Агляд прэсы: праз церніі да зорак



Хто дапаможа Беларусі? Гонка за Месяцам. Падзенне даляра мажліва? Скупы ў вакцынах губляе двойчы. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Выданне Сarnegieeurope прыводзіць даследаванне Джудзі Дэмпсі аб тым, як ЕЗ можа паўплываць на змены ў Беларусі. Як адзначаецца ў даследаванні, раней Польшча займала вядучае месца сярод краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў агітацыі за правы чалавекі і дэмакратыю. Але сёння яе ролю выцясняюць тры невялікія Балтыйскія дзяржавы: Эстонія, Латвія і Літва. Пры гэтым Кітай і Расея выступаюць інвестарамі для ЕЗ. Такім чынам, тыя ўрады ЕЗ, якія кідаюць выклік Пекіну ці Маскве, падвяргаюцца рызыцы фінансавых ці гандлёвых помстаў.

А таму, як паказвае прыклад Беларусі, перамены можа прыўнесці толькі сіла людзей унутры краіны. Так, як зрынуліся камуністычныя рэжымы ад краінаў Балтыі да Румыніі яшчэ ў 1989 годзе.

«Рана ці позна Лукашэнка пакіне свой прэзідэнцкі палац, Пуцін сыдзе з сусветнай сцэны, венгерская апазіцыя пераможа «Фідэс», дый і самі грамадствы не статычныя. Гэта не азначае, што ЕЗ павінен прыняць статус-кво, які ў Беларусі ўжо змяняецца ў сілу маштабу пратэстаў, шырокай мабілізацыі грамадзянскай супольнасці і пераадолення страху. Як паказваюць краіны Балтыі, актыўнае аказанне дапамогі дэмакратычным сілам за мяжой азначае падрыхтоўку, а не проста чаканне наступнага дня», –  піша выданне Сarnegieeurope.

***

Аўстрыйская газета Der Standard сочыць за касмічнай гонкай у артыкуле пад назвай: «Расея адмовілася ад удзелу ў праграме «Артэміда».

Расея падкрэслівае, што адкрытая для супрацоўніцтва ў космасе. Аднак ад удзелу ў запланаванай ЗША праграме «Артэміда» Роскосмас адмовіўся.

«Без Расеі кошт праграмы «Артэміда» будзе астранамічным. Але Расея ізноў пачала гонку, заявіўшы, што будзе на Месяцы ў 2028  годзе», – адзначае аўстрыйскае выданне.

Амерыканскае аэракасмічнае агенцтва НАСА, у сваю чаргу, збіраецца ў 2022 годзе пачаць стварэнне на калямесяцовай арбіце модульнай станцыі «Артэміда», якая стане своеасаблівым апорным пунктам. У 2024 годзе туды ўпершыню прыбудуць астранаўты. Адтуль могуць стартаваць экспедыцыі і на сам Месяц, і ў напрамку да Марса. Адным з партнёраў НАСА ў гэтым праекце будзе Еўрапейскае касмічнае агенцтва (ЕSA).

***

Амерыканскае выданне Bloomberg папярэджвае: абвал даляра толькі пачынаецца. Аўтар матэрыялу Стывен Роўч перакананы, што ЗША не хапае ашчаджэнняў, а гэта сігналізуе аб паслабленні даляра. Ён нагадвае пра свае прагнозы адносна падзення каціровак даляра на 35% да канца 2021 году і  непазбежнасці негатыўнага развіцця сітуацыі.

«Пандэмія каронавірусу разам з эканомікай, якая знаходзіцца на мяжы рэцэсіі з двума паслядоўнымі спадамі, не пакідаюць адміністрацыі іншага выбару, акрамя таго, як прапанаваць яшчэ адзін значны пакет эканамічнай дапамогі. Такое рашэнне будзе мець наступствы для любой эканомікі. Амерыцы не хапае зберажэнняў, а значыцца паслабленне даляра мажліва», – падсумоўвае выданне Bloomberg.

***

ЕЗ уступіў у адкрытую палеміку з вытворцамі вакцын, паколькі апошнія аказаліся не ў стане забяспечыць абяцаныя пастаўкі ў тэрмін. Аднак ужо атрымалі выдаткаваныя  Еўракамісіяй 336 мільёны еўра. Таксама вядзецца размова аб абмежаванні экспарту вакцын з краін ЕЗ. Брытанская газета The Spectator упэўнена: «у крызісе вакол паставак вакцыны вінаваты сам Еўразвяз».

Выданне акцэнтуе ўвагу на тым, што першапачаткова ЕЗ паставіў за мэту  аптымальную суадносіну кошту і якасці, а таксама падаўленне «несправядлівай канкурэнцыі» між краінамі. Аднак галоўная цяжкасць заключалася ў тым, каб спачатку вырашыць усе праблемы ў навуковым плане, а пасля ў самыя кароткія тэрміны наладзіць вытворчасць.

«Як гэта нярэдка здараецца, калі задача носіць шматпланавы характар: чым больш траціцца сродкаў, тым больш верагоднасць таго, што нават калі вынік будзе дасягнуты, то будзе не важна, калі нейкія грошы і былі выдаткаваныя марна,  – выносіць вердыкт The Spectator.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.