Агляд прэсы: права на варварства
Заціснутая паміж Расеяй і Кітаем: Беларусь змагаецца за падтрымку. Новага Карыбскага крызісу ўдалося пазбегнуць? Справа MH17: пажыццёвае за забойства 298 людзей. У Вялікабрытаніі прадстаўлены новы бюджэт. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Самаркандзе (Узбекістан) у 2022 годзе быў адзначаны некалькімі прыкметнымі дзеяннямі, якія сведчаць аб далейшым арганізацыйным пашырэнні. Егіпет і Катар атрымалі статус партнёраў па дыялогу ў ШАС, Іран падпісаў мемарандум аб далучэнні да ШАС і, што самае цікавае, быў анансаваны працэс прыняцця Беларусі ў паўнапраўнае членства ў ШАС», – паведамляе шведскае выданне The Institute for Security and Development Policy.
«Лукашэнка заявіў, што гэта стане фактарам умацавання рэгіянальнай бяспекі, інтэнсіўнага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва і пашырэння гуманітарных сувязяў. Раней падчас сустрэчы з Сі Цзіньпінам Лукашэнка пацвердзіў сваю падтрымку палітыкі «Адзінага Кітая», а Сі Цзіньпін заявіў, што двухбаковыя адносіны паміж Кітаем і Беларуссю дасягнулі «ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства». Гэтыя заявы дэманструюць зрух геапалітычнай пераарыентацыі Беларусі з заходняй сферы ўплыву ў недэмакратычную. Такі пераход можа прынесці некалькі пераваг: напрыклад, пабудова стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем дазваляе Беларусі атрымаць значныя інвестыцыі на фоне санкцый, уведзеных Еўрапейскім саюзам у адказ на яе ўдзел у ваенным уварванні Расеі ва Украіну. Больш за тое, гэта дазволіць Лукашэнку захаваць унутраны імідж моцнага і ўплывовага лідэра, здольнага будаваць адносіны з такімі моцнымі дзяржавамі, як Расея і Кітай. З іншага боку, наладжванне цесных гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Кітаем дазваляе Беларусі знізіць эканамічную залежнасць ад Расеі. Таму ў інтарэсах Расеі і надалей весці перамовы з Беларуссю аб рэструктурызацыі доўгу, каб захаваць яе ў сферы ўплыву Расеі. Беларусь, верагодна, будзе працягваць лавіраваць паміж дзвюма дзяржавамі, каб забяспечыць бесперапынную фінансавую падтрымку і прыток інвестыцый, нягледзячы на рызыкі, выкліканыя цяперашняй засяроджанасцю Расеі на ўварванні ва Украіну і супярэчлівай практыкай крэдытавання Кітая», – прагназуе шведскае выданне.
Пасля падзення дзвюх ракет у польскім сяле Пшаводаў, што непадалёк ад мяжы з Украінай, шырацца спробы расследаваць тое, што адбылося, і не дапусціць эскалацыі: ЗША, Польшча, а таксама НАТО заявілі, што гэтыя ракеты расейскага ўзору былі, па ўсёй верагоднасці, запушчаныя ўкраінскім бокам для перахопу расейскага ракетнага абстрэлу. Па словах польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, няма ніякіх прыкмет таго, што меў месца наўмысны напад. На думку венгерскай праўрадавай газеты Magyar Nemzet, тое, што адбылося, каторы раз прадэманстравала, што Еўрасаюзу трэба неадкладна дабівацца спынення агню.
«Выбух ракеты ў Польшчы павінен стаць папераджальным сігналам для тых, хто дапамагае зацягваць вайну за кошт паставак зброі і абвяшчэння санкцыяў. Навошта соты пакет санкцыяў, які яшчэ больш пагоршыў бы і так не бліскучыя перспектывы Еўропы? Неабходна, як мінімум, спыненне агню, а ў лепшым выпадку – мірныя перамовы. Калі цяперашняя сітуацыя зацягнецца, то гэта будзе азначаць толькі працяг бойні і далейшыя пакуты для Еўропы», – лічыць венгерскае выданне.
Па заканчэнні васьмі гадоў пасля крушэння пасажырскага Боінга, збітага ракетай у небе над Данбасам, суд у Амстэрдаме вынес свой прысуд: двое расейскіх грамадзян і адзін грамадзянін Украіны прысуджаныя да пажыццёвага зняволення і выплаты 16 мільёнаў эўра кампенсацый сем’ям загінулых. Суд прыйшоў да высновы, што гэтыя трое ўдзельнічалі ў перапраўцы зенітнага ракетнага комплексу Бук з Расеі ва Усходнюю Украіну і збілі з яго малазійскі самалёт. Аглядальнікі вітаюць рашэнне суда. «Упартасць і справядлівасць – такі залог перамогі правай справы», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Крэмль прадставіў усяго толькі «альтэрнатыўныя факты», і зрабіў ён гэта з адной-адзінай мэтай: разбурыць відавочную ісціну, пасеяць сумневы, выклікаць замяшанне. Супраць такога подлага прыёму маецца толькі адзін-адзіны сродак, а менавіта аўтарытэтнае, незалежнае правасуддзе, якое не адступаецца ад сваёй мэты і адрозніваецца справядлівасцю: аднаго з падсудных, які аказаўся толькі вельмі ўскосна замяшаным у запуску ракеты, суд апраўдаў. Для прававой дзяржавы і для ліберальнага Захаду гэты вердыкт стаў трыўмфам. Перамагла праўда», – канстатуе нямецкае выданне.
Інфляцыя вышэй за адзінаццаць адсоткаў, рост дзяржаўнага доўгу, след зацяжной рэцэсіі і крэдытны рэйтынг, што пацярпеў за час кароткатэрміновага прэм’ерства Трас – такія кулісы, на фоне якіх прэм’ер-міністр Джэрэмі Хант прадставіў новы праект бюджэту. Дасягненне стабільнасці плануецца за кошт павышэння падаткаў, якое заклікана прынесці ў казну ў агульнай складанасці 24 мільярды фунтаў стэрлінгаў, а таксама за кошт уразання выдаткаў агульным аб’ёмам у 30 мільярдаў фунтаў. Па меркаванні брытанскай газеты Financial Times, у такога бюджэту няма будучыні.
«Перш за ўсё, адсутнічае стратэгія стымулявання росту. План замарозкі дзяржаўных выдаткаў з 2025 года запатрабуе сур’ёзных ахвяр, паколькі ён мае на ўвазе значнае скарачэнне марнаванняў у параўнанні з тым, што планавалася раней. Практычна нічога не прагучала аб стымуляванні інвестыцый у бізнэс. Паколькі ў цяперашні час яны знаходзяцца на нізкім узроўні, прадукцыйнасць па-ранейшаму пакутуе. Урад прызнаў настойлівую неабходнасць вывесці неактыўную рабочую сілу на рынак працы, бо доля працуючага насельніцтва зараз па-ранейшаму ніжэйшая, чым да пандэміі. Аднак канкрэтных мер у гэтым напрамку прапанавана не было», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя