Агляд прэсы: планы на лета



ЕЗ рыхтуе новы пакет санкцый супраць Беларусі з чэрвеня. Ці зможа Еўропа стаць будпляцоўкай будучыні? Інвестыцыі – лепшы спосаб барацьбы з сепаратызмам у Брытаніі.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Еўрапейскае выданне Еuractiv паведамляе, што Лукашэнка разам з Расеяй заяўляе, што Захад умешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі і спрабуе адхіліць асуджэнне, увёўшы супраць ЕЗ санкцыі і забараніўшы ўезд у краіну некаторым чыноўнікам ЕЗ.

«У адказ ЕЗ рыхтуе чацвёрты пакет санкцый, які верагодна будзе значным. Пакет быў разгледжаны 10 мая, калі міністры замежных спраў ЕЗ абмяркоўвалі Беларусь. На паседжанні дыпламаты заявілі, што шмат хто з 27 сябраў блока падтрымлівае далейшыя санкцыі, але Бруселю неабходна сабраць дастатковую колькасць доказаў, каб распачаць юрыдычна важныя дзеянні», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.

У нядзелю ў Страсбурзе быў дадзены старт Канферэнцыі пра будучыню Еўразвязу. Згодна з планамі яе арганізатараў, грамадзяне ЕЗ на працягу года будуць абмяркоўваць тое, якой яны бачаць сваю супольнасць ў будучыні. Выступаючы на адкрыцці канферэнцыі, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон абяцалі выслухаць усе прапановы грамадзян. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія найважнейшыя пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння.

«Канферэнцыі папярэднічаюць вельмі неспрыяльныя прадмовы», – крытыкуе канвент нямецкая газета Der Standard.

«Няма ніводнай фігуры, якая валодае дастатковай вагой і аўтарытэтам для таго, каб простымі словамі абмаляваць агульны палітычны вектар будучыні Еўропы. Практычна ўсе кіраўнікі краін і ўрадаў хутчэй натхнёныя асобнымі дробнымі пытаннямі і праблемамі сваіх нацыянальных дзяржаваў. Многія з іх з’яўляюцца папулістамі ці нават нацыяналістамі. І гэта можна сказаць не толькі пра Віктара Орбана. Еўракамісія на чале са сваёй старшынёй таксама дапусьціла нямала промахаў. У адрозненне ад папярэдніх праектаў па рэфармаванні дамоваў ЕЗ, на гэты раз Еўракамісія не палічыла патрэбным прадставіць грамадскасці канкрэтны план. Так што цяпер – ужо пры ўдзеле грамадскасці – на працягу цэлага года ў рамках Канферэнцыі будучага будуць весціся жывыя, аднак бессістэмныя дэбаты. Усё гэта не абяцае нічога добрага», – падсумоўвае нямецкае выданне.

Па выніках праведзеных у Вялікабрытаніі рэгіянальных выбараў у Шатландыі адназначную перамогу атрымала Шатландская нацыянальная партыя. У рэгіянальным парламенце яна атрымае 64 са 129 дэпутацкіх месцаў. Тым самым пытанне аб незалежнасці Шатландыі ад Вялікабрытаніі набывае новую вастрыню: лідар ШНП і па сумяшчальніцтве кіраўніца шатландскага ўрада Нікола Сторджэн адкрыта выступае за выхад са Злучанага Каралеўства.

«Джонсан правільна робіць, ігнаруючы шатландскія патрабаванні аб большай незалежнасці», – адзначае брытанская газета The Sunday Times.

«Занадта многія ўрады лейбарыстаў і тораў меркавалі, што можна ўціхамірыць нацыяналістаў, надаўшы ім больш шырокія ўладныя паўнамоцтвы, і што такім чынам можна пакласці канец імкненню да незалежнасці. Замест гэтага падобная тактыка толькі ўзмацняе імпульс да поўнага разрыву. На шчасце, прэм’ер-міністр падтрымлівае планы па вылучэнні значных сум на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры, чыгункі і аўтастрад, якія злучаюць Шатландыю і Англію. Міністэрства фінансаў плануе працягнуць наўпрост фінансаваць праекты ў Шатландыі, між іншым, у абыход ўрада ў Эдынбургу, які ўзначальвае Шатландская нацыянальная партыя», – іранізуе брытанскае выданне.

Ініцыятыва прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які прапанаваў часова адмяніць дзеянне патэнтаў на вакцыны ад Covid-19, выклікала шырокую дыскусію па ўсім свеце. Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла, што ЕЗ гатовы абмеркаваць гэтую прапанову, але падкрэсліла, што для пачатку важней было б дазволіць экспарт вакцын. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як зрабіць працэс размеркавання вакцын як мага больш справядлівым.

«Вынікі даследаванняў павінны быць пастаўленыя на службу чалавецтву – і не толькі таму, што дзяржавы выдзелілі фармакалагічным кампаніям велізарныя сродкі», – піша венгерская газета Novi list.

«Вакцыны павінны стаць грамадскім здабыткам, аднак для многіх кампаній атрыманне выгады важней за здароўе людзей. Пытанне ў тым, наколькі прыватныя кампаніі можна наогул лічыць «уладальнікамі» вакцыны, калі гэтак многія дзяржавы бязвыплатна вылучылі на даследаванне, распрацоўку і тэставанне вакцын немалыя фінансавыя сродкі з уласных бюджэтаў. У агульнай суме не менш за 8,5 мільярдаў даляраў ЗША. Так што ў сітуацыі пандэміі ўсе гэтыя кампаніі павінны задаволіцца мінімальным прыбыткам і праявіць сваю «адказнасць перад грамадствам», пра якую так любяць расказваць», – падкрэслівае венгерскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя