Агляд прэсы: Пробліск надзеі
Падраздзяленне паліцыі Эстоніі завяршае працу на латвійска-беларускай мяжы. Якія вынікі устрэчы Байдэна і Сі? Газа і пытанне ўстанаўлення міру на Блізкім Усходзе. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы не адпраўляе новую ратацыю ў Латвію, паколькі міграцыйны ціск на мяжы з Беларуссю знізіўся і латвійскім памежнікам больш не патрэбна дапамога эстонскага паліцэйскага падраздзялення», – паведамляе эстонская газета Postimee.
«За апошнія тыдні сітуацыя на латышска-беларускай мяжы стабілізавалася, колькасць нелегальных перасячэнняў мяжы зменшылася. Месяц таму ў Латвіі кожны дзень не пускалі ў краіны Еўразвяза больш за сто чалавек. Цяпер гэтая лічба скарацілася ўдвая, у сярэднім у дзень рэгіструецца каля 50 спроб міграцыі без дакументаў. Аднак Эстонія працягвае рэгулярна мець зносіны з партнёрамі і ўважліва сачыць за тым, што адбываецца на межах суседніх краін. Пры неабходнасці Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы гатовы накіраваць паліцэйскае падраздзяленне для дапамогі саюзнікам у будучыні. Сітуацыя на межах Эстоніі цяпер спакойная. Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы дапамагаў латвійскай памежнай ахове з 20 верасня па 15 лістапада з паліцэйскімі падраздзяленнямі ESTPOL8. За восем тыдняў падраздзяленні паліцыі дапамаглі прадухіліць больш чым 900 перасячэнняў мяжы без дакументаў. Раней Эстонія падтрымлівала Літву ў 2021 годзе камандамі ESTPOL5, каб справіцца з міграцыйным ціскам з Беларусі, а летам 2023 года — падраздзяленнем паліцыі ESTPOL7 падчас саміту NATO у Вільні», – перадае эстонскае выданне.
Сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і лідэра Кітая Сі Цзіньпіна ў Каліфорніі завяршылася, і ўжо можна казаць аб асцярожным збліжэнні. Сі Цзіньпін паабяцаў абмежаваць экспарт у ЗША кампанентаў для вытворчасці фентанілу. Таксама бакі ўзгаднілі аднаўленне камунікацыі паміж узброенымі сіламі абедзвюх краін. Напружанасць вакол тайваньскага пытання пакуль захоўваецца. Рымская газета La Repubblica вітае той факт, што саміт у Сан-Францыска ўсё ж такі стаў пачаткам дыялогу.
«Дзень саміту пачаўся ўчора з падбадзёрвальнай навіны – кліматычнай дамоўленасці абедзвюх краін пра тое, каб да 2030 года павялічыць утрая вытворчасць электраэнергіі з аднаўляльных крыніц. Гэта, вядома, не рэвалюцыя і не прарыў, які спыніў бы і без таго катастрафічныя наступствы глабальнага пацяплення, але сама меней – знак таго, што канфлікт, магчыма, усё ж такі не з’яўляецца непазбежным, калі абодва бакі-супернікі засяродзяцца на рэалізацыі ўзаемнай зацікаўленасці ў захаванні стабільнасці. Уключаючы сітуацыю ва Украіне, на Блізкім Усходзе, а таксама вакол Тайваня», – прапануе італьянскае выданне.
У памкненні разграміць радыкальную ісламісцкую групоўку ХАМАС Ізраіль праводзіць далейшыя аперацыі ў Газе, ліквідуючы меркаваныя апорныя пункты баевікоў. Згодна з заявай ізраільскай арміі, пры ўзяцці будынка бальніцы Аль-Шыфа там быў знойдзены камандны штаб ХАМАС, зброя і ваенная электроніка. На міжнародным узроўні ў адрас Ізраіля ўсё часцей раздаюцца заклікі мець за прыярытэт абарону мірнага насельніцтва сектара Газа. «Суцяшацца меркаваннем пра перасяленне жыхароў Газы – значыць гуляцца з агнём», – піша заграбская газета Jutarnji list.
«Дані Данон і Рам Бэн-Барак, два дэпутаты Кнэсета, апублікавалі ў Wall Street Journal артыкул пад загалоўкам «Захад павінен прыняць бежанцаў з Газы». Гэтую прапанову яны апраўдваюць тым, што, маўляў, маюць на ўвазе толькі тых бежанцаў, якія захочуць пакінуць Газу. Але тут яны ступаюць на тонкі лёд – катастрафічныя наступствы падобнага падыходу мы ўжо назіралі ў Харватыі, Босніі і Герцагавіне і Косава – так званае «гуманнае перасяленне». Пазіцыя аўтараў артыкула выклікае асцярогі не толькі з-за спрашчэння і неразумення сітуацыі, якая склалася ў былой Югаславіі , але і таму, што такім чынам Ізраіль апынецца ў адным шэрагу з усімі агрэсарамі, якія выгналі мясцовае насельніцтва з той ці іншай тэрыторыі», – адзначае харвацкае выданне.
У сераду Вярхоўны суд Вялікабрытаніі прызнаў незаконнымі планы Лондана па дэпартацыі бежанцаў у Руанду без разгляду заяў на даванне прытулку. Суд палічыў, што існуе рызыка таго, што просьбіты прытулку будуць незаконна дэпартавацца ў краіны паходжання, без справядлівага разгляду іх хадайніцтваў. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак цяпер мае намер дабіцца таго, каб Руанда была класіфікавана як бяспечная трэцяя краіна за кошт прыняцця так званага надзвычайнага закона, каб прадоўжыць рэалізацыю намечанага плана. «Суддзі паставілі заслон папулісцкай палітыцы ўрада кансерватараў», – з задавальненнем адзначае брытанская газета The Guardian.
«Такая «руандыйская палітыка» была элементам палітыкі інсцэніроўкі і ўяўным адказам на сапраўдную праблему, бо мігранты працягваюць прыбываць па моры ў сваіх лодачках, а чыноўнікі не паспяваюць разглядаць нават пададзеныя хадайніцтвы аб прадстаўленні прытулку – іх назапасіліся горы. Суддзі Вярхоўнага суда, гэты прамень розуму ў змроку палітычнай утрапёнасці, усё выказалі ясна. Яны ўсталі на бок права і закона – як і павінны былі. Вось калі б тое самае зрабілі міністры», – гіранічна заўважае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя