Агляд прэсы: першыя „ластаўкі”
Хто робіць з людзей зброю? Суд ЕЗ прыгаварыў Польшчу да рэкордных штрафаў. Партугалія: перавыбараў не пазбегнуць? Кішынёў узбунтаваўся супраць Масквы? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
„Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў супраць ЕЗ. Канфідэнцыйны дакумент нямецкага ўрада папярэджваў аб падобных метадах ужо вясной», – паведамляе нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Як назваць тое, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка робіць зараз на ўсходняй мяжы ЕЗ? Гэта працягваецца ўжо некалькі тыдняў: сілы бяспекі дыктатара мэтанакіравана перапраўляюць тысячы бежанцаў, каб тыя маглі праз Польшчу адправіцца, сярод іншых краін, і ў Германію. У федэральных землях Германіі ў сераду міністр унутраных спраў Брандэнбурга Міхаэль Шцубгэн з ХДС заявіў пра «гібрыдную вайну» з боку Беларусі. Выкарыстанне мігрантаў пакуль з’яўляецца вельмі рэдкай з’явай. Але мы не на вайне. Калі людзей, якія шукаюць абароны, таўруюць як зброю ў гібрыднай вайне, гэта пазбаўляе іх чалавечага аблічча і апраўдвае надзвычайнае становішча і надзвычайныя меры», – крытыкуе сітуацыю нямецкае выданне.
У спрэчцы аб польскай судовай рэформе Еўрапейскі суд вынес рашэнне і прызначыў Варшаве рэкордныя штрафныя санкцыі: Польшчы давядзецца выплачваць мільён еўра ў дзень, пакуль не будзе ліквідаваная Дысцыплінарная палата, наконт якой і разгарэліся разлютаваныя дэбаты з ЕЗ. Як адзначыў у сваім рашэнні Еўрапейскі суд, існаванне падобнай палаты парушае прынцып падзелу ўладаў. Аглядальнікі лічаць, што ўсе карты тут на руках у ЕЗ, і заклікаюць не дапусціць далейшай эскалацыі.
“Становішча Польшчы становіцца ўсё больш сур’ёзным”, – да такой высновы прыходзіць нямецкая газета Deutschlandfunk.
«У дадзеным выпадку ўрад Польшчы не можа выбіраць, плаціць ці не. Калі ён адмовіцца, то гэтыя сумы будуць утрыманыя з выплат, якія належаць Польшчы – найбуйнейшаму атрымальніку сродкаў ад Еўразвязу, з бюджэту супольнасці. Гэтыя мільённыя штрафы – нішто ў параўнанні з тым, чаго сапраўды павінен баяцца польскі ўрад: пад пытаннем аказалася атрыманне краінай 36 мільярдаў з фонду ЕЗ па аднаўленні эканомікі ад наступстваў пандэміі. Гэта значыць, калі матывацыя польскага ўраду, гэта не “згарэў хлеў, гары і хата”, то яму прыйдзецца воляй-няволяй шукаць выйсце, а не іграць пакутніцкую асобу і рабіць гучныя заявы», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У Партугаліі ўрад меншасці, сфарміраваны сацыялістамі і ўзначалены прэм’ер-міністрам Антоніу Коштам, сутыкнуўся з крызісам з-за спрэчак па пытанні бюджэту на 2022 год. Камуністы і Левы блок, якія да гэтага часу падтрымлівалі ўрад, прагаласавалі супраць праекту новага бюджэту. Прэзідэнт Рэбелу дэ Соуза абвясціў, што калі галасаванне па законапраекце нічым не скончыцца, то парламент будзе распушчаны. Аглядальнікі рэзка крытыкуюць левы лагер краіны.
«Сітуацыя, якая склалася ў краіне, абумоўлена эгаізмам радыкальных левых», – адзначае гішпанская газета El Mundo.
«На муніцыпальных выбарах у мінулым верасні галасы выбаршчыкаў зрушыліся ад радыкальных левых да ўмеранага сацыялізму Кошты, а правыя здолелі вярнуць сабе месца кіраўніка мэрыі Лісабона, пасля таго як на працягу 14 гадоў сталічную адміністрацыю ўзначальвалі левыя. Цяпер Левы блок і Камуністычная партыя асцерагаюцца пазбавіцца і той долі ўлады, што яшчэ застаецца ў іх руках. Ідэалагічны парадокс складаецца ў тым, што сваім палітычным эгаізмам яны могуць давесці справу да звяржэння левага ўраду, а выйграе ад гэтага кансерватыўная Сацыял-дэмакратычная партыя, якая, мяркуючы па апытаннях, не такая папулярная, але прагнозы ў дачыненні да якой станоўчыя», – адзначае гішпанскае выданне.
Рэспубліка Малдова, якая знаходзіцца ў залежнасці ад расейскага газу, і Масква не здолелі дамовіцца аб умовах далейшых паставак блакітнага паліва. У выніку Кішынёў закупіў першую «пробную» партыю газу ў Польшчы, якая будзе пастаўлена ў краіну праз Украіну. Як адзначае прэса, у наяўнасці канфрантацыя, наступствы якой абсалютна непрадказальныя.
Як адзначае Українська праўда, у Кіева ёсць цэлых дзве прычыны пастаўляць газ Малдове.
«Першая – палітычная. Як толькі да ўлады ў краінах, у дачыненні да якіх Расея адчувае геапалітычную цікавасць, прыходзіць праеўрапейскі ўрад, ён адразу ж сутыкаецца з ціскам і шантажом Газпрому. Украіна не раз адчувала гэта на сабе, а таму дапамога Малдове, асабліва ўлічваючы мізэрныя аб’ёмы паліва, выглядае цалкам лагічнай і зразумелай. Іншая прычына асабліва прагматычная: ва Украіне ёсць тэрыторыі, якія сілкуюцца газам з суседняй краіны. Гаворка ідзе пра Магілёў-Падольскі – горад у Вінніцкай вобласці, размешчаны на мяжы з Малдавіяй і які атрымлівае блакітнае паліва з малдаўскай газатранспартнай сістэмы», – канстатуе украінскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя