Агляд прэсы: праходу няма



Праціўнікі Лукашэнкі нідзе не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. Швецкія СМІ патрабуюць увесці санкцыі за перахоп самалёта і супраць Расеі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Перахопам самалёта дыктатар дэманструе сваю ўладу. Так ён можа стаць пагрозай і для Еўразвяза», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung. Выданне адзначае, што цяпер беларускі дыктатар дастае з неба і самалёты. «Лукашэнка перахапіў рэйс пры дапамозе знішчальніка, каб затрымаць блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, якому зараз пагражае больш як дванаццаць гадоў турмы. Лукашэнка падае сігнал усім тым, хто збег: ніхто з іх і нідзе не павінен адчуваць сябе ў бяспецы. Лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская незадоўга ляцела тым жа маршрутам з Афін у Вільню», – піша нямецкае выданне. «Больш цікавай для Лукашэнкі, верагодна, з’яўляецца рэакцыя на ягоны ўчынак з боку Масквы. Крэмль пакуль адмаўляецца каментаваць пасадку самалёта Ryanair, але галоўны рэдактар падуладнага Крамлю тэлеканала RT напісала ў Twitter, што зайздросціць Беларусі, таму што Лукашэнка «прыгожа выканаў» сваю задачу. Гэта нядобры знак і для расейскай апазіцыі», – заключае Süddeutsche Zeitung.

***

«Нельга выключаць, што Расея замяшаная ў беларускім інцыдэнце, падчас якога прэзідэнт Лукашэнка прымусіў пасажырскі самалёт здзейсніць экстранную пасадку і затрымаў грамадзяніна Беларусі, які крытыкуе рэжым», – піша швецкае выданне SVT. «Зараз чакаецца, што супраць Беларусі ўвядуць санкцыі, але і Расею можа чакаць тая ж доля. Беларусь – гэта інструмент агрэсіі Расеі ў яе антаганізме з Захадам. Калі дзяржава прымушае да пасадкі грамадзянскі самалёт – гэта падзея практычна ўнікальная, бо ідзе насуперак з міжнароднымі канвенцыямі ў галіне авіяцыі. Гэты інцыдэнт непазбежна павінен выліцца ў нейкае міжнароднае пакаранне, таму што гэта сапраўдны дзяржаўны тэрарызм», – адзначае швецкае выданне. Шведы заклікаюць увесці санкцыі і супраць Расеі. Бо калі санкцыі ўдараць выключна па Беларусі, гэта будзе выгадна Расеі. Відавочна, што Беларусі патрэбныя адносіны з ЕЗ, інакш краіна цалкам апынецца ў руках Расеі.

***

«Масква можа будаваць газаправод «Паўночны паток-2» і пашырае сваю прысутнасць у Арктыцы. Амерыцы і НАТА ўжо даўно пара выпрацаваць стратэгію процідзеяння росту ваеннай прысутнасці Расеі ў рэгіёне», – піша нямецкая газета Die Welt. «На мінулым тыдні адміністрацыя Байдэна прадэманстравала некаторае замяшальніцтва. Той факт, што ЗША цяпер як мінімум часткова здымаюць ціск з «Паўночнага патоку-2», тлумачыцца галоўным чынам тым, што яны больш не вераць, што змогуць перашкодзіць будаўніцтву газаправода, паколькі будаўніцтва зайшло занадта далёка», – мяркуе нямецкае выданне. «Хаця ЗША абвінавачваюць Расею ў «мілітарызацыі» Арктыкі, у адміністрацыі Байдэна дагэтуль не існуе канцэпцыі таго, як вядучая заходняя дзяржава мае намер перашкодзіць Маскве прысвоіць значныя часткі Арктыкі і проста ігнараваць інтарэсы заходніх арктычных краін. Таму Амерыцы і НАТА даўно пара выпрацаваць стратэгію. Інакш Захад ізноў разгубіцца, калі апынецца перад фактам, як гэта было з анексіяй Крыма ці як зараз з амаль завершаным газаправодам «Паўночны паток – 2», – заклікае Die Welt.

***

«З пачатку пандэміі каронавірусу, якая пачалася ў Кітаі, выказвалася шмат здагадак аб тым, адкуль узяўся вірус. Нават калі многае сведчыць на перадачу віруса ад жывёлы да чалавека, лабараторную тэорыю ўсё яшчэ нельга выключаць цалкам. Новы дакумент зноў ажыўляе дэбаты аб паходжанні вірусу», – піша нямецкі часопіс Focus. Выданне спасылаецца на пакуль неапублікаваны дакумент Дзярждэпартамента ЗША, згодна з якім трое даследчыкаў з Інстытута вірусалогіі ва Ухані ў лістападзе 2019 года, захварэлі да афіцыйнай успышкі каронавірусу ў Кітаі. Захварэўшыя навукоўцы праходзілі лекаванне ў бальніцы. «Асабліва выбуханебяспечная дэталь: паведамляецца, што іх сімптомы былі вельмі падобныя на сімптомы каронавіруснай інфекцыі», – перадае выданне. Ні Нацыянальная камісія аховы здароўя Кітая, ні Уханьскі інстытут вірусалогіі не сталі каментаваць даклад Дзярждэпартамента ЗША.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.