Агляд прэсы: Польшча скасоўвае сур’ёзны бар’ер перад беларусамі



Беларускія спецыялісты атрымаюць істотную палёгку для працаўладкавання ў Польшчы са снежня. А літоўскія журналісты разбіраюцца, ці моцна ўплываюць санкцыі на Крэмль і яго агрэсіўнага гаспадара. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Журналістка польскай газеты Rzeczpospolita Аніта Блашчак піша пра польскі рынак працы, які робіцца больш адкрытым для беларусаў. З 1 снежня беларусам, якія прыязджаюць па гуманітарных візах, а таксама ІТ-спецыялістам і лекарам, больш не трэба будзе звяртацца па дазвол на працу ў Польшчы. Усяго праз тыдзень уступяць у сілу правілы, якія значна палегчаць прафесійны старт у Польшчы для спецыялістаў з Беларусі. Як стала вядома выданню, 1 снежня павінна быць апублікавана папраўка да пастановы міністра развіцця, працы і тэхналогій, якая вызваляе беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе так званых гуманітарных віз, лекараў і медсясцёр ад абавязку атрымаць дазвол на працу, і таксама беларускіх ІТ-спецыялістаў, якія прыязджаюць у Польшчу ў рамках праграмы „Польская дзелавая гавань”. Рэгламент будзе дапоўнены змененым законам аб замежніках, які ўступіць у сілу ў пачатку снежня і які скасуе забарону на працу для іншаземцаў з так званымі гуманітарнымі візамі. У апошні час беларусы актыўна выкарыстоўваюць гуманітарныя візы: паводле дадзеных Міністэрства развіцця, да канца кастрычніка гэтага года ім было выдадзена каля 1 тысячы 900 такіх віз, якія, аднак, не давалі права працаваць у Польшчы. З 1 снежня гэтая забарона будзе скасавана.

— Да нас нядаўна звярнуліся ўладальнікі электратэхнічнай фабрыкі з Беларусі, якія хочуць перанесці свой бізнес у Польшчу разам з некалькімі сотнямі супрацоўнікаў, у асноўным інжынерамі і тэхнікамі. Цяпер гэта будзе прасцей зрабіць, — кажа кіраўнік кадравай службы Кшыштаф Інглат, які таксама чакае зялёнага святла для працаўладкавання медыкаў з Усходу.

У выпадку медыкаў яшчэ большым бар’ерам з’яўляецца доўгая працэдура пацверджання дыпломаў. Садзейнічанне пры працаўладкаванні лекараў з-за межаў Еўразвязу, асабліва з Беларусі і Украіны, будзе таксама ўведзена ў снежні адмысловым актам, які дазволіць ім працаваць са згоды міністра аховы здароўя без поўнай настрыфікацыі дыпломаў.

– Па нашых падліках, на дадзены момант каля 1,5-2 тысяч чалавек патэнцыйна зацікаўленых у працы ў Польшчы лекараў і 2-3 тысячы медсясцёр і фельчараў з Украіны і Беларусі, — сцвярджае Кшыштаф Інглат.

Малгажата Вішнеўская, кіраўніца ІТ-кампаніі Avenga, падкрэслівае, што фармальнасці, якія доўжацца ў сярэднім больш за год, з’яўляюцца адной з самых вялікіх перашкод пры прыёме на працу спецыялістаў з-за мяжы. Цяпер гэты бар’ер знікне для беларускіх ІТ-спецыялістаў, якія ўсё часцей падаюць заяўкі на працу ў Польшчы. На працягу некалькіх месяцаў Avenga Poland вядзе перамовы з адной кампаніяй сусветнага ўзроўню, якая разглядае магчымасць пераводу сваіх аперацый з Беларусі ў Польшчу, адначасова ствараючы магчымасць дыстанцыйнага супрацоўніцтва для некаторых беларусаў, паведамляе Rzeczpospolita.

Калі глядзець не скрозь «прызму чаканняў», а проста абапірацца на ацэнкі, якія даюць расейскія эканамісты і прадстаўнікі ўрада, то ўсе яны пацвярджаюць негатыўны эфект санкцый. Яны прызнаюць, што трацяцца намаганні на так званую «адаптацыю» эканомікі да санкцый, піша літоўская служба Delfi. Прамыя страты Расеі ад санкцый у 2014-2018 гг. ацэньваліся па-рознаму, ад 50 да 120 млрд даляраў. Верагодна, Расея «заплаціла» за Крым за пяць гадоў каля 100 млрд даляраў. Цяжка прагназаваць далейшыя прамыя страты. Ясна, што яны будуць. Але галоўным тут з’яўляюцца не прамыя страты ў сферы экспарту-імпарту, а тое, што дзеянне санкцый нарошчвае «рэжым ізаляцыі». Санкцыі толькі яго частка. Расея страціла свае пазіцыі ў „Вялікай сямёрцы”, паслабленыя пазіцыі ў БРІКС, ШАС, санкцыі адбіваюцца і на супрацоўніцтве ў рамках ЕАЭС. Многія новыя міжнародныя ініцыятывы цяпер ідуць міма Расеі. Скарачэнне адкрытых камунікацый і замена іх на абарончую дыпламатыю вядзе да страты магчымасцяў. Буйныя расейскія карпарацыі вымушаныя спыніць сваё прасоўванне на знешніх рынках. „Сбербанку” прыйшлося прадаць сваю сетку ў Чэхіі, „Расатам” губляе магчымасць перамагаць у тэндэрах на новыя станцыі. Санкцыі стварылі атмасферу «таксічнасці» вакол расейскіх эканамічных транзакцый. На працягу пяці апошніх гадоў фінансавыя разведкі, спецслужбы многіх краін вядуць кантроль новага ўзроўню за рухам расейскіх капіталаў, менавіта гэтым выкліканыя шматлікія выкрыцці расейскіх «ландраматаў» у Эстоніі, Малдове. У выніку атмасферы санкцый Расея страціла некаторыя традыцыйныя і палітычна важныя рынкі, напрыклад, Італію, Грэцыю, Чэхію. Рэжым санкцый уплывае і на розныя паралельныя рашэнні ўрадаў. Расейскія эканамічныя ўлады рыхтуюцца да «адаптацыі» ад наступнага ўдару — ўвядзення так званых «пякельных санкцый». Няма сумневу ў тым, што адміністрацыя Байдэна і ўлады Еўразвязу будуць зараз весці аўдыт эфектыўнасці санкцый менавіта ў гэтым, шырокім кантэксце: не санкцыі як такія, а «рэжым ізаляцыі» ўвогуле. За пяць гадоў добра бачна, што рэжым ізаляцыі заводзіць Крэмль у звужаны калідор. Калі прытрымлівацца цяпер папулярных метафар, у расейскай эканомікі лёгкая пнеўманія, а санкцыі — гэта каронавірус. І адна палітычная памылка, якая ўзмацняе эканамічную «пнеўманію», рэзка павышае перспектыву абвальвання арганізма. Вось у гэтым «кошт Крыму», а не толькі ў 0,2% ад ВУП або ў падзенні экспарту-імпарту з канкрэтнай краінай, піша аўтар Delfi Аляксандр Марозаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: polsha.by