Агляд прэсы: прынцып пазіцыі
Санкцыі ЕЗ выштурхнуць беларускія нафтапрадукты з еўрапейскага рынку. Мэркель настойвае на правядзенні саміту ЕЗ-Расея. Канада сутыкаецца з ценямі свайго мінулага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Амерыканскае выданне Hellenic shipping news адзначае, што Еўрапейскі звяз забараніў кампаніям весці бізнес з беларускімі нафтапрадуктамі ў рамках шырокіх эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. «Такім чынам адбылося пазбаўленне рынку аднаго з асноўных пастаўшчыкоў паліва ва Усходняй Еўропе. Зараз суб’ектам гаспадарання ЕЗ забаронена ўвозіць, набываць і перавозіць усе нафтапрадукты, якія паходзяць, знаходзяцца альбо экспартуюцца з Беларусі, ад аўтамабільнага паліва да спецыялізаваных прадуктаў, такіх як нафтавы кокс, а таксама нафтавы газ (LPG). Аднак з забароны выключаецца сырая нафта», – адзначае амерыканскае выданне. У матэрыяле распавядаецца, што ў Беларусі ёсць два нафтаперапрацоўчыя заводы: Мазырскі і «Нафтан», кожны з якіх выпрацоўвае каля 180 000 – 200 000 барэляў у дзень. Частка прадуктаў захоўваецца для ўнутранага выкарыстання, але больш за палову экспартуецца ў суседнія Украіну, Польшчу, Венгрыю і іншыя еўрапейскія краіны. «Санкцыі ЕЗ не закранаюць кантракты на нафтапрадукты, заключаныя да 25 чэрвеня, але займелі відавочны эфект. Пасля ўводу санкцый расейскія кампаніі прыпынілі пастаўкі сырой нафты на завод «Нафтан», – рэзюмуе амерыканскае выданне.
***
“Ангела Мэркель дарэмна выступала ў Брусэлі за правядзенне прамой сустрэчы ЕЗ з Пуціным. Але канцлер захоўвае аптымізм і атрымлівае дапамогу ад Францыі”, – піша нямецкае выданне Handelsblatt. “Гэтая ініцыятыва не атрымала ўхвалення на саміце ЕЗ на мінулым тыдні толькі з-за боязі, што кіраўнікі ўрадаў 27 краін ЕЗ могуць дзейнічаць няўзгоднена. Але гэты неспакой залішні, лічыць Меркель. Паводле яе слоў, першы крок ужо зроблены, паколькі ЕЗ цяпер вывучае фарматы прамога дыялогу і вызначае тэмы. Мэркель дала выразна зразумець Пуціну, у чым заключаюцца праблемы ў адносінах з Расеяй. Акрамя таго, па яе словах, можна было б абмеркаваць агмені міжнародных крызісаў”, – аналізуе сітуацыю нямецкае выданне. Handelsblatt таксама цытуе Мэеркель на саміце ЕЗ, якая падкрэсліла крытыкам, што гаворка не ідзе пра ўзнагароду для Пуціна. Датычна расейскіх кібератак, Украіны і Беларусі Мэркель сказала: “Я думаю, што лепш наўпрост указаць расейскаму прэзідэнту на гэтыя рэчы”. І ў гэтым Парыж падтрымлівае ініцыятыву Мэркель”, – перадае нямецкая газета.
***
Французская газета Le Figaro аналізуе, як выяўленне сотняў магіл каля былых школ-інтэрнатаў для дзяцей карэнных народаў у Брытанскай Калумбіі выклікае ўспаміны аб iнтэрнiраваннi, якое напаткала з канца 19 стагоддзя тысячы індзейцаў, разлучаных са сваімі сем’ямі. «Гэта хваравіты напамін пра змрочную брыдкасць гісторыі Канады. І пра яго нагадалі частыя пажары ў каталіцкіх цэрквах заходняй Канады ў гэтым годзе. Рэгіянальны прадстаўнік Каралеўскай паліцыі Канады сяржант Джэйсан Байда адмовіўся «разбірацца ў прычынах» гэтых інцыдэнтаў, але цяжка не ўбачыць сувязі з нядаўнім выяўленнем пахаванняў карэнных амерыканцаў каля каталіцкіх школ», – прыходзіць да высновы французская газета. Выданне піша, што Канаду абвінавачваюць у тым, што яна практыкавала сапраўдны культурны генацыд з сярэдзіны 19 стагоддзя, і ажно па 1996 год, калі была зачынена апошняя школа-інтэрнат для індзейцаў. «Федэральны ўрад змясціў больш 150 000 дзяцей інуітаў, індзейцаў і метысаў у школы-інтэрнаты пасля таго, каб ізаляваў іх ад бацькоў. Там іх вучылі быць «добрапрыстойнымі» белымі, збівалі і часта гвалтавалі. А часам і забівалі. Пасля свайго абрання ў 2015 годзе кіраўнік урада «папрасіў прабачэння» ў 1,7 мільёна карэнных жыхароў больш са 600 народнасцяў, выціраў слёзы на публіцы і абяцаў дапамагчы «першым народам». Але Атаву яшчэ чакае рэакцыя на выяўленыя новыя масавыя пахаванні, і ўзмацненне болю ў грамадскай памяці», – піша Le Figaro.
***
Брытанскі ўрад прыняў рашэнне аб тым, што на паўфінал і фінал Чэмпіянату Еўропы па футболе на стадыёне Уэмблі будзе дапушчана 60 000 гледачоў, што адпавядае загрузцы стадыёна на дзве траціны. Аглядальнікі расцэньваюць гэта рашэнне як саступку УЕФА, на фоне набіраючых абароты чутак пра перанос гульняў у Будапешт. У Фінляндыі назіраецца рост колькасці выпадкаў заражэння каронавірусам сярод футбольных «турыстаў», якія наведалі матч у Санкт-Пецярбурзе. «У эпоху пандэміі на футбольных «турыстах» ляжыць асаблівая адказнасць», – нагадвае фінская газета Ilta-Sanomat. «Футбольныя фанаты, што вярнуліся і якія вяртаюцца з Расеі, павінны разумець, што ад іх паводзін шмат у чым залежыць, ці зможа Фінляндыя прадухіліць распаўсюджванне дэльта-варыянту каронавірусу. Калі вы яшчэ не прайшлі тэст, зрабіце гэта неадкладна! Пецярбургскі кашмар павінен стаць для нас урокам, і зрабіць высновы яшчэ не позна. А калі мы належных вывадаў не зробім, то перад намі выразна паўстае перспектыва правесці рэшткі лета і будучую восень у кайданах новых абмежаванняў», – папярэджвае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.