Агляд прэсы: працэдуры на мяжы



СМІ Літвы: шырыцца міграцыйны паток з боку Беларусі. Што на парадку дня ў Вялікі сямёркі? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

З моманту пірацкай пасадкі самалёта і абвастрэння ў гэтай сувязі канфлікту паміж Вільняй і Менскам рэзка ўзрасла колькасць мігрантаў, якія прыбываюць у Літву праз беларускую мяжу. Гаворка пры гэтым ідзе не толькі аб апазіцыянерах, што бягуць ад рэжыму Лукашэнкі, але і аб грамадзянах Расеі, Іраку або Ірану. На думку літоўскіх уладаў, Беларусь наўмысна не перашкаджае перасячэнню мяжы. Літоўская прэса разважае пра тое, што рабіць у сітуацыі, якая склалася. «На сённяшні момант няма прававых метадаў, пры дапамозе якіх можна было б перашкодзіць падобным крокам з боку Беларусі», – піша літоўскі партал Lrt. «Калі б паміж Беларуссю і Літвой мелася пагадненне аб высылцы бежанцаў, то Беларусь павінна была б прыняць назад нелегальных мігрантаў, якія прыбылі ў Літву з яе тэрыторыі. Але такога пагаднення не існуе. Таму нам варта рыхтавацца да таго, што колькасць мігрантаў з Беларусі будзе расці, і нам трэба будзе іх прымаць. Калі сітуацыя яшчэ больш абвострыцца, то тады будзем спадзявацца на салідарнасць і дапамогу з боку краін ЕЗ, якая мела месца ў выпадку нядаўняга пераразмеркавання бежанцаў з Грэцыі і Італіі ў іншыя краіны ЕЗ», – адзначае літоўскае выданне.

***

У ціхім прыбярэжным мястэчку Карбіс Бэй, размешчаным у брытанскім графстве Карнуол, стартаваў саміт Вялікай сямёркі. У апошні раз прадстаўнікі сямі найбуйнейшых прамыслова развітых дзяржаў свету збіраліся разам у жніўні 2019 году. Сустрэча, якая ў 2020 годзе павінна была адбыцца ў ЗША, у канчатковым выніку не адбылася з-за каронакрызісу. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія задачы стаяць перад удзельнікамі сустрэчы і якія прыярытэты ім варта было б расставіць. На думку брытанскай газеты The Times, адзін толькі той факт, што на чале ЗША цяпер стаіць больш дамоваздольны прэзідэнт, не можа служыць гарантыяй поспеху саміту. «Сам дыяпазон уключаны ў парадак дня тэм і пытанняў пасылае сігнал таго, што падчас гэтай сустрэчы наўрад ці будуць дасягнуты адчувальныя вынікі. А таму ўдзельнікам саміту хутчэй варта было б засяродзіцца на некалькіх канкрэтных тэмах глабальнага характару, па якіх яны маглі б прыйсці да агульнай сумы і агульнай пазіцыі – прыкладна так, як гэта ў ходзе сваёй нядаўняй сустрэчы ўдалося міністрам фінансаў краін Вялікай сямёркі, якія прыйшлі да згоды па падатках для карпарацый. Высокія чаканні, якія звязаныя з маючай адбыцца сустрэчай, абумоўлены тым, што Вялікай сямёрцы не занадта часта выдаецца гэткая шматспадзеўная магчымасць замацаваць за сабой сусветнае лідарства», – лічыць брытанскае выданне.

***

Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас у адкрытым лісце запатрабавала ад сваёй фінскай калегі Саны Марын знайсці рашэнне ў спрэчцы пра тое, як быць з грамадзянамі Эстоніі, якія часова працуюць у Фінляндыі. У цяперашні час Хельсінкі дазваляе ўезд без выканання каранціну толькі з Ісландыі і Мальты. Таму з пачатку года, калі правілы былі больш жорсткімі, тысячы эстонцаў, што ездзілі на працу ў Фінляндыю, апынуліся перад выбарам: альбо застацца з сям’ёй у Эстоніі, альбо надоўга затрымацца па той бок мяжы. «Улады Фінляндыі павінны знайсці выхад з тупіку, у якім апынулася наёмныя сілы з Эстоніі», – патрабуе фінская газета Ilta-Sanomat. «Нягледзячы на вакцынацыю, эпідэміялагічную сітуацыю ў Еўропе пакуль што не ўдалося цалкам узяць пад кантроль. Неабходна як мага хутчэй палепшыць становішча эстонскіх працаўнікоў, зразумела, у межах магчымага. Фінляндыі варта было б дзейнічаць дыпламатычна і паважаць пачуцці эстонцаў. Цалкам відавочна, што ў доўгатэрміновай перспектыве тое, што адбываецца, не акажа негатыўнага ўплыву на адносіны паміж дзвюма краінамі», – спадзяецца фінскае выданне.

***

У Рыме прайшоў першы матч першынства Еўропы па футболе, якое па графіку павінна было прайсці ў 2020 годзе. У стартавай гульні сустрэліся зборныя Італіі і Турцыі. Цяперашні чэмпіянат адрозніваецца асаблівым геаграфічным размахам і пан-еўрапейскім характарам: гульні пройдуць аж у адзінаццаці краінах. Ва ўмовах пандэміі асаблівасцю чэмпіянату стане і тое, што на стадыёнах будуць зноў прысутнічаць заўзятары, хай і ў абмежаванай колькасці. Старонкі еўрапейскай прэсы напоўнены як радасным чаканнем, так і скепсісам. Швейцарская газета Aargauer Zeitung мяркуе, што гэты чэмпіянат наўрад ці паспрыяе ўзаемаразуменню паміж народамі. «Як адносіцца да таго, што гульцы зборнай Турцыі ў ходзе стартавага матчу супраць Італіі ўскінуць рукі ў гонар Эрдагана? Ці абыдзецца ў ходзе матчу Англія-Шатландыя без грубіянства з нагоды брэкзіту? І што зробіць Пуцін, калі расейцам давядзецца гуляць супраць украінцаў, і апошнія выйграюць? УЕФА ўжо забараніла цэлы шэраг камбінацый: так, зборная Косава не сустрэнецца на двубоі са зборнай Босніі або Сербіі, Гішпанія не трапіць у адну групу з Гібралтарам. Ва УЕФА гэта называецца «недазваляльныя сутыкненні». На шчасце, міру ў Еўропе нішто не пагражае: большасць з гэтых зборных не прайшлі кваліфікацыю і не будуць удзельнічаць у фінале», – рэзюмуе з іроніяй швейцарскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.