Агляд прэсы: пераход у сферу крыптавалют



100 дзён беларускіх пратэстаў, што далей? Лукашэнка з сілавікамі скралі шмат грошай з фонду дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Але спосабаў дапамогі ўсё адно шмат і карнікі не змогуць пракантраляваць усё. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

-ВВС прысвячае тэкст таму факту, што ў Беларусі пратэсты супраць дыктатара пайшлі на другую сотню дзён. Пратэстоўцы застаюцца на вуліцах Беларусі, нягледзячы на жорсткасць міліцыі, праз 100 дзён пасля таго, як яны ўпершыню выйшлі на вуліцы, каб асудзіць перавыбары Лукашэнкі. Сілавікі ў шлемах і бронекамізэльках кідаюць жанчын, якія трымаюць кветкі і паветраныя шары, у фургоны. Распыляюць слёзацечны газ на пажылых людзей падчас маршаў пенсіянераў. Мужчыны ў балаклавах пераследуюць музыкаў за тое, што яны спяваюць у дварах песні з папулярных мультфільмаў. Тым не менш, кожную нядзелю тысячы людзей выходзяць на вуліцы сталіцы Менска, асуджаючы тое, што яны лічаць падманнай перамогай Лукашэнкі 9 жніўня. Заходнія ўрады таксама распаўсюдзілі паведамленні аб злоўжываннях на выбарах і гвалтоўных рэпрэсіях Лукашэнкі. Алеся, 31-гадовая работніца ІТ-індустрыі, рэгулярна наведвае нядзельныя акцыі. Аднак 15 лістапада ўсё вельмі хутка пагоршылася. Калі яна прыбыла на плошчу, дзе павінен быў пачацца марш, на ёй ужо было шмат сіл бяспекі. Па меры збору людзей сілавікі кінулі светлашумавыя гранаты і пачалі біць людзей дручкамі, каб разагнаць натоўп. „Яны зноў і зноў нападалі на нас. Гэта было жудасна. Яны люта збівалі людзей, круцілі рукі і забіралі”, — сказала яна. Яна ўцякла ў двары ўслед за іншымі пратэстоўцамі, але міліцыя ў сваіх машынах хутка іх дагнала нават там. Яе выратаваў незнаёмец, які схаваў яе і яшчэ некалькіх чалавек у сваім доме. „Гэта было падобна на Другую сусветную вайну, калі людзі спрабавалі схаваць габрэяў ад нацыстаў. Гэта было жудасна, мы былі ў шоку”. Шэсце было прызначана ў памяць пра актывіста Рамана Бандарэнку, якога збілі ў зняволенні і ён памёр у шпіталі на мінулым тыдні. Яго затрымалі людзі ў цывільным без знакаў адрознення. Такія групы часта бачаць у працы з міліцыяй, калі яны разганяюць і затрымліваюць пратэстоўцаў. З працягваннем гвалту міліцыі дэманстрацый стала менш. Змяніўся і настрой. „Нацыянальных сцягоў стала менш”, — кажа прадпрымальнік з Менску Уладзімір (несапраўднае імя). „Святочная атмасфера знікла. Кожны раз, калі вы выходзіце на марш пратэсту, вы не ведаеце, вернецеся ці не. Вы вельмі нервуецеся”. У жніўні Уладзімір быў жорстка збіты АМАПам. Яго затрымалі і адправілі ў сумнавядомую турму Акрэсціна. „Яны білі нас так, нібы хацелі забіць”, — сказаў ён. Але пасля выхаду з турмы з гузакамі на спіне і нагах Уладзімір быў яшчэ больш рашуча настроены пратэставаць. „Калі мы спынімся, я не бачу магчымасці жыць тут”, — сказаў ён. „Тады адзіны варыянт — пакінуць краіну”.

