Агляд прэсы: правілы для сваіх
The New York Times папярэджвае аб тым, што Лукашэнка адчувае поўную беспакаранасць перад Захадам. Важна ведаць: Расея дыстабілізуе інфармацыйнае поле ў краінах перад пачаткам канфлікту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.
Амерыканская штодзённая газета The New York Times абурана тым, як пасля сакрушальных масавых дэманстрацый, якія патрабавалі адхілення ад пасады, Лукашэнка прыняў шырокія меры па барацьбе з іншадумствам і ўзмацніў помсту супраць сваіх крытыкаў.
Выданне, як і многія іншыя замежныя СМІ, прыводзіць вынікі суду над беларускімі журналісткамі Андрэевай і Чульцовай, які атрымалі па два гады пазбаўлення волі ў калоніі за рэпартаж, які яны праводзілі ў межах выканання прафесійных абавязкаў падчас пратэснага мітынгу.
«Падтрыманы Пуціным, кіраўніку Беларусі больш не трэба шукаць якога-небудзь адабрэння з боку Захаду. Ён свабодна ідзе далей, каб пераканацца, што пратэсты падаўлены», – піша The New York Times.
Французская газета Le Figaro на першых старонках прыводзіць доказы вядзення расейскай «псіхалагічнай вайны» на падставе штогадовага дакладу дэпартамента знешняй выведкі Эстоніі, дзе падрабязна распавядаецца аб расейскіх метадах ўплыву.
Згодна з матэрыялам Le Figaro: «Падраздзяленне 54777 уваходзіць у склад ГРУ, расейскай службы вонкавай выведкі. Яно адказвае за аперацыі так званай «псіхалагічнай вайны», аказанне ўплыву на замежнае грамадскае меркаванне, уздзеянне ў кіберпрасторы і абарону Расеі ад вонкавага ўплыву».
У сваім шостым дакладзе Дэпартамент знешняй выведкі Эстоніі падрабязна апісвае функцыянаванне гэтага сакрэтнага падраздзялення, якое выбірае сваімі мішэнямі палітычных лідараў, вайскоўцаў, этнічныя і рэлігійныя меншасці, апазіцыйныя і бізнэс -групы. Фактычна, патэнцыйнай мішэнню з’яўляецца ўсё насельніцтва свету за межамі Расеі. Паказальна, што інфармацыйныя атакі пачынаюцца да фармальнага пачатку канфлікту, а таму па актыўнасці сайтаў, падкантрольных ГРУ, можна адсочваць інтарэсы Расеі ў свеце.
У якасці прыклада Le Figaro прыводзіць дзейнасць шэрагу сайтаў на ангельскай мове, падкантрольных ГРУ, якія шырока распаўсюджвалі сцвярджэнне аб тым, што ЗША скарысталіся эпідэміяй, каб навязаць сваё бачанне сусветнага парадку, або што каронавірус з`яўляецца амерыканскай біялагічнай зброяй.
Эксперты МВФ чакаюць, што глабальная інфляцыя будзе заставацца нізкай да 2025 года. Аднак амерыканскае выданне Project Syndicate падкрэслівае, што яны недаацэньваюць існуючыя рызыкі, і што прагнозы нізкай інфляцыі нерэалістычныя.
«За апошнія месяцы рэзка выраслі цэны на сыравіну, кошт міжнароднай транспарціроўкі, каціроўкі акцый і біткойна, пры гэтым даляр ЗША істотна дэвальваваўся. Усё гэта можа быць прадвеснікам росту спажывецкіх цэн у даляравай зоне. А паколькі тэмпы інфляцыі моцна карэлююцца ва ўсім свеце, павышэнне інфляцыі ў даляравай зоне паскорыць міжнародны рост коштаў», – прагназуе Project Syndicate.
Паводле выдання, рэзкі рост інфляцыі можа прывесці да катастрафічных наступстваў. Для яе стрымлівання цэнтральным банкам прыйдзецца павысіць працэнтныя стаўкі, што можа стварыць фінансавыя праблемы для краін, кампаній і хатніх гаспадарак з высокім узроўнем запазычанасці.
Пасля няўдалага візіту Жазэпа Барэля ў Маскву Савет міністраў замежных спраў краін Еўразвязу мае намер 22 лютага правесці галасаванне па пытанні ўвядзення новых санкцый у дачыненні да Расеі. Міністр замежных спраў Расеі Лаўроў пагражае разрывам адносін з ЕЗ. Аднак Крэмль змягчае сэнс гэтага выказвання. Еўрапейскія СМІ крытычна аналізуюць паводзіны Масквы.
«На фоне пануючага дэфіцыту вакцын у ЕЗ Расея паводзіць сябе яшчэ больш нахабна, чым у ходзе крымскага крызісу», – лічыць харвацкая газета Večernji list.
«Такая змена еўрапейска-расейскіх адносінаў з большага з’яўляецца вынікам поспеху расейскага прэпарату «Спадарожнік V», які стаў магутнай геапалітычнай зброяй у руках Масквы, якая нясе віну за цяперашнюю радыкалізацыю расейскай палітыкі ў адносінах да ЕЗ. Пра гэта сведчыць не толькі прыклад Венгрыі, якая ўчора стала першай краінай-сябрам ЕЗ, якая распачала вакцынацыю расейскай вакцынай, але і пазіцыя Аўстрыі, Германіі і іншых краін ЕЗ, якія таксама падумваюць аб выкарыстанні расейскай вакцыны», – адзначае венгерскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка