Агляд прэсы: пратэсты як частка жыцця і эканомікі



«Шып у воку» Лукашэнкі. Беларуская эканамічная загадка. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Аглядальнік лонданскага выдання Emerging Europe Крэйг Турп-Балаш прысвяціў свой матэрыял такой тэме, як «У Беларусі пратэст стаў часткай паўсядзённага жыцця».

Аўтар артыкулу канстатуе, што 6-е снежня ў Менску прайшло па знаёмай схеме для ўсіх, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў з самога жніўня.

Шырокія дэманстрацыі прыхільнікаў апазіцыі, якія заклікаюць да новых, свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, былі сустрэты звыклай жорсткасцю ўладаў краіны. Арыштавана каля 300 чалавек.

Emerging Europe падкрэслівае, што калі ў першыя дні акцый пратэсту большасць арыштаваных былі асуджаны па адміністрацыйных артыкулах,  то за апошнія тыдні ўлады, мяркуючы па ўсім, змянілі тактыку ў напрамку крымінальнага пераследу нязгодных. І хаця былы прэзідэнт Чылі і палітвязень падчас дыктатуры Аўгуста Піначэта, Мішэль Бачэлет заклікала урад Беларусі спыніць пастаянныя парушэнні правоў чалавека, прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч заявіў, што большасць людзей у краіне „працягваюць сваё звычайнае жыццё” і што „ўрад функцыянуе, як і заводы ды офісы” .

Агладальнік брытанскага Emerging Europe Крэйг Турп-Балаш лічыць каментарыі Амбразевіча напамінам пра тое, што, нягледзячы на працяг пратэстаў, Аляксандр Лукашэнка, які аб’ектыўна прайграў у жніўні Святлане Ціханоўскай, па-ранейшаму кіруе Беларуссю. Краіна ж трапіла ў працяглы эканамічны крызіс. Пратэсты ўжо каштавалі Беларусі 500 мільёнаў даляраў ЗША. Напрыканцы мінулага месяца паведамлялася, што ў краіне ёсць толькі 9 мільярдаў даляраў ЗША. З пачатку года экспарт скараціўся на 15 працэнтаў.

Міжнароднае агенцтва крэдытных рэйтынгаў Fitch Ratings нядаўна панізіла свой прагноз па доўгатэрміновым рэйтынгу дэфолту Бедарусі як эмітэнта ў замежнай валюце (IDR) са стабільнага да адмоўнага пасля аналагічнага кроку агенцтва Standard & Poor’s.

Emerging Europe адзначае, што каб Беларусі выжыць, напэўна, спатрэбіцца дэвальвацыя беларускага рубля. «На мінулым тыдні Лукашэнка прызнаў, што 2020 год быў самым цяжкім у эканоміцы краіны „на працягу дзесяцігоддзяў”, і абвесціў, што абмеркаванне наступнай пяцігодкі краіны будзе зацягнута да студзеня. Шмат хто ў Беларусі спадзяецца, што да гэтага часу Лукашэнкі ўжо не будзе побач з беларусамі», – падсумоўвае брытанскае выданне Emerging Europe.

Выданне аб еўрапейскай эканамічнай палітыцы Intereconomics размясціла артыкул вядомага эканаміста Сяргея Гурыева па назвай “Палітычная эканомія беларускага крызісу”.

Гурыеў у якасці эпіграфа прыводзіць словы Адам Пшэворскага, які пісаў, што «аўтарытарная раўнавага трымаецца … на хлусні, страху ці эканамічным росквіце». Першыя дваццаць гадоў кіравання беларускі дыктатар Лукашэнка адчуваў сябе ў бяспецы, у першую чаргу, дзякуючы высокім эканамічным паказчыкам. Падвох, зразумела, быў у тым, што гэты рост быў абумоўлены масавымі субсідыямі Расеі.

