Агляд прэсы: пруты клеткі



Еўропа не паспявае лічыць мігрантаў з Беларусі штодзень. Ці стане «Паўночны паток-2» ваеннай зброяй у Балтыйскім моры? СМІ аналізуе праблемы клімату. Вялікабрытанія здымае ўсе кавід-абмежаванні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка ўвасабляе ў жыццё сваю пагрозу і адпраўляе мігрантаў праз мяжу ў ЕЗ. У сувязі з гэтым у Літве абвешчана надзвычайнае становішча», – піша нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Выданне паведамляе, што памежная служба Літвы штодня затрымлівае больш за сотню мігрантаў, якія незаконна пракраліся ў краіну праз парослы лесам прымежны раён з Беларуссю. Большасць з іх трапілі ў краіну ў раёне Друскінінкая, недалёка ад сутыку межаў з Беларуссю і Польшчай.

«Усяго з пачатку года на мяжы з Беларуссю было затрымана больш за 1200 мігрантаў. Урад Літвы разглядае гэта як інструмент «гібрыднай вайны» рэжыму Лукашэнкі супраць ЕЗ і таксама хоча мабілізаваць салдат і нават членаў стралковай асацыяцыі, каб трымаць сітуацыю пад кантролем», – адзначае выданне і аналізуе, як на месцах літоўскія чыноўнікі спрабуюць вырашыць праблему прыбыўшых мігрантаў з Беларусі.

«У якасці варыянту размяшчэння разглядаюцца будынкі школ, але не гатэлі. Сёння ў Літве сотні мігрантаў, яны могуць стаць дзясяткамі тысяч, калі не вырашыць праблему на корані», – перадае FAZ.

«Сярод ваенна-марскіх экспертаў і ў НАТА вельмі сур’ёзна ставяцца да пытання аб тым, ці будзе Расея выкарыстоўваць «Паўночны паток-2» у ваенных мэтах. Толькі ўрад Германіі закрывае на гэта вочы», – піша швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung.

Выданне падкрэслівае, што нягледзячы на міжнародную крытыку «Паўночнага патоку-2», урад Нямеччыны працягвае падтрымліваць праект газаправоду як выключна камерцыйны.

«Аднак дадзены ключавы аргумент пра тое, што «Паўночны паток-2» з’яўляецца выключна камерцыйным праектам, ставіцца пад сумнеў аналітыкамі, якія ўжо ведаюць вопыт рэалізацыі расейскіх трубаправодных праектаў у Чорным моры, якія даюць падставы меркаваць, што Расея выкарыстоўвае «Паўночны паток-2» для ўстаноўкі падводнага абсталявання для перахопу ў ваенных мэтах. Гэтыя і іншыя сродкі павінны забяспечыць магчымасць адсочваць усе ваенныя судна НАТА ў Балтыйскім моры і, у прыватнасці, выяўляць падводныя лодкі. Гэта можа падарваць перавагу НАТА ў марской сферы, і асабліва пацерпяць ціхаходныя нямецкія падводныя лодкі», – перадае швейцарскае выданне.

На ціхаакіянскім узбярэжжы Канады, якое дагэтуль не адрознівалася высокімі тэмпературамі паветра, на мінулым тыдні спякота дабралася да адзнакі ў 49,6 градусаў. Прагнозы на гэты тыдзень таксама несуцяшальныя: у раёне 40 градусаў. Ад наступстваў анамальна высокіх тэмператур ужо памерлі некалькі сотняў чалавек. Бушуюць больш за 100 лясных пажараў, у тым ліку і ў паўночна-заходніх рэгіёнах ЗША.

«Нельга даць веры тым, хто ставіць пад пытанне антрапагенныя прычыны змены клімату, і заклікае не прымаць аніякіх мер», – піша італьянская газета La Stampa.

«СМІ часта падкрэсліваюць, што ў навукоўцаў няма адзінага меркавання па пытанні аб прычынах зменаў клімату, не кажучы ўжо пра тое, што далёка не ўсе з іх прытрымліваюцца таго меркавання, што абумоўлены гэтыя змены менавіта антрапагенным фактарам. Аднак, хвіліначку! Сцвярджэнне, што навукоўцы разыходзяцца ў меркаваннях, не адпавядае рэчаіснасці! Паводле падлікаў з 1991 па 2012 год у навуковых часопісах было апублікавана амаль 14 тысяч  артыкулаў на тэму змены клімату. З іх толькі 24 адмаўляюць той факт, што змены клімату рэальныя, анамальныя і абумоўленыя дзеяннямі чалавека», – падсумоўвае італьянскае выданне.

Улады Вялікабрытаніі плануюць з 19 ліпеня адмяніць усе супрацьэпідэмічныя абмежаванні. Нягледзячы на тое, што статыстыка заражэнняў у апошнія тыдні ішла ўверх, а колькасць выяўленых за сем дзён выпадкаў захворвання склала 259 на 100 тысяч жыхароў, колькасць пацыентаў, якія маюць патрэбу ў шпіталізацыі, застаецца параўнальна нізкім, роўна як і колькасць смяротных зыходаў.

«Борыс Джонсан ставіць на кон усе поспехі, якіх удалося дасягнуць», – з абурэннем піша ірландская газета The Irish Times.

«Яшчэ занадта шмат людзей у Англіі застаюцца неабароненымі. Ні адна вакцына не гарантуе поўнай абароны, а гэта азначае, што велізарная колькасць уразлівых для інфекцыі людзей можа захварэць і памерці, калі вірус працягне распаўсюджвацца такімі ж тэмпамі, што і цяпер. Навуковы кансультант ураду папярэджвае пра тое, што цяперашні план уладаў можна параўнаць з будаўніцтвам «фабрыкі па вытворчасці мутацый». Палітыка брытанскага ўрада цяпер фактычна заключаецца ў тым, каб дазволіць Covid-19 вольна курсаваць сярод насельніцтва. Гэта недаравальная пазіцыя, і яна дорага абыдзецца Вялікабрытаніі і яе суседзям», – рэзюмуе ірландскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка