Агляд прэсы: пластмасавы свет



Чаму Беларусь заслугоўвае дэмакратыі і свабоды. Еўропа супраць сустрэчы з Пуціным. Ці захавае Венгрыя сваё месца ў Еўразвязе? Чэшская салідарнасць пасля тарнада. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Амерыканскае выданне Washington Post аналізуе, як Лукашэнка спрабуе ўтрымацца між Захадам і Расеяй, дыктатурай і мяккім аўтарытарызмам. «На працягу большай часткі свайго кіравання на працягу чвэрці стагоддзя, Лукашэнка лавіраваў. І гэты тактыка зноў была паказана на мінулым тыдні, калі Еўрапейскі Звяз, ЗША і Канада абвясцілі аб скаардынаваных санкцыях у адказ на нахабнае выкраданне журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапегі. Пакараўшы тыднем зняволення, у выніку Лукашэнка адпусціў іх пад хатні арышт. На гэты раз яму трэба сказаць: хопіць гульняў», – падкрэслівае Washington Post і акцэнтуе ўвагу на тым, што сярод палітвязняў у Беларусі працягвае знаходзіцца асуджаны Сяргей Ціханоўскі, які раней дамагаўся вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. «Злучаныя Штаты адначасова ўвялі бязвізавыя ды іншыя санкцыі ў дачыненні да 62 дадатковых асоб, якія былі прызнаныя датычнымі да рэпрэсій у Беларусі, уключаючы прэс-сакратара Лукашэнкі. Галіновыя санкцыі мусяць паступаць з Еўропы, таму што менавіта там Беларусь мае большыя эканамічныя сувязі. З абодвух бакоў Атлантыкі спадар Лукашэнка павінен атрымаць паведамленне: Беларусь заслугоўвае свабодных і сумленных выбараў і свабоды для ўсіх палітычных зняволеных. Не менш», – катэгарычна падкрэслівае амерыканскае выданне.

***

Ініцыятыва тандэму Ангелы Мэркель і Эмануэля Макрона сустрэцца з Пуціным пацярпела паразу: па большай частцы з-за супраціву з боку Польшчы і краін Балтыі. Іншыя краіны-сябры ЕЗ таксама не праявілі асаблівага захаплення, паколькі палічылі, што гэта рашэнне прымалася за іх спінай. “Дадзены эпізод стаў пацвярджэннем таго, што знешняя палітыка ЕЗ не працуе”, – піша нямецкая газета Handelsblatt. «Нават два самых уплывовых палітыкі кантыненту не змаглі прымусіць сваіх калегаў з Усходняй Еўропы сесці за стол перамоваў з Уладзімірам Пуціным! Той факт, што прадстаўнікі краін Еўропы цяпер у адкрытую сварацца з-за Расеі – дрэнны знак. Мэркель і Макрон маглі пазбегнуць гэтага пры дапамозе некалькіх тэлефонных званкоў. Замест гэтага пасля саміту ЕЗ Меркель паводзіла сябе так, быццам гэта ўсяго толькі пытанне часу: рана ці позна іншыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў пагодзяцца-такі на сустрэчу з Пуціным. Такое стаўленне ніяк не спрыяе кансэнсусу», – рэзюмуе нямецкае выданне.

***

У сувязі з прыняццем Венгрыяй так званага «закона супраць педафіліі» у Еўразвязе з новай сілай разгарэлася дыскусія пра тое, наколькі прававы курс абраны Венгрыяй, наогул сумяшчальны з яе членствам у супольнасці. Старшыня Еўракамісіі фон дэр Ляйен заявіла, што гэты закон – проста ганьба. Прэм’ер-міністр Нідэрландаў Рутэ заклікаў Венгрыю выйсці з шэрагаў ЕЗ. Еўрапейская прэса таксама разважае над тым, ці не павінна супольнасць прыняць больш суровыя меры ў дачыненні да Будапешту. «Брусэль павінен задзейнічаць рычаг, які быў бы ў стане эфектыўна паўплываць на Орбана», – піша ірландская газета The Irish Times. «Прыняўшы гэты закон, напоўнены нянавісцю і накіраваны супраць ЛГБТ, Венгрыя перасекла чырвоную рысу. Як паведамляецца, прэм’ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ наўпрост спытаў Орбана, навошта яму наогул заставацца ў шэрагах ЕЗ, і прапанаваў Венгрыі пакінуць супольнасць. Орбан не прымае практычна ні аднаго з прынцыпаў, на якіх грунтуецца ЕЗ, аднак ён цалкам не зацікаўлены ў выхадзе з супольнасці. Наадварот: струмень грошай, якія паступаюць з Еўразвязу, дапамагае Орбану ўтрымацца ва ўладзе. Самы час перакрыць яму гэты кран!», – заклікае ірландскае выданне.

***

На паўднёва-ўсходнія рэгіёны Чэхіі абрынуўся незвычайна моцны для Еўропы тарнада: ёсць загінулыя і параненыя, маюцца значныя разбурэнні. Паводле ацэнак, хуткасць тарнада дасягала 300-400 кіламетраў у гадзіну. Многія людзі страцілі сваё жыллё і апынуліся на мяжы выжывання. Чэшскае выданне Seznam Zprávy праводзіць паралелі з папярэднім тарнада, тым, што здарылася ў 2004 годзе ў горадзе Літовэл: «У абодвух выпадках мы сталі сведкамі той неверагоднай салідарнасці, на якую здольныя чэхі. Так, мы нацыя футбольных і хакейных канапавых трэнераў, эпідэміёлагаў і вакцынолагаў-аматараў, якія часам гатовыя спрачацца да апошняга. Аднак усё гэта цяпер цьмянее на фоне той вялізнай хуткасці, з якой папаўняюцца дабрачынныя рахункі па зборы сродкаў для асобаў, якія апынуліся ў нястачы. І гэта на фоне незлічонай колькасці прапановаў аб дапамозе самага рознага роду, пачынаючы з прадастаўлення жылля і дастаўкі будаўнічых матэрыялаў, і заканчваючы гатоўнасцю сотняў і нават тысяч людзей кінуць усё і адправіцца ў іншы рэгіён краіны разбіраць завалы».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.