Агляд прэсы: подых вайны



Пуцінскі захоп Беларусі набірае абароты. СМІ назіраюць за тым, як змены клімату ўплываюць на палітычную мапу свету. НАСА падлічыла тэрмін прыдатнасці планеты Зямля. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Аtlantic Сouncil канстатуе факт пачатку супольных абаронных вучэнняў расейска-беларускіх узброеных сілаў на фоне рэкорднай колькасці сумесных ваенных вучэнняў, запланаваных на гэты год. Акрамя гэтага абодва бакі заявілі пра планы стварэння пастаянных агульных цэнтраў ваеннай падрыхтоўкі. І літаральна за некалькі дзён да пачатку ваенных вучэнняў 6-га сакавіка ў Менску адбыўся ўстаноўчы з’езд новай пракрамлёўскай беларускай палітычнай партыі. Сярод вядомых гасцей былі расейскі дэпутат з акупаванага Украінай паўвострава Крым і дарадца сепаратыстаў, якіх падтрымлівае Масква на ўсходзе Украіны.

«Калі беларускі крызіс набліжаецца да восьмага месяца, то стратэгія Пуціна становіцца ўсё больш відавочнай: выкарыстанне хваляванняў, палітычнай нявызначанасці і ўразлівасці дыктатара Лукашэнкі з мэтай стварэння факта, які забяспечвае доўгатэрміновае дамінаванне Масквы над Беларуссю», – піша амерыканскае выданне. «Расея няўхільна будуе архітэктуру, якая дазволіла б ёй пашырыць палітычную і ваенную прысутнасць на тэрыторыі меншага заходняга суседа».

Аtlantic Сouncil выказвае занепакоенасць ЗША тым, што Расея рэалізавала падобную мадэль у акупаваных рэгіёнах Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. У выніку паўстае пытанне бяспекі НАТА ля ўсходняй мяжы з Беларуссю.

***

 «Дзякуючы нармалізацыі адносінаў паміж Ізраілем і большасцю яго суседзяў усталёўваецца новы геапалітычны парадак, структураваны, у прыватнасці, іранскім экспансіянізмам», – піша аглядальнік Le Monde Алэн Фрашон.

«Пасля доўгай сваркі палітыка-ідэалагічнага характару эмірат Катар у нейкай меры памірыўся з домам Саўдаў, але яшчэ не прытрымліваецца авраамаўскай лініі», – гаворыцца ў публікацыі. – «Аднак па просьбе Ізраіля Катар рэгулярна дастаўляе гуманітарную дапамогу ў сектар Газа, палесцінскую тэрыторыю, кантраляваную Хамасам».

Цяпер вядучую ролю ў рэгіёне гуляюць тры неарабскія дзяржавы – Іран, Ізраіль і Турцыя. Іх узаемадзеянне і фармуе Блізкі Усход. «Ізраільцяне ўмацоўваюць свой антыіранскі саюз з арабамі. Іранцы чапляюцца за «шыіцкі паўмесяц». Турцыя гуляе на ўсіх франтах, каб задаволіць сваю апантаную цягу да гэаасманскага адраджэння», – гаворыцца ў артыкуле.

Le Monde падкрэслівае, што ЗША застаюцца дамінуючай стратэгічнай дзяржавай на Блізкім Усходзе. Расея аднавіла сваё месца, скарыстаўшыся вайной у Сірыі. Кітай зацвярджаецца эканамічна і разгортвае ўсё больш шчыльную сетку портаў. Еўропа таксама прысутнічае. Але заканчэнне араба-ізраільскага канфлікту паспрыяла аўтанамізацыі рэгіёну.

***

Раставанне ільдоў за Палярным кругам адкрывае новыя судаходныя маршруты па суседстве з Расеяй. Даступнасць гэтых перспектыўных новых маршрутаў, якія скароцяць час транзіту з Кітая ў Еўропу амаль удвая, цікавяць і брытанскіх вайскоўцаў.

Брытанская газета The Times заявіла пра гатовасць каралеўскіх ВМС Вялікабрытаніі абараняць арктычныя гандлёвыя шляхі па меры раставання льдоў і супрацьстаяць Расеі.

«На фоне засцярогаў з нагоды таго, што ў выніку зменаў клімату Масква можа ўсталяваць кантроль над палярнымі рэгіёнамі, у бліжэйшыя месяцы ў склад шматнацыянальнай аператыўнай групы ў Баранцавым моры ўвойдзе брытанскі фрэгат. Галоўнае мэта засцерагчы новыя гандлёвыя шляхі ад выключнага кантролю з боку Расеі і Кітая», – піша брытанскае выданне.

Акрамя гэтага The Times адзначае, што таянне ільдоў – не адзіная кліматычная праблема, якая прымушае перагледзець сусветны парадак. Павышэнне тэмпературы ў такіх рэгіёнах, як заходнеафрыканскі Сахель, спрыяюць засухам, і як вынік, прыводзіць да абвастрэння канфліктаў з-за рэсурсаў і ўплыву экстрэмісцкіх груповак «Бока Харам» і «Аль-Каіда».

***

Арабскае выданне Al Arabiya прапанавала сваім чытачам вынікі даследавання групы навукоўцаў НАСА з ЗША і Японіі, якія паспрабавалі вызначыць час, калі на планеце Зямля загіне ўсё жывое.

Цяпер гэта не сутыкненне з астэроідам і не падзенне гіганцкага метэарыту. Паводле разлікаў навукоўцаў, Зямля перастане быць прыдатнай для жыцця праз мільярд гадоў з-за таго, што ў яе атмасферы амаль не застанецца кіслароду.

«Да таго моманту Сонца стане гарачае, і будзе вылучаць значна больш энергіі, чым цяпер. Яго прамяні будуць руйнаваць малекулы вуглякіслага газу ў атмасферы, спрыяючы глабальнаму пацяпленню. У выніку расліны не змогуць больш вырабляць кісларод, які неабходны для дыхання людзей і жывёлам», – піша арабскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.