Агляд прэсы: правілы супраціўлення



СМІ Тайланда аналізуюць незнішчальную і крымінальную па характары крыніцу даходаў рэжыму Лукашэнкі.

Як колер адзення можа сказаць усё пра пратэсныя настроі носьбіта. Незалежнасць Каталоніі набывае канкрэтныя рысы.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Тайландская газета Вangkokpost выпусціла матэрыял пад назвай «На мяжы ЕЗ з Беларуссю бушуе барацьба з кантрабандыстамі». Размова ідзе пра сітуацыю, калі на замарожанай мяжы ЕЗ з Беларуссю латвійскія памежнікі змагаюцца з усё большым патокам кантрабандных цыгарэт, якія, як паведамляецца, прыносяць карысць арганізаванай злачыннасці і блізкаму саюзніку Лукашэнкі Аляксею Алексіну, які ў сваю чаргу названы асноўным бенефіцыярам даходаў ад прыгранічнай кантрабанды цыгарэт.

«Для вырашэння праблемы пункт пропуску пашыраецца і наймае больш памежнікаў, мытнікаў і ветэрынарных службоўцаў, каб павялічыць у два разы магчымасці праверкі. Аднак у Беларусі цыгарэты каштуюць так нізка, а ў ЕЗ так высока і абкладаюцца падаткамі, што кантрабанда застаецца прыбытковай, нават калі мільёны з яе канфіскуюцца штомесяц», адзначаецца ў матэрыяле Вangkokpost.

Тайландскае выданне падкрэслівае, што большасць кантрабандных цыгарэт з Беларусі паходзіць з дзяржаўнай фабрыкі „Нёман” з Гародні.

У Каталоніі адбыліся парламенцкія выбары. Іх вынік наступны: канстытуцыяналісты не змаглі перадухіліць «неверагодны прарыў” прыхільнікаў незалежнасці, якія атрымалі больш за палову галасоў. Раней такіх вынікаў яны ніколі не дамагаліся. Партугальскае выданне Observador піша пра тое, што мары аб новым рэферэндуме пра самавызначэнне Каталоніі становяцца рэальнасцю.

Выданне прыводзіць і словы Карласа Пучдэмона, які лічыцца законным прэзідэнтам Жэнералітэта Каталоніі і вымушаны быў з`ехаць у Бельгію. Каталонскі палітык і журналіст высока ацаніў факт, што прыхільнікі незалежнасці набралі больш за 50% галасоў: «Пасланне народа не мяняецца. Толькі прыхільнікі незалежнасці могуць скласці альтэрнатыву ўраду».

З надыходам новага году ў Швецыі спыніў сваю працу яшчэ адзін атамны рэактар. Нізкія тэмпературы прывялі да перападаў у электразабеспячэнні. У выніку Швецыя сярод іншага стала імпартаваць электрычнасць з Польшчы і Германіі, якая атрымліваецца ў выніку спальвання вугалю. У краіне назіраецца рост коштаў на электраэнергію.

Штодзённая шведская газета Expressen заклікае не адварочвацца ад атамнай энергетыкі і на прыкладзе Германіі разважае над сітуацыяй:

«Міжнароднае энергетычнае агенцтва нядаўна заявіла, што ліквідацыя існых атамных электрастанцый робіць немагчымым дасягненне кліматычных мэтаў. Немцы павінны прыслухацца да гэтай заявы і зноў запусціць свае рэактары, а яшчэ лепш – пабудаваць новыя. Як і немцы, мы прынялі паспешлівае рашэнне згарнуць сектар атамнай энергетыкі – у той час як пераход да іншых крыніц энергіі патрабуе каласальных энергетычных выдаткаў для прамысловасці», – адзначае швецкае выданне і папярэджвае, што калі зараз прыйшлося закупляць буры вугаль у Германіі, то ў будучыні, магчыма, прыйдзецца закупляць і расейскі газ.

Нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung назірае за тым, як тысячы людзей у Instagram выстаўляюць свае фотаздымкі ў вопратцы аднаго колеру, і задаецца пытаннем: ці прыдатная мода ў якасці сродку пратэсту?

Прынамсі ў Расеі ў знак падтрымкі Юліі Навальнай, а таксама ўсіх затрыманых і асуджаных за тое, што не баяліся выказваць свае погляды, людзі апранаюць чырвоную вопратку. Тое, што носяць людзі, часцяком паказвае і тое, што яны думаюць.

«Пратэсныя колеры на вулічных дэманстрацыях ужо больш за сто гадоў візуальна аб’ядноўваюць людзей у адну групу», – адзначае журналістка Джэніфер Вібкінг. «У ЗША жанчыны ў белым, суфражысткі, ужо напачатку XX стагоддзя змагаліся за свае правы. У 1970-я гады геі звярнулі на сябе ўвагу колерамі вясёлкі ў Сан-Францыска. Сукенкі чырвонага і белага колераў падчас «кедравай» рэвалюцыі ў Ліване (2005), зялёныя хусткі ў Іране (2009), сцягі аранжавага колеру на Украіне (2014) альбо Ганконг (2014), дзе тыя, хто змагаўся за дэмакратыю, насілі жоўтыя стужкі. У 2019 годзе ў модзе была чорная вопратка. А зараз надыйшла чарга чырвонай», – падкрэсліваецца ў артыкуле.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vid.gov.lv