Сузаснавальнік кампаній BY_help і BYSOL Андрэй Стрыжак распавёў „Голасу Амерыкі” аб масавым блакаванні рахункаў і дапамозе пацярпелым ад рэпрэсій. Рахункі часткі пераводаў, якія рабіліся наўпрост з аднаго з рахункаў сузаснавальніка кампаніі BY_help Аляксея Лявончыка ў Беларусь, былі блакаваныя. Агульная сума, пра якую мы ведаем з дакументаў, — каля 1 мільёна 400 тысяч беларускіх рублёў, гэта прыкладна 550 тысяч еўра. Гэта не кажа пра тое, што ўся дапамога, якая ішла ад кампаніі BY_help, заблакаваная або арыштаваная, гэта ўсяго 14% ад агульнай сумы збору (у суме кампаніі By_help і фонду BySol удалося сабраць каля 7 мільёнаў даляраў), гэта не крытычная сума. Але гэта вельмі крыўдна. І гэта кажа пра тое, што ўлада пераходзіць межы кожны дзень, эканамічныя рэпрэсіі ўзмацняюцца. Але тут ёсць іншы вельмі важны аспект: атрымліваецца, што цяпер ніхто, у каго ёсць грошы на рахунках у Рэспубліцы Беларусь, не можа быць упэўнены ў іх захаванасці. Любы перавод з-за мяжы можа трактавацца як перавод, накіраваны на падрыў дзяржаўных асноў. Няма ніякай гарантыі, што не будуць заблакаваныя ўсе мільярды даляраў і рублёў, якія знаходзяцца ў аплатнай сістэме Рэспублікі Беларусь. Ёсць нават выпадкі, калі блакаваліся пераводы паміж сваякамі. Усе гэтыя пераводы — кампенсацыйныя выплаты за раненні, за збіцці з боку сілавікоў. І, па сутнасці, арыштам гэтых рахункаў улада другі раз рэпрэсавала гэтых людзей. Прычым звычайна блакуецца не проста сума, атрыманая ад BY_help, а ўвесь рахунак, на які, напрыклад, прыходзіць зарплата. І калі гэта заробак адзінага карміцеля ў сям’і, то сям’я застаецца без сродкаў да існавання. Гэта грубае парушэнне правоў грамадзян, як і ўсё, што адбываецца цяпер у Беларусі. Улада выйшла з-пад кантролю і працягвае капаць пад сябе. Беларуская банкаўская сістэма зараз цалкам захоплена сілавікамі і знаходзіцца пад іх кантролем. Не выключана, што ў Беларусі наогул могуць перайсці на наяўны разлік, таму што няма даверу банкаўскім плацяжам. Ёсць алгарытм дзеянняў: першы крок — абскарджваць блакаванне на ўсіх магчымых роўнях. У першую чаргу гэта Следчы камітэт і гэта сам банк. Мы не маем ілюзіяў, што хто-небудзь скажа: «Ай-я-яй, мы, напэўна, памыліліся, вось вам вашы грошы назад!» Гэтага не будзе. Але для таго, каб фіксаваць злачынствы, якія цяпер здзяйсняе ўлада, патрэбныя дакументы. З чымсьці трэба будзе ісці ў новы, справядлівы суд і даказваць віну канкрэтных выканаўцаў. Другі крок — мы запусцілі платформу, якая дазваляе на тэставым узроўні наўпрост злучаць беларусаў унутры краіны з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. Такім чынам, мы выключаем ланцужкі перадачы грошай на рахункі фонду ці кампаніі, а потым назад у Беларусь. Гэта ўжо спыніць немагчыма, для гэтага прыйдзецца цалкам заблакаваць ўсю аплатную сістэму. Хоць я не здзіўлюся, калі ўбачу непрацуючыя банкаматы і карткі, ператвораныя проста ў кавалак бескарыснага пластыка. Фонд салідарнасці BYSOL выкарыстоўвае механізмы пераводу грошай, якія не завязаныя наўпрост на беларускую банкаўскую сістэму. Яны ўключаюць яе як частку механізму, але большая частка знаходзіцца ў сферы блакчэйну, у сферы крыптавалют. Механізмы, якія там выкарыстоўваюцца, дазваляюць шыфраваць пераводы так, што ўлада не можа зразумець, што з’яўляецца пераводам дапамогі, а што звычайным камерцыйным пераводам. Другі спосаб — выдатная ініцыятыва, якая называецца INeedHelp _by, яна заснаваная беларусам з Фларыды, ЗША, Піліпам Гаўрышам. Яна працуе як сістэма прадуктовай дапамогі. Вы, напрыклад, маеце картку амерыканскага банка, аплачваеце замову прадуктовага набору, які дазваляе пражыць сям’і з чатырох чалавек на працягу двух тыдняў, і такім чынам падтрымліваеце людзей, якія былі звольненыя, арыштаваныя, збітыя, — словы Андрэя Стрыжака прыводзіць „Голас Амерыкі”.

Беларускае Радыё Рацыя