Агляд прэсы: прыляцелі…



У Менску пасадзілі замежны грамадзянскі самалёт з апазіцыйным журналістам. Беларусь увайшла ў сусветную пяцёрку краін, якія не далі рады Covid-19. Як зрабіць так, каб Масква не падслухоўвала? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Міжнародныя выданні, у тым ліку ўкраінскае Страна.ua, падаюць галоўнай навіной «не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце», гучнае затрыманне 26-гадовага Рамана Пратасевіча – былога галоўнага рэдактара апазіцыйнага телеграм-канала Nexta і па сутнасці аднаго з асноўных каардынатараў акцый пратэсту супраць Лукашэнкі. «Відавочна, што гаворка ідзе пра спецаперацыю беларускіх уладаў па пасадцы самалёта дзеля затрымання Пратасевіча. Краіны ЕЗ ужо выпусцілі абураныя заявы і пагражаюць Лукашэнку новымі санкцыямі. Шмат абурэння і на Украіне. Бо ў нас свае маюцца падобныя гісторыі з пасадкай самалёта, якія ажыццяўлілся і планаваліся», – падкрэслівае ўкраінскае выданне.

***

«На запланаваным саміце кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Еўразвязу сустрэнуцца без мабільных тэлефонаў і планшэтаў. Расчараванне з нагоды Масквы вялікае, як і разгубленасць», – піша нямецкая газета Süddeutsche Zeitung. «Забарона прылад таксама прызначана для таго, каб абмеркаванні не падслухоўвалі тэхнічна падкаваныя агенты Масквы. Вядома, што напрыканцы сакавіка старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль па тэлефоне патлумачыў Пуціну пункт гледжання ЕЗ: адносіны знаходзяцца на ніжэйшай рысе і існуе шмат рознагалоссяў. Той факт, што Масква спрабуе раз’яднаць членаў ЕЗ пры дапамозе кампаній дэзінфармацыі і раскалоць грамадства ў розных аспектах, ужо шмат гадоў успрымаецца з турботай. Дзеянні Расеі становяцца ўсё больш агрэсіўнымі. У цяперашні час шмат маніпуляцый можна назіраць асабліва ў сувязі з вакцынамі ад каронавірусу, паколькі тут камерцыйныя інтарэсы перасякаюцца з геапалітыкай», – гаворыцца ў нямецкім выданні.

***

«У Газе і Тэль-Авіве зноў пацярпелі мірныя жыхары. Але гаворка ідзе не толькі пра Ізраіль і ХАМАС. Увесь рэгіён ахоплены хваляваннямі. Той, хто, як урад Германіі, заклікае да міру, павінен аказаць ціск на ўсе далучаныя бакі, у тым ліку і на Іран», – піша швейцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung. «ХАМАС пачаў вайну не з жадання забіваць, Ізраіль адкрыў агонь у адказ не з жадання адпомсціць. Гэта не выпадак старазапаветнага «вока за вока, зуб за зуб». Гэта хутчэй крывавая шахматная гульня. Абодва бакі пераследавалі свае ваенныя мэты і ваявалі да таго часу, пакуль яны не былі дасягнутыя. Пасля, як заўсёды таемна, Егіпет выступіць пасярэднікам у заключэнні перамір’я. Тыя, хто гучней за ўсіх патрабаваў мірнага ўрэгулявання, мелі да яго самыя малыя адносіны. Тым не менш у гэтай вайне гаворка таксама ішла пра Вашынгтон, Берлін, Лондан і Парыж», – адзначае швейцарскае выданне. Neue Zürcher Zeitung падкрэслівае, што еўрапейцы здзіўляюцца з нагоды ракетных удараў па Тэль-Авіве і граду бомбаў у сектары Газа. На кантыненце канфлікты на працягу амаль васьмідзесяці гадоў вырашаюцца мірным шляхам; такія выключэння, як балканскія войны і расейска-украінскі канфлікт, пацвярджаюць правілы. «На Блізкім Усходзе ў сваю чаргу дзейнічаюць законы джунгляў», – гаворыцца ў артыкуле.

***

Аўстралійскае выданне The Conversation пералічвае краіны, які мелі фатальныя памылкі ў барацьбе з COVID-19. У пералік увайшлі Індыя, Бразілія, ЗША, Мексіка і Беларусь. «Многія краіны свету адрэагавалі на COVID-19 трагічна неадэкватнай палітыкай. Лукашэнка, даўні аўтарытарны лідар Беларусі, ніколі не прызнаваў пагрозы каронавірусу. Напачатку пандэміі, калі іншыя краіны ўводзілі локдаўны, Лукашэнка вырашыў не ўжываць ніякіх абмежавальных мер для прадухілення распаўсюджванне covid-19. Замест гэтага ён сцвярджаў, што вірус можна прадухіліць, выпіўшы гарэлкі, наведаўшы саўну і працуючы ў полі. Гэтае адмаўленне ўсклала адказнасць за прафілактычныя меры і дапамогу пры пандэміі з дзяржаўнага бюджэту на асобных дзеячаў і краўдфандынгавыя платформы, – канкрэтызуе аўстралійскае выданне. The Conversation акцэнтуе ўвагу на тым, што Беларусь толькі пачала вакцынацыю, але Лукашэнка кажа, што не будзе рабіць прышчэпку. У цяперашні час менш за З% беларусаў зрабілі прышчэпкі супраць COVID-19.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.