Пасля таго, як расейская эканоміка пайшла ў рэцэсію, якая суправаджалася працяглай стагнацыяй з-за паніжэння коштаў на нафту і заходніх санкцый, беларускі эканамічны рост таксама скончыўся. Расея пачала эканоміць і спыніла шчодрасць да дружалюбных аўтарытарных рэжымаў. У выніку ВУП Беларусі на душу насельніцтва перастаў расці: яго сярэднегадавы тэмп росту за апошнія 5 год быў роўны нулю.

Улічваючы гэта, нядзіўна, што Лукашэнка прайграў выбары сёлета і звярнуўся да гвалту і хлусні. Яму нават давялося ўвезці два самалёты расейскіх тэлепрапагандыстаў.

Выданне Intereconomics падкрэслівае, што зараз  цяжка прадказаць вынік  барацьбы Лукашэнкі з беларускім грамадствам. Аднак агляд беларускай эканомікі  дапамагае зразумець палітычную дынаміку краіны і, такім чынам, мадуляваць стратэгію Расеі і Еўропы ў дачыненні да Беларусі.

Перш за ўсё, у беларускай эканоміцы дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы і дзяржаўныя банкі. На іх прыходзіцца амаль 60% занятасці. Большасць з дзяржаўных прадпрыемстваў непрыбытковыя і таму яны абапіраюцца на субсідыі Расеі.

Прыватныя фірмы ў Беларусі сутыкаюцца з нядобрасумленным канкурэнтным асяроддзем і пераследуюцца бюракратамі.

Выданне Intereconomics падсумоўвае, што ўлічваючы эканамічны тупік апошніх год, нядзіўна, што прыватныя прадпрымальнікі і рабочыя, а таксама беларусы, якія пражываюць за мяжой, убачылі неабходнасць перамен. Больш уражвае тое, што іх падтрымалі многія работнікі дзяржпрадпрыемстваў, якія раней былі апорай рэжыму. Незалежныя Інтэрнэт-СМІ  пераканалі нават іх у тым, што эканамічная мадэль Лукашэнкі гібее – асабліва ў параўнанні з ужо багатымі і растучымі еўрапейскімі суседзямі Польшчай і Літвой.

Эканаміст Сяргей Гурыеў падкрэслівае, што эканамічныя праблемы – важная частка беларускай загадкі. Каб працягваць плаціць сілавікам, Лукашэнку патрэбныя грошы. Яму таксама неабходна трансфармаваць свой знешні доўг. Не дзіва, што, сутыкнуўшыся з пратэстамі і нарастаючымі эканамічнымі цяжкасцямі, Лукашэнка актывізаваў свае кантакты з Пуціным. Відавочна, што сам Пуцін усё яшчэ хоча вярнуцца да аб’яднання Расеі і Беларусі. Але страта нацыянальнага суверэнітэту, безумоўна, была б вельмі непапулярнай сярод беларусаў – і Крэмль, здаецца, гэта разумее.

Сяргей Гурыеў  на старонках  Intereconomics задаецца пытаннем: што можа ў такой сітуацыі зрабіць ЕЗ для Беларусі? «Як і раней, ЕЗ павінен выразна заявіць, што красці выбары, арыштоўваць апазіцыйных палітыкаў і збіваць мірных дэманстрантаў – гэта няправільна – і сачыць за санкцыямі, уносячы грошы туды, дзе трэба. Калі Беларусь пачне рухацца па шляху рэформаў, ёсць шмат прычын, каб быць аптымістам адносна яе эканамічных паказчыкаў. Гэта добра адукаваная краіна побач з Еўропай. У ёй няма алігархаў і дробнай карупцыі. Нарэшце, як паказалі апошнія тыдні, беларускае грамадства хоча пабудаваць сучасную краіну, заснаваную на еўрапейскіх каштоўнасцях» – катэгарычна ўпэўнены вопытны эканаміст і аўтар артыкулу Сяргей Гурыеў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: newbelarus.vision