Агляд прэсы: першыя крокі
Паміж ЗША і Расеяй намеціўся дыялог, хаця пакуль толькі па ядзернай бяспецы. Большасць еўрапейскіх СМІ падкрэсліваюць важнасць агульнай вакцынацыі ад каронавірусу ў першую чаргу людзей у сталым узросце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil прыйшло да высновы, што пратэстныя настроі распаўсюджваюцца з Беларусі ў Расею, калі нарастаюць заклікі да постсавецкіх зменаў.
Аўтар артыкулу Брайн Вайтмор лічыць, што сінергія паміж антыўрадавымі пратэстоўцамі ў Расеі і Беларусі – з’ява не новая. Цяперашняя сітуацыя нагадвае паўстанне Еўрамайдана ва Украіне 2013-14 гадоў, якое зрынула аўтарытарнага прамаскоўскага прэзідэнта краіны Віктара Януковіча. Расейская апазіцыя таксама спачатку чэрпала натхненне ў сваіх украінскіх калегаў. «Падтрымліваючы Украіну, мы падтрымліваем і сябе», – заявіў тады нябожчык, лідар расейскай апазіцыі Барыс Нямцоў, які быў забіты ў Маскве ў лютым 2015 году.
«Рэжым Пуціна спадзяваўся выкарыстаць масавыя акцыі пратэсту і спрэчныя выбары ў Беларусі як сродак, каб узмацніць уладу Масквы ў заходняй суседцы і замяніць Лукашэнку на больш гнуткую фігуру. Але апошняе, што трэба Пуціну ў гэты момант – гэта прыклад дыктатара, які зрынуты народным паўстаннем», – падсумоўвае амерыканскае выданне.
ЗША і Расея дамовіліся аб працягу дамовы СНВ III да 2026 года. Дагавор абмяжоўвае ядзерныя арсеналы абедзвюх дзяржаваў, на долю якіх прыпадае каля 90 працэнтаў сусветных ядзерных узбраенняў. Прэзідэнт ЗША Байдэн заявіў, што гэтая дамова ўяўляе сабой «якар стратэгічнай стабільнасці».
Фінская газета Keskisuomalainen вітае падаўжэнне дамовы: «Без такой дамоўленасці ўпершыню за апошнія паўстагоддзя ў сферы нарошчвання ядзерных узбраенняў не дзейнічала б ніякіх пагадненняў. Небяспеку развязаць вайну ў выніку памылкі, адпаведна, заўсёды трэба кантраляваць».
Фінскае выданне сцвярджае, што і ў Вашынгтоне, і ў Маскве ўсвядомілі, што ў часы, калі ўзаемаадносіны паміж найбуйнейшымі дзяржавамі і так ідуць не лепшым чынам, усё-такі мае сэнс працягнуць дамову аб скарачэнні ядзерных узбраенняў.
***
Гішпанская газета La Vanguardia аналізуе, як змены клімату ўплываюць на эканамічную мапу свету. Так, прынамсі, Расея хоча ператварыць Паўночны марскі шлях у гандлёвую артэрыю між Еўропай і Азіяй, дзякуючы раставанню ільдоў і новым тэхналогіям. У 2020 годзе пры яго дапамозе краіна экспартавала на паўтары мільёны тон газу больш, чым за год да гэтага. Да 2024 года Крэмль плануе павялічыць гэты паказнік да 80 мільёнаў.
«Паўночны марскі шлях адкрыўся дзякуючы глабальнаму пацяпленню і раставанню ільдоў Арктыкі. Зараз пры руху па гэтым шляху час дастаўкі грузу на ўсход скарачаецца на 40 працэнтаў у параўнанні з традыцыйным шляхам, калі трэба абмінуць Еўропу і прайсці Суэцкі канал. Паміж Баранцавым морам і Берынгавым пралівам пяць тысяч кіламетраў, гэта самы кароткі шлях з Еўропы ў Азію», – адзначае гішпанскае выданне.
***
З пачатку еўрапейскай кампаніі па вакцынацыі прайшло ўжо некалькі тыдняў, а ў грамадстве па-ранейшаму не сціхаюць дыскусіі аб тым, якой стратэгіі варта прытрымлівацца. Усе краіны дзейнічаюць па-свойму і сутыкаюцца з уласнымі праблемамі.
Спецыяліст у галіне аховы здароўя Нурые Ортайлы на старонках турэцкага выдання Yetkin Report цытуе новае даследаванне СААЗ:
«Высветлілася, што нават калі багатыя краіны цалкам вакцынуюць сваё насельніцтва, то ім усё адно давядзецца ўзяць на сябе палову наяўных і будучых эканамічных стратаў да таго часу, пакуль не будуць вакцынаваны ўсе краіны. Такія страты ацэньваюцца ў дзевяць трыльёнаў даляраў. Пакуль вірус не будзе пераможаны паўсюдна, ён не будзе пераможаны нідзе. Як эканамічная навука, так і эпідэміялогія паказваюць на адну адзіную праўду, і імя ёй – справядлівасць».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.