражэнняў. Іншыя краіны не вырашаюцца на падобныя крокі і нават некалькі саслабляюць уведзеныя абмежаванні, прыкладам таму Грэцыя. Еўрапейская прэса па большай частцы схіляецца да таго, што ў выніку застаецца толькі адно выйсце.
Славенская газета Dnevnik піша пре тое, што нескаардынаваныя абмежаванні эфектыўныя толькі напалову: «Грамадзяне незадаволеныя не толькі закрыццём межаў, але і цэлым пакетам «поўнага лакдаўна на час велікодных святаў» – гэткага няўцямнага набору мераў, карысць ад якіх уяўляецца вельмі сумнеўнай. І на самой справе, незразумела, чаму «лакдаўн па-славенскі» мае на ўвазе закрыццё школ і ўстаноў культуры, у той час як ён, да прыкладу, дапускае бізнес-ланч і нават арэнду турыстычных аб’ектаў для дзелавых мэтаў. На фоне залішніх абмежавальных мераў увага людзей засяроджваецца не на барацьбе з COVID-19, а на пошуку магчымых шчылінаў да свабоды».